Белагропромбанку — 35! Без малого 20 лет в ЦБУ №237 в г.п.Ушачи работает Светлана Казакевич

Общество

У Кнізе заўваг і прапаноў цэнтра банкаўскіх паслуг №237 кліенты сёлета пакінулі амаль два дзясяткі запісаў. І ў іх выключна добрыя словы ў адрас работнікаў, якія бездакорна выконваюць свае абавязкі.

Каля 7 тысяч кліентаў абслугоўвае аддзел рознічных продажаў і менавіта па яго дзейнасці ў большасці з нас складаецца ўражанне пра “Белаграпрамбанк”. А кіруе ім Святлана Казакевіч – спецыяліст з больш чым 20-гадовым стажам работы ў банкаўскай сферы. “У аддзеле нас пяцёра, кожны знаходзіцца на сваім месцы, выконвае пэўную функцыю, і ў той жа час мы аб’яднаны агульнай мэтай: зрабіць так, каб усе кліенты былі задаволенымі, – кажа Святлана Рыгораўна. – З падначаленымі мне пашанцавала: усе правільна разумеюць задачы і прыкладаюць максімум намаганняў для іх выканання!”

С.Казакевіч не толькі курыруе работу прыгаданага аддзела, а пры неабходнасці замяняе начальніка цэнтра. А пачынаўся яе прафесійны шлях з паступлення ў Полацкі гандлёва-эканамічны каледж. Пасля яго заканчэння маладая ўшачанка працавала ў адным з гандлёвых аб’ектаў Полацка і завочна вучылася ў ВНУ. Калі з’явілася вакансія на малой радзіме, Святлана ўладкавалася ва ўшацкае аддзяленне «Беларусбанка». “Лёгка разабралася ва ўсіх банкаўскіх нюансах, бо побач былі вопытныя калегі. А праз два гады тагачасны кіраўнік «Белаграпрамбанка» і выдатны чалавек Галіна Анатольеўна Цісковіч запрасіла ў свой калектыў з перспектывай кар’ернага росту, і вось ужо праляцела 19 гадоў у банку, які сапраўды стаў для мяне родным, – расказвае Святлана Рыгораўна – У чым сакрэт? Мне вельмі падабаецца справа, якой займаюся! Ганаруся тым, што працую ў адным з вядучых банкаў краіны пад кіраўніцтвам дасведчанага, мудрага чалавека Дзіны Міхайлаўны Садоўскай. І гэта не проста “прыгожыя словы” ў адрас кіраўніка, яны ад шчырага сэрца. Мне пашанцавала папрацаваць з вопытнымі і добразычлівымі Вольгай Пятроўнай Захарэнка, Валянцінай Віктараўнай Пячурай, Ларысай Леанідаўнай Полазавай, Нінай Еўдакімаўнай Корабавай і многімі іншымі – кожнага нашага ветэрана працы мы памятаем і шануем!”.

Гэта толькі на першы погляд можа падацца, што працоўныя будні банкаўскага работніка досыць манатонныя. На самой справе яны напоўнены разнастайнымі працэсамі, якія патрабуюць пастаяннага абнаўлення ведаў – у гэтай справе нельга застываць на падмурку базавых навыкаў, трэба пастаянна дапаўняць іх, бо толькі на працягу года асноўныя рэгламенты і інструкцыі мяняюцца па 3-4 разы.

“Як вядома, “Белаграпрамбанк” – адзін з галоўных праваднікоў дзяржаўнай палітыкі, менавіта тут аказваюць крэдытную дапамогу прадпрыемствам АПК, падтрымліваюць фермерства, аграэкатурызм і іншыя важныя напрамкі. У ЦБП дапамагаюць разгарнуць справу прадстаўнікам сялянска-фермерскай гаспадаркі, атрымаць крэдыт на развіццё аграэкасядзіб. Ды і проста вельмі ўважліва ставяцца да кожнага, хто завітае адкрыць уклад, аформіць картку ці проста зрабіць пэўны плацёж”, – з выдатным веданнем справы зазначае Святлана Казакевіч, якая за гэтыя гады папрацавала па ўсіх накірунках дзейнасці, а таксама ўзначальвала прафсаюзную “пярвічку”. Ёй ганарацца родныя і калегі, а па выніках работы за мінулы год яе прозвішча ў ліку лепшых працаўнікоў Ушаччыны занесена на раённую Дошку гонару.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *