Труженики села Ушачского района отметили профессиональный праздник

Главные темы К профессиональному празднику Сельское хозяйство

У календары ёсць шмат святаў, але гэтае дастойна асаблівай увагі. Ад вынікаў працы хлебаробаў, жывёлаводаў, спецыялістаў іншых прафесій сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны аграпрамысловага комплексу ў першую чаргу залежыць харчовая бяспека краіны. Гэтыя людзі выдатна ведаюць глыбокі сэнс народнай мудрасці “Хлеб – усяму галава”, год ад году першымі на золку выходзяць на ніву і апошнімі развітваюцца з сонцам. У мінулую пятніцу раённы Дом культуры ў чарговы раз гасцінна расчыніў дзверы і прыняў у сваёй зале шматлікіх гасцей – на раённым свяце аграрыяў ушаноўвалі лепшых працаўнікоў палёў і ферм.

Сельскагаспадарчая дзейнасць спецыфічная, бо асноўныя яе тэхналагічныя працэсы выконваюцца непасрэдна пад адкрытым небам з непрадказальнымі ўмовамі надвор’я, якое і паўплывала на тое, што сёлетні ўраджай не стаў рэкордным. Але гэта не значыць, што хлебаробы спрацавалі дрэнна. Выступаючы з дакладам, першы намеснік старшыні райсельгасхарча Аляксандр Яўгенавіч Іоскін нагадаў словы Прэзідэнта краіны, які на “Дажынках-2013” у Жлобіне гаварыў аб тым, што ў няпростых умовах бягучага года беларускія аграрыі сабралі ў рэспубліканскі каравай больш 8 мільёнаў тон зерня, 120 гаспадарак атрымалі ўраджайнасць звыш 50 цэнтнераў з гектара.

Нам пакуль далёка да гэтых лічбаў, але працаўнікі сяла раёна стараліся: сельскагаспадарчыя прадпрыемствы сабралі 25,1 тысячы тон зерня, выканалі дзяржзаказ па яго пастаўках для прадпрыемстваў харчовай і спіртавой прамысловасці, сфарміраваны асноўны, страхавы і пераходзячы насенныя фонды. Як заўсёды на вышыні аказаліся хлебаробы з ААТ “Дземенец”, якія нягледзячы на “капрызы” надвор’я атрымалі сярэднюю ўраджайнасць 28,4 цэнтнера з гектара, што нават вышэй мінулагодняй, якая таксама была лепшай менавіта ў іх. Гэты невялікі калектыў пад кіраўніцтвам Аляксандра Віктаравіча Шарыпенкі стаў адзінай гаспадаркай, якая хоць не намнога (100,6 працэнта), але атрымала валавы збор зерневых і зернебабовых культур больш мінулагодняга.

На пачатку свята, атмасферу якога стваралі мелодыі знаёмых песень, услаўляючых родную зямлю і працу селяніна, з густам аформленыя выставы народных майстроў, арганізатары ўручылі каравай як сімвал дабрабыту і ўраджайнасці кіраўніку раёна – старшыні райвыканкама Віктару Віктаравічу Родзічу, які ў сваю чаргу павіншаваў усіх прадстаўнікоў сельскагаспадарчай галіны, падзякаваў за працу і адзначыў, што на ўшацкай зямлі шмат добрых земляробаў, жывёлаводаў, іх адносіны да працы заслугоўваюць павагі і высокага прызнання. Прыгожыя сімвалічныя караваі атрымалі і кіраўнікі ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

На сцэну за ўзнагародамі – дыпломамі Ушацкага раённага выканаўчага камітэта, райсельгасхарча, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і грашовымі прэміямі ўзнімаліся выключна пераможцы ў індывідуальных намінацыях – у сувязі з тым, што па вытворчасці валавой прадукцыі ніводная гаспадарка не дасягнула паказчыкаў мінулага года (а гэта з’яўляецца абавязковай умовай пры падвядзенні вынікаў спаборніцтваў), прызавыя месцы калектывам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў было вырашана не прысуджаць. Экіпажы збожжаўборачных камбайнаў атрымалі ўзнагароды з рук старшыні райвыканкама, астатніх пераможцаў узнагароджваў А.Я.Іоскін.

Толькі адзін у раёне сёлета “тысячнік”. Пасля канчатковых падлікаў, калі камбайнерам залічылі рапс і зернебабовыя, у Аляксандра Аляксандравіча Малахава з КУСГП “Глыбачаны” атрымалася ў выніку 1135 тон, прычым працаваў гэты механізатар на КЗС-10К, які з’яўляецца не самым высокапрадукцыйным камбайнам. Лічаных тон не хапіла да тысячы Уладзіміру Уладзіміравічу Лёлю з ААТ “Ільюшынскі”.

Неабходна сказаць, што з гэтага сельгаспрадпрыемства прыехала самая прадстаўнічая дэлегацыя – больш 20 чалавек. У “Ільюшынскім” атрымалі самы важкі ўраджай – 4308 тон, і хаця гэта значна менш мінулагодніх лічбаў, але ўсё ж менавіта ільюшынцы выйшлі пераможцамі па выніках многіх відаў сельскагаспадарчых работ, а ў галіне жывёлагадоўлі наогул па-за канкурэнцыяй. Большыя прывагі толькі ў даглядчыкаў комплексу “Маяк” райаграсэрвіса, аднак спаборніцтва паміж работнікамі комплексаў праводзіцца асобна.

