“Абавязкова завітайце да Галіны Мікалаеўны Сядун!”, – раіла кіраўнік спраў Ушацкага сельвыканкама Н.А.Падгол. “Дзіву даемся, як на месцы, дзе прасцей было ўсё знесці, з’явілася акуратная, дагледжаная сядзіба. Гэта ж колькі часу і сіл трэба было прыкласці!”, – інтрыгавалі матырынцы. А таму мы проста не маглі ўпусціць магчымасць пазнаёміцца з нашай зямлячкай, якая шчыра любіць сваю малую радзіму і працу на зямлі.
– Увагай да мяне нават здзівілі. Здаецца, нічога звышнатуральнага няма – усё як ва ўсіх, – сціпла кажа Г.М.Сядун (у дзявоцтве – Холад), запрашаючы нас на невялікую экскурсію па падворку. – У гэтым доме, які пабудаваў тата, прайшло ўсё маё дзяцінства. Памятаю, як вучылася спачатку ў Матырынскай, а потым ва Ушацкай школе. На аўтобус у адваротны шлях не паспявалі – і часта з аднакласнікам Васілём Шнітко хадзілі з заняткаў пешшу. Фізічнай працы я не баялася: перад вачыма быў прыклад бацькоў. Маці была прыбіральшчыцай у школе, тата – перадавіком-механізатарам у мясцовым калгасе, ды і дома клопатаў хапала – вялізны агарод садзілі, трымалі падсобную гаспадарку (былі не толькі куры, парсючкі, але і конь, дзве каровы). Мы ж з сястрой ва ўсім дапамагалі.
Пасля заканчэння вучылішча Галіна Мікалаеўна стала лабарантам хімічнага аналізу на “Нафтане”, пазнаёмілася там з будучым мужам Анатолем Рыгоравічам, набылі кватэру, выхавалі сына і дачушку, ну а зараз дапамагаюць з унукамі, якіх ужо пяцёра.
– Пра роднае Матырына ніколі не забывалася, – прызнаецца жанчына. – Пры любой магчымасці спяшалася да бацькоў, а калі іх не стала, палічыла правільным тут канчаткова ўкараніцца і пасля выхаду на заслужаны адпачынак, калі з’явілася больш вольнага часу, пачала грандыёзнае абнаўленне.
Па-сутнасці ад наяўнага ў той час дома заставаўся толькі каркас – астатняе згніло, развалілася, як і многія гаспадарчыя пабудовы. Аднак гаспадыня, яе муж і іх ужо дарослыя дзеці з усім справіліся – і дах новы накрылі, і абшыўку дома замянілі, і ўнутры ўсё да толку давялі. Замест старой драўлянай агароджы яны паставілі прыгожую металапрофільную – падобную на суседскую, каб усё гарманічна выглядала. На месцы старога хлява навес пад машыну прадугледзелі. А з камянёў зрабілі каркас для вулічнай мойкі, акантоўку для кветнікаў.
Свята захоўвае Г.Сядун усё, што засталося ёй ад блізкіх: кошалі, якія некалі плёў яе тата, стары гадзіннік, што вісеў у бабулінай хаце… Дарэчы, апошняя дагэтуль служыць сям’і – толькі ўжо ў якасці склада для розных бытавых рэчаў.
Дарэчы, у апошнім нядаўна з’явілася зона адпачынку для малых – на адной з груш зяць “узвёў” гульнявы домік. Ёсць непадалёк і пляцоўка з арэлямі.
– З мужам мне пашанцавала – умее, здаецца, усё! – з гонарам кажа Галіна Мікалаеўна. – Сам многае перарабіў, удасканаліў, вокны і дзверы новыя паставіў. На ім – і абкос тэрыторыі (а яна ў нас немаленькая), апрацоўка агарода (для гэтага ёсць мотаблок, іншая тэхніка). Нядаўна правялі ў дом электраацяпленне, аднак і ад печкі не адмовіліся – толькі ўжо новую, больш сучасную паставілі.
Сама ж жанчына адказвае за прыгажосць у двары. Здаўна любіць кветкі і стараецца аздобіць імі кожны куток – перад домам і за ім, ля ганка і ўсіх надворных пабудоў, на агародзе і нават за межамі ўчастка. У ліку сваіх любімых Г.М.Сядун называе пятуніі, хрызантэмы і ўсе высакарослыя прыгажуні, якія радуюць вяскоўцаў з-за агароджы.
– Планаў у нас яшчэ шмат, – прызнаецца Галіна Мікалаеўна. – Напрыклад, у бліжэйшы час хочам плітку ў двары пакласці, а на наступны год колеравую гаму дома асвяжыць.
У сваю гарадскую кватэру сям’я Сядун ездзіць нячаста – калі зіма халодная выдаецца ці трэба з унукамі пасядзець. Увесь астатні час муж і жонка праводзяць у Матырыне – вёсцы, якая стала для абаіх, як зараз модна казаць, сапраўдным месцам сілы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.


