Мастер Ушачского Дома ремёсел Юлия Пятница — лауреат международного конкурса «Здравневская палитра-2013»

Мир увлечений Наш современник Образование и молодежь Творчество наших земляков Экономика и малый бизнес

Маленькія абрэзкі тканіны большасць з нас лічыць непатрэбным смеццем, а вось для маладой майстрыхі ўшацкага Дома рамёстваў Юліі Пятніцы яны — каштоўная сыравіна, якую з дапамогай фантазіі і ўмення рук можна ператварыць у прыгожы дыванок, сурвэтку ці пано.

Зрэшты, мастацтва гэтае вельмі старажытнае: дастаткова ўспомніць пашытыя з кавалкаў тканіны стракатыя коўдры, якія яшчэ ў мінулым стагоддзі можна было ўбачыць ледзь не ў кожнай вясковай хаце. Адметна, што ў цяперашні час рамяство нашых прабабак становіцца ўсё больш папулярным, у тым ліку сярод моладзі, развіваецца не толькі ў традыцыйным, але і ў авангардным накірунках. Упэўніцца ў гэтым можна было, паглядзеўшы на лепшыя работы міжнароднага конкурсу абрэзкавага шыцця «Здраўнёўская палітра-2013», якія былі прадстаўлены адразу ў трох выставачных залах абласнога цэнтра, у тым ліку ў музеі-сядзібе І.Рэпіна. Сёлетні конкурс меў назву «Фарбы восені», а яго ўдзельнікамі сталі больш 50 народных майстроў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама Расіі, Украіны, Латвіі. Ушаччыну прадстаўляла Юлія і, трэба сказаць, зрабіла гэта вельмі дастойна! Яе пано «Калейдаскоп» было адзначана дыпломам трэцяй ступені ў прэстыжнай намінацыі «Арт-квілт». «Гэта сучасная абстрактная тэхніка, якая дае прастору для эксперыменту, дазваляе аздабляць тканіну рознымі дэкаратыўнымі элементамі: так, напрыклад, у сваёй конкурснай рабоце я выкарыстоўвала шнур, стужкі, бісер, арыгінальнасці дадало таксама зігзагападобнае шво «козлік», — дзеліцца Юлія вытворчымі сакрэтамі. Над пано яна працавала цэлы месяц, укладала ў яго душу і, вядома, вельмі задаволена, што работа заслужыла прызнанне. Зрэшты, узровень уласнага майстэрства дзяўчына ацэньвае сціпла, лічыць, што трэба яшчэ вельмі многа працаваць і ўдасканальвацца, каб наблізіцца да лепшых майстрых — такіх, напрыклад, як атрымаўшыя гран-пры конкурсу ўдзельніцы полацкага народнага клуба абрэзкавага шыцця «Рошва». Аднак, як здаецца, у Юлі вельмі вялікі патэнцыял, бо займацца гэтым відам творчасці яна пачала адносна нядаўна, на апошнім курсе Віцебскага педуніверсітэта імя Машэрава, які скончыла два гады таму. Абрэзкавае шыццё было тэмай яе дыпломнай работы, таму студэнтцы, якая, да слова, ніколі не лічыла сябе прыхільніцай рукадзелля, давялося грунтоўна вывучыць тэорыю старажытнага рамяства, асвоіць практычныя прыёмы.

«Вядома, гэта вельмі карпатлівая праца, якая патрабуе цярплівасці і ўседлівасці. Але як прыемна бачыць, калі ля тваёй работы спыняюцца людзі, аб нечым думаюць, усміхаюцца», — кажа Юлія. І сапраўды, вырабы гэтай маладой ушацкай прыгажуні саграваюць душу, узбагачаюць нашу культуру.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *