Святая обязанность аграриев — посеять хлеб. Как проходит подготовка к посевной компании в Ушачском районе?

Сельское хозяйство

Усе ў чаканні вясны. Асабліва аграрыі. А перадышка, што аб’яўлена надвор’ем, прагназуе толькі больш рэзкі старт і больш напружаную работу, паколькі адсеяцца ў аптымальныя тэрміны трэба да праваслаўнага Вялікадня – 5 мая. Пра падрыхтоўку да пасяўной кампаніі мы і гутарылі з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарча А.П.БУХАЛОВІЧАМ.
– Аляксей Пятровіч, давайце спачатку спынімся на сёлетніх планах.
– Па многіх культурах сёлета запланавана павелічэнне і пасяўных плошчаў, і, зразумела, ураджайнасці. Толькі бульба, як і раней, будзе пасаджана на 100 гектарах, аднак атрымаць трэба ў два разы больш клубняў – 2 тысячы тон супраць сёлетніх 956 тон. Не будзе сёлета на ўшацкіх палетках ільну. Ну а зерня плануем атрымаць 40 тысяч тон, у мінулым было 33. Рапсу – больш на 38 працэнтаў.
– Асаблівасць сёлятняй пасяўной – зацягнутыя тэрміны, прычым па ўсіх відах веснавых работ.
– Так, і гэта яшчэ больш ускладняе задачу. Калі ў мінулым годзе на 4 красавіка было ўнесена хлорыстага калію на плошчы 3347 гектараў, поўнасцю вывезена арганіка, на 696 гектарах ці 40,9 працэнта плошчаў былі падсеяны шматгадовыя травы пад азімыя зерневыя, перабрана практычна ўся бульба, падкормлена 3,6 працэнта травяных угоддзяў, то сёлета практычна ўсё гэта давядзецца рабіць паралельна з узворваннем і апрацоўкай глебы. Зараз толькі вывозіцца арганіка і завозіцца ўгнаенне і эліта насення. Менавіта таму графік работы будзе вельмі напружаным.
– Па ўсёй вобласці ставіцца задача праводзіць сяўбу ў дзве змены. Гэта звязана толькі са скарочанымі тэрмінамі пасяўной, ці і з недахопам тэхнікі?
– Наяўнасць у гаспадарках 172 трактароў, з іх 29 энерганасычаных, і комплексу сельскагаспадарчых машын дазваляе правесці сяўбу за 14 дзён. Канечне, калі задзейнічаць тэхніку ў дзве змены. Ды і тэхнічная гатоўнасць да вясенне-палявых работ на 4 красавіка складае пакуль 82 працэнты. Аднак калі гэта сярэдні паказчык, то зразумела, што ёсць гаспадаркі, у каго ён менш. Амаль па ўсіх відах тэхнікі і агрэгатаў ён ніжэй у «Дубраўцы». Тэхагляд прайшло 114 трактароў, зноў жа ў «Дубраўцы» – толькі 4 з 16, «Вялікадолецкім» – 11 з 31, «Кублічах» – 9 з 21, «Селішчы» – 8 з 15, «Арэхаўне» – 11 з 20. Складанае становішча з шынамі. З 29 энерганасычаных трактароў укамплектаваны двайнымі коламі толькі пяць, усяго ж толькі на гуму для ўсёй тэхнікі патрэбна амаль тры мільярды рублёў.
– Праблема Ушаччыны – недахоп ворыўных зямель. Ці хопіць іх пад запланаваныя яравыя?
– Пад запланаваныя яравыя патрэбна 23 тысячы 310 гектараў ворыўных зямель, іх у нас усяго 23264 гектары, ды і яны часткова заняты шматгадовымі травамі першага года, таму частка яравой сяўбы – тысяча сем гектараў – будзе размешчана на палепшаных лугавых угоддзях. А паколькі вельмі вялікая насычанасць менавіта зерневай групы (71 працэнт) – складана будзе падабраць найлепшых папярэднікаў.
– Ці дастаткова сродкаў на нехапаючае насенне, паліва, запчасткі?
– На жаль, іх не хапае заўсёды. Забяспечанасць складае толькі 62 працэнты. На ўсю пасяўную патрэбна 91,6 мільярда рублёў: 57,2 – на ўгнаенні, 7,4 – нафтапрадукты, 6,8 – запчасткі, 1,3 – насенне, 3,8 – сродкі аховы. За выручку ад рэалізаванай прадукцыі гаспадаркі атрымаюць толькі 29 мільярдаў, на 7,5 мільярда разлічваем атрымаць падтрымку з бюджэту, на 11 мільярдаў давядзецца браць пазыкі ў банках. Не хапае яшчэ 32 мільярдаў рублёў. Можна сказаць, што гаспадаркі забяспечаны ў поўным аб’ёме толькі насеннем зерневых і значна не хапае ўгнаенняў.
– Заўсёды праблемным для гаспадарак быў і недахоп кадраў, тым больш для работы ў дзве змены.
– Ён адчуваецца і зараз, не хапае 53 механізатараў, якіх, як заўсёды, будуць прыцягваць з прадпрыемстваў раёна (20 чалавек), 4 – з арганізацый Полацка і 29 – прыцягнуць з іншых відаў работ унутры гаспадарак. Усяго на пасяўной будзе працаваць 206 механізатараў. Абавязкова трэба арганізаваць рамонт з выездам на поле, каб скарачаць час на ліквідацыю паломак. Як заўсёды будзе наладжана гарачае харчаванне. Ва ўсіх гаспадарках ужо распрацаваны расцэнкі для заахвочвання людзей падчас работы на пасяўной кампаніі. Будзе арганізавана ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва са штодзённым агучваннем вынікаў. Пасяўная кампанія не будзе лёгкай, аднак гэта святы абавязак аграрыяў – пасеяць хлеб, і другіх варыянтаў, акрамя як зрабіць гэта як мага якасней, захаваўшы аптымальныя тэрміны, у нас няма.
Гутарыла В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *