Навучальны год распачынаецца і ў дзіцячай школе мастацтваў. Сёлета юным ушачанам тут прапануюць развіваць свае таленты па чатырох напрамках: харэаграфічным, выяўленчым, лічбавым (камп’ютарная графіка і малюнак) і, канечне, музычным. Што да апошняга, дык на ім дзяцей будуць вучыць харавым і эстрадным спевам, а таксама ігры на васьмі інструментах: фартэпіяна, домры, балалайцы, гітары, цымбалах, баяне, акардэоне і флейце.

Як бачыце, у гэтым годзе ў традыцыйным пераліку з’явілася новая прапанова. Зрэшты, дакладней будзе сказаць, што флейта зноў вярнулася ў нашу школу мастацтваў, бо ў свой час ушацкія дзеці паспяхова асвойвалі гэты інструмент пад кіраўніцтвам Ірыны Уладзіміраўны Зінкевіч. Адметна, што прыгаданая выкладчыца паспрыяла і яго сёлетняму вяртанню: у Наваполацкім музычным каледжы, дзе цяпер працуе, яе вучаніцай была Анастасія Тазіяшвілі – а зараз дзяўчына ў якасці маладога спецыяліста размеркавалася ва Ушацкую ДШМ.
Перад стартам навучальнага года мы пагутарылі з Насцяй і найперш папрасілі расказаць, якія перавагі мае яе любімы інструмент перад іншымі.

“Не буду распавядаць пра прыгожае гучанне – гэта і так відавочна! Спынюся лепш на спрыяльным уплыве, які флейта можа аказваць на дзіцячы арганізм. Каб яна загучала, трэба з пэўным намаганнем удзімаць у яе струмень паветра, а гэта добра трэніруе лёгкія, паляпшае іх дзейнасць. Невыпадкова ўрачы раяць ігру на флейце тым, хто хварэе на бранхіты і астму! А яшчэ наш інструмент вельмі карысны для дзетак, якія маюць моўныя дэфекты. Справа ў тым, што адной з прычын іх наяўнасці лічацца слабыя мышцы артыкуляцыйных органаў, а калі юны музыкант вучыцца правільна накіроўваць гук, ён іх умацоўвае. Магчыма, вы бачылі ігру флейтыстаў і заўважылі, як роўна мы трымаем спіну – гэта невыпадкова, бо такая постаць спрыяе больш дакладнаму гучанню. Спадзяюся, прыведзеныя аргументы натхняць бацькоў на тое, каб прывесці сыноў і дачок у мой клас!” – падзялілася інфармацыяй малады педагог.
Да слова, на размеркаванні ў Анастасіі было некалькі варыянтаў, аднак ураджэнка Глыбоччыны абрала Ушачы – не толькі таму, што гэта недалёка ад малой радзімы: даспадобы прыйшліся прыгожы райцэнтр, новая школа, моцны педагагічны калектыў.
Задаволена тым, што менавіта ў нас распачне сваю працоўную кар’еру, і яшчэ адна выпускніца Наваполацкага каледжа Дар’я Ізмайловіч. Дзяўчына цудоўна грае на фартэпіяна і будзе праяўляць сябе ў якасці канцэртмайстра.
Запісаць дзяцей 6-11 год у школу мастацтваў можна да 10 верасня, а ўдакладніць інфармацыю – па нумары 5-77-49.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