Некаторым працаўнікам на сцэну прыйшлося ўзнімацца не адзін раз, бо за сезон яны паспелі адзначыцца ў некалькіх відах работ. Акрамя лідарства сярод камбайнераў на КЗС-1218 У.У.Лёля паспеў яшчэ і выйсці на другое месца ў спаборніцтве сярод механізатараў на нарыхтоўцы кармоў. На ўзворванні глебы і адвозцы зерня ад камбайнаў на трактары МТЗ-1221 вызначыўся Анатоль Генадзьевіч Подраз з ААТ “Агра-Селішча”.

Дзве ўзнагароды атрымаў і Васіль Мікалаевіч Сапега з КУСГП “Глыбачаны”, прычым дыплом – як пераможца на корманарыхтоўцы, а падзяку ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу – за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі. Падзякі абласнога камітэта прафсаюза ўдастоены таксама і галоўны аграном ААТ “Ільюшынскі” Аляксандр Сяргеевіч Селявёнак.

Старшыня Ушацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Пётр Мікалаевіч Хвашчэўскі ўручыў Ганаровую грамату Івану Піліпавічу Дарошчанку, дырэктару КУСГП “Вялікадолецкае”, якое ён ўзначальвае на працягу 20 гадоў і якое заўсёды сярод лідараў, з’яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў раёне. І няхай не было сёлета сярод спісу перадавікоў прозвішча Мікалая Уладзіміравіча Яловіка, трактарыста-машыніста ААТ “Дземенец”, ён таксама атрымаў Ганаровую грамату райкама прафсаюза за вернасць нялёгкай прафесіі хлебароба і стабільна высокія вынікі працы.

Сярод пераможцаў і прызёраў было многа знаёмых: механізатараў і жывёлаводаў са стажам, таму асабліва прыемна, што і прадстаўнікі маладога пакалення складаюць ім дастойную канкурэнцыю. Адзін з прыкладаў – Віталь Бука, што толькі пачынае свой працоўны шлях, але па ўсім відаць – пачынае ўдала. Малады вадзіцель КУСГП “Вялікадолецкае” заняў другое месца ў раённым спаборніцтве, на сваім ГАЗ-53 перавёз 786 тон зерня ад камбайнаў і толькі крыху не “дацягнуў” да ўдзелу ў рэспубліканскіх “Дажынках”. Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена Сцяпану Мікалаевічу Басаку – былому трактарысту-машыністу Ушацкага райаграсэрвіса, які нарыхтаваў 25 тысяч 265 тон зялёнай масы.

ААТ “Ільюшына” забрала таксама амаль усе прызы, адведзеныя для гаспадарак раёна, і ў другой частцы святочнага вечара, калі адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння. “Лепшае сельскагаспадарчае прадпрыемства”, “Лепшая жывёлагадоўчая ферма”, “Лепшы машынны двор” – дыпломы і падарункі ў гэтых намінацыях з рук старшыні райвыканкама В.В.Родзіча і старшыні раённага Савета дэпутатаў А.В. Пашковіч акрамя кіраўніка гаспадаркі атрымалі і людзі, якія непасрэдна адказваюць за парадак на гэтых аб’ектах – галоўны інжынер Вячаслаў Пятровіч Аўсіевіч і загадчык комплексу “Ільюшына” Тамара Якаўлеўна Пугач. Падрабязна аб усіх выніках вялікай работы па добраўпарадкаванні мы расказвалі ў №91, дзе прыведзены назвы ўсіх лепшых аб’ектаў і спіс лепшых гаспадароў раёна – пераможцаў у індывідуальных намінацыях. Журы ў гэтым выпадку не пазайздросціш, бо гледзячы на прэзентацыю, на якой падчас узнагароджання дэманстраваліся здымкі элементаў добраўпарадкавання сядзіб грамадзян, цяжка было іншы раз аддаць перавагу нейкаму асобнаму двару – бо кожны з іх адрозніваўся нечым асаблівым, усюды былі бачны творчасць, фантазія і сапраўдны гаспадарчы падыход іх уладальнікаў. Цікава, што шыльда “Дом узорнага парадку” пасля святочнага вечара пятніцы з’явіцца адначасова на дамах родных брата і сястры – пераможцамі ў адпаведных намінацыях прызнаны сядзібы Генадзя Фёдаравіча Брыкуна з Сарочына і Іны Фёдараўны Сыроўчанкі, жыхаркі гарпасёлка. Як кажуць, цяга да прыгожага ў іх у крыві…

Па-гаспадарску дагледжаным быў дом Аляксандра і Святланы Александровых у Касарах. І калі перадавік гаспадаркі (дарэчы, першы тысячнік у гісторыі раёна) атрымаў новы дом у аграгарадку Вялікія Дольцы, адразу заняліся добраўпарадкаваннем сядзібы.

Летась не трапіла ў лік пераможцаў сядзіба Алены Барысаўны і Аляксандра Фёдаравіча Каваленкаў толькі таму, што члены журы аддалі перавагу аднолькаваму па дагледжанасці дому іх суседзяў. Таму сёлета пытанняў па вызначэнні пераможцаў па гэтым мікрараёне (вуліца Авангардная) не было.

“Гэта якраз тое, чаго не хапала ў нашай бальніцы”, — трымаючы ў руках прыз (гадзіннік), за перамогу ў намінацыі “Лепшая ўстанова аховы здароўя”, радаваўся загадчык Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду Аляксандр Уладзіміравіч Крыштопенка. Не так даўно газета друкавала фотаздымкі прыгожай сядзібы Івана Рыгоравіча і Ірыны Канстанцінаўны Гардзіёнкаў з Качаноў. Прыемна, што яе добраўпарадкаванасць захапіла не толькі нас, але і членаў журы, і на доме з’явіцца шыльда “Дом узорнага парадку”.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *