Интересное мероприятие для людей с инвалидностью, волонтёров организовали в ТЦСОН Ушачского района

Общество

Сваім прыкладам яны пераконваюць, што сіла – гэта не толькі пра фізічны складнік, але і пра дух. Людзі з інваліднасцю і валанцёры, нашы землякі і жыхары Шуміліна, Чашнікаў, Полацка, Глыбокага прынялі ўдзел у свяце “Калі мы адзіныя – мы непераможныя”, які ўпершыню ладзіўся на базе ТЦСАН Ушацкага раёна.

На станцыі “Знаўцы” – каманда з Ушач.

Убачыўшы ля будынка цэнтра шэраг тэматычных станцый з адпаведным афармленнем і атрыбутыкай, усе зразумелі: выключна спартыўнымі баталіямі, як на штогадовай спартландыі, што праходзіць да Дня інвалідаў на базе “Юнацтва-Ушачы”, справа не абыдзецца. Аднак для ўдзельнікаў, якія ў большасці сваёй маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, – гэта толькі плюс.

– Ціхае паляванне мы любім, а таму на лакацыі “Экалагічная”, на якой трэба было адказаць на пытанні лясгасаўцаў пра грыбы, адчувалі сябе дастаткова ўпэўнена, – прызнаваліся госці з Глыбокага. – Вось толькі ўсё роўна абысці ўшачан не здолелі – відаць, па лясныя дарункі яны ходзяць часцей.

Выпрабаванні ад выратавальнікаў праходзяць палачане.

– Гаспадары сустрэчы сёння, сапраўды, уразілі, – не хавала эмоцый лектар-экскурсавод музея народнай славы Вера Спірчонак, якая прэзентавала экспанаты “Беларускай хаткі”. – Яны і лапці з лыка, і картуз як сімвал заможнасці без праблем распазналі, і нават арыгінальную назву калатушкі, якой нашы продкі трапалі лён, угадалі (трапло).

Як падзялілася з намі Тамара Кляпец, вельмі прыемна было ўспомніць мінулае. За ткацкім станком часта сядзела яе матуля, і як правільна трымаць у руках прадстаўлены чаўнок, яна ведае змалку.

На пляцоўцы выратавальнікаў умела прадэманстраваў устаноўку аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка Ігар Цвяцінскі. Актыўна адпрацоўваў правілы бяспечных паводзін, прымяраў форму выратавальніка-пажарнага Дзмітрый Голік. Як арэшкі “лузгалі” пытанні ад спецыялістаў цэнтральнай раённай бібліятэкі, хутка складвалі пазлы з ушацкімі славутасцямі Валянціна Дубровіна і Алена Юрчанка. Ну а на пляцоўцы “Спартыўная” ад СДЮШАР клас дэманстравалі практычна ўсе – і з трапнасцю, і з хуткасцю праблем не ўзнікала.

Дарэчы, і пасля спаборніцтваў было чым падзівіцца – усіх чакала канцэртная праграма ад работнікаў цэнтра культуры, смачная салдацкая каша, а таксама пазнавальная экскурсія ў музей народнай славы імя У.Е.Лабанка. Дыплом пераможцы накіраваўся ў гэты дзень у Шуміліна, уладальнікамі ж “срэбра” і “бронзы” сталі каманды з Ушач і Глыбокага адпаведна. Усе ўдзельнікі атрымалі салодкія прызы, а тройка лідараў – яшчэ і памятныя падарункі. Спонсарскую дапамогу на гэтыя мэты аказалі раённая арганізацыя і аддзяленне партыі “Белая Русь”.

Арганізатары мерапрыемства ўдзячны ўсім, хто дапамог у рэалізацыі задуманага. Не выключана, што свята для наведвальнікаў аддзяленняў сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў стане традыцыйным і збярэ на гасціннай ушацкай зямлі яшчэ больш удзельнікаў.

Як падкрэсліў, вітаючы гасцей, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў, месца правядзення культурна-спартыўнага свята было выбрана невыпадкова. Сёлета наш тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва выйграў абласны праект грамадзянскіх ініцыятыў па будаўніцтве тэрапеўтычнага парка – і ўжо зараз на тэрыторыі ўстановы ёсць што ацаніць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *