Ушачский Дом ремёсел — место, где создаются шедевры

Мир увлечений Экономика и малый бизнес

Гэты прыгожы домік знаходзіцца на высокім месцы і з дарогі праз мост выглядае як казачны церамок. Уваход у памяшканне Дома рамёстваў нікому не забаронены, сюды заўсёды можна наведацца, пазнаёміцца з цудоўнымі вырабамі і набыць нешта для сябе. Маленькае памяшканне змяшчае шырокі стол, за якім майстры вырабляюць прыгожыя рэчы.
Мне нярэдка даводзіцца бываць ва Ушачах і заглядваць у гэта царства рукадзелля. Чаго тут толькі няма: рознакаляровыя вырабы з ласкутоў тканіны – гэта дываночкі, прыхваткі, карціны, лялькі і шмат чаго іншага. А як ткуцца габелены! Няпроста перанесці ўзор на рамку з асновай. А якія вырабы з саломкі, бісеру, вышыўка. Нямала зробленага з дрэва: дошак, сувеніраў.
Тут працуе дружны, згуртаваны калектыў на чале з Міхаілам Аляксандравічам Багдановічам. Работнікі Дома рамёстваў наладжваюць выставы-продажы. Апошнія адбыліся на свяце Масленіца ў гарпасёлку (было прадстаўлена мноства зробленага сваімі рукамі), у санаторыі “Лясныя азёры”, калі праводзіўся тэматычны вечар “Дзве сястры” да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. У музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка ёсць пункт продажу, рэалізацыя вырабаў адбываецца таксама праз гандлёвую сетку. Вось і ў апошні час майстры пачалі рабіць на ганчарных вырабах роспіс з надпісамі: “Лясныя азёры”, “Прарыў”, з выкарыстаннем герба Ушачаў для рэалізацыі. Прадаюць на месцы і ў час выездаў. Такім чынам работнікі Дома рамёстваў выконваюць план платных паслуг.
Выязджаюць і за межы раёна. Пастаянна дэманструюць сваю творчасць на “Славянскім базары ў Віцебску”. Нядаўна пабывалі ў Докшыцах, дзе выстаўлялі дзясятак габеленаў у межах абласнога агляду-конкурсу па развіцці традыцыйнага ткацтва. Работа ідзе.
Шкада толькі, што казачны Дом рамёстваў вельмі цесны для дзейнасці майстроў. І яны жывуць надзеяй, што плошчы для заняткаў народнай творчасцю хутка пашырацца.
Г.ЖУРАВА, агр. Вялікія Дольцы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *