“Святыя дзевы Мінадора, Мітрадора, Німфадора жылі ў чацвёртым стагоддзі ў Азіі, а мы ў 21-м узвялі ў іх гонар храм ва Ушачах. Здаецца, так далёка і па часе, і па адлегласці. Але мы памятаем подзвіг у імя веры і гэтых пакутніц, і вельмі многіх іншых, якія жылі зусім нядаўна. У адрозненні ад іх мы можам не хаваць сваёй веры і адкрыта хадзіць у храмы. “Прыемна бачыць ва Ушачах сёння так многа вернікаў. Хацелася б, каб і ў іншыя дні іх было не менш”, – сказаў у прамове падчас храмавага свята Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. У гэты дзень тут не было выпадковых людзей, сюды прыйшлі тыя, для каго 10-годдзе існавання царквы ў гарпасёлку – сапраўднае свята.
Адна са старэйшых прыхаджанак Зінаіда Зыль перад службай успамінала, як падчас паломніцкіх падарожжаў па святых мясцінах заказвалі саракаусты з мальбамі аб тым, каб ва Ушачах быў храм. Рэгент хора Любоў Власенка прыгадвала часы трыццацігадовай даўніны, калі разгадала сон унучкі і назвала месца ўзвядзення будучай царквы. Так, у 90-я гады мінулага стагоддзя праваслаўны храм у нашым райцэнтры здаваўся мрояй – і вось ён існуе, велічны, прыгожы, у чым неаспрэчная заслуга протаіерэя Вячаслава Лобеца, у адрас якога прагучала нямала слоў падзякі.
І храм ніколі не пустуе. З Глыбачкі прыехала медык, сястра міласэрнасці па спецыяльнасці і па душы Людміла Сушчэўская, з Полацка – Святлана Падгарбунская, што праводзіць асаблівыя ўрокі палавога асэнсавання з вучнямі ўсіх школ раёна. Кожную службу ў храме Аляксей і Валянціна Алексяёнкі з Полацкага раёна, якія дапамагаюць як у іх правядзенні, так і ва ўсіх мерапрыемствах з дзецьмі.
У любое надвор’е з Пліна на веласіпедзе дабіраецца ў храм Вера Рэкуц, ездзіць з Царкавішча Марыя Правада, якая ўзначальвае нядзельную школу. Заняткі па электрыцы выкладае ў ёй Анатоль Прашкевіч – яшчэ адна добраахвотная нагрузка панамара і памочніка ва ўсіх гаспадарчых справах як раней у арэхаўскай, так цяпер ва ўшацкай царкве.
Можна называць яшчэ мноства імёнаў, а прывяла гэтыя прыклады, каб нагадаць, што за час існавання ўшацкага прыходу вельмі многае змянілася, з’явілася згуртаваная супольнасць, якая працуе ў самых розных накірунках: вучыць асновам праваслаўя падчас сустрэч у калектывах, з дзецьмі ва ўсіх школах раёна, дапамагае нямоглым, падтрымлівае ў складаны час сілай малітвы, рыхтуе святы для ўшачан, стварае летапіс Ушацкага благачыння. Усё гэта не было б па сілах аднаму настаяцелю храма іерэю Аляксандру Таляронку, а вось зладжаная каманда, у якой кожны адказвае за свой накірунак, працуе без збояў. І невыпадкова падчас храмавага свята так доўга працягвалася ўзнагароджванне. Бацюшка хадайнічаў перад Уладыкам Полацкай епархіі, каб аддзячыць усім гэтым людзям, а таксама арганізацыям, з якімі цесна супрацоўнічае, і Епіскап Ігнацій з задавальненнем уручаў медалі, граматы і лісты падзякі, суправаджаючы іх вясёлымі каментарыямі. “Вы хутка поўным кавалерам будзеце, засталося толькі першую ступень атрымаць”, – казаў, прышчэпліваючы “Медаль свяшчэннамучаніка Канстанціна, прасвіцера Шаркаўшчынскага” ІІ ступені Любові Власенка. Прыхаджанка, чый голас кожную службу гучыць у царкоўным хоры, як і Зінаіда Зыль, ужо мела трэцюю ступень гэтага медаля. Атрымалі яго ў гэты дзень таксама Анатоль Прашкевіч, Марыя Правада (на здымку) і стараста прыхода Аляксандр Радзюш, на плечы якога ляглі і немалыя клопаты па рамонце храма да свята. Будынак поўнасцю пабелены знутры, устаноўлены каваныя металічныя вароты, заменены вокны і дзверы ў нядзельнай школе. Гэта толькі асноўныя работы, а на тэрыторыі пастаянна праводзіцца добраўпарадкаванне, таму і сярод узнагароджаных былі Сяргей Філіповіч, Дзмітрый Бурак, Міхаіл Дзямешка, Вадзім і Дзмітрый Зеленікі і многія іншыя, хто заўсёды задзейнічаны ў будаўнічых і рамонтных работах. Няпярэдадні свята адбылася і яшчэ адна падзея – устаноўлены паклонны Крыж, прычым, асаблівы – з імёнамі свяшчэннаслужыцеляў Ушаччыны, якія панеслі ганенні за веру ў лагерах. Уладыка ацаніў ініцыятыву і карпатлівы пошук, якім доўга займалася Марыя Правада.
У гэты дзень было ўручана многа кветак, у тым ліку і манахіне Саламаніі – маці Епіскапа Ігнація, якая таксама прыехала на свята, як і іншыя паломнікі з Полацка, Ветрына, Баравухі. Нельга не адзначыць і яшчэ адну асаблівасць гэтай юбілейнай службы – дзіўнае песнапенне, якое ацанілі ўсе прысутныя. Чатырохгалоссе ўшацкага храма дапоўніў мінскі квартэт пад кіраўніцтвам Андрэя Шляхтава, ён жа ўпрыгожыў і цудоўны святочны канцэрт.
Аляксандр Таляронак: “Выказваю вялікую падзяку ўсім прыхаджанам, хто дамапагае нам у рамонце храма. Молімся паімённа літаральна за ўсіх ахвяравальнікаў. Спадзяюся, што іх спіс павялічыцца, бо наперадзе яшчэ вялікая работа па пераводзе храма на электраацяпленне і рэканструкцыя будынка нядзельнай школы”.
Вольга Караленка.


