26 июня — день работников прокуратуры

К профессиональному празднику

Аб тым, што нашы жыхары выдатна ведаюць, у каго шукаць абарону сваіх правоў, сведчыць колькасць зваротаў у пракуратуру. Толькі на асабісты прыём да пракурора за 5 месяцаў гэтага года прыйшоў 21 чалавек. Яшчэ 20 атрымалі кансультацыі ў іншых супрацоўнікаў, а 61 звярнуўся пісьмова.
Што ў гэтых запытах? Самыя розныя пытанні, не заўсёды “па адрасе” – адчуваецца адсутнасць пастаяннай юрыдычнай кансультацыі. Аднак у пераважнай большасці гэта пытанні менавіта кампетэнцыі супрацоўнікаў пракуратуры. І пра самыя характэрныя ці павучальныя – наша гутарка з пракурорам Ушацкага раёна Вячаславам Станіслававічам БАБАШЫНСКІМ.

Даволі распаўсюджанымі з’яўляюцца звароты пацярпелых грамадзян, якія не задаволены адмовай ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Хоць сутнасць зваротаў розная. Адны мяркуюць, што калі адмовілі, значыць, ніякага пакарання іх крыўдзіцель не панясе. Другія не задаволены, што няма ходу іх справе або месцам яе разгляду. Нягледзячы на тое, што прычыну адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы заўсёды ўказваюць супрацоўнікі міліцыі, мы робім запыт справы, высвятляем абставіны. Часцей за ўсё крымінальная справа не ўзбуджаецца абгрунтавана, бо быў нанесены нязначны ўрон, аднак парушальнік усё роўна прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. Тлумачым людзям, што пакаранне ўсё роўна будзе, напрыклад, штраф за нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў ад 10 да 30 базавых велічынь – і яны застаюцца задаволенымі. Таксама як жанчына, чыя справа была вернута на разгляд ва Ушацкі раён – па месцы здарэння, а не ў той, дзе фактычна пражывае чалавек, які здзейсніў крадзеж.
Таксама часта людзі пытаюцца, ці могуць яны акрамя матэрыяльнага патрабаваць і кампенсацыю маральнага ўрону. Канечне могуць, для чаго трэба напісаць іск у суд, указаць суму, у якую вы ацэньваеце свой маральны ўрон, заплаціць пошліну ў памеры 105 тысяч рублёў. А ці вернуцца вашы затраты, сказаць складана, бо калі быў нанесены нязначны нават матэрыяльны ўрон, то вельмі складана ацаніць маральны, і судовая практыка паказвае, што калі іск і задаволены, то сумы выплат нязначныя і не адпавядаюць заяўленай.
Адказы на два наступныя звароты карысна будзе ведаць усім. Першы датычыцца працоўнага заканадаўства – чалавек звярнуўся са скаргай на незаконнае звальненне праз чатыры месяцы, а прымаюцца на разгляд судом толькі тыя іскі, што былі пададзены на працягу месяца. Такі тэрмін вызначаны небеспадстаўна, бывала, што людзі наўмысна зацягваюць тэрмін падачы іскаў, каб атрымаць большую суму за вымушаны прагул, калі акажацца, што звальненне незаконнае.
Былы работнік СВК “Дземенец”, які атрымаў ад гаспадаркі службовае жыллё ў той час, калі не меў сям’і, цікавіўся, ці могуць яго выселіць, калі ў доме пражывае таксама жонка, якая да дэкрэтнага адпачынку працавала ў гаспадарцы. Не. Са службовага жылля сям’я не можа быць выселена, калі хоць адзін з яе членаў знаходзіцца ў працоўных адносінах з уладальнікам жылля, незалежна ад таго, каму яно выдзялялася.
Яшчэ адна жыццёвая сітуацыя. Сям’я пераехала ў новы дом. Пазней высветлілася, што лічыльнік электраэнергіі няспраўны. Яго замянілі, а аплату выставілі, разлічыўшы сярэднясутачнае ўжыванне сям’ёй электраэнергіі, памножанае на колькасць дзён, пражытых у доме. Дзеянні супрацоўнікаў энерганагляду адзіна правільныя і законныя.
Прывёў толькі некаторыя звароты, і, як бачна, кожны з іх вельмі індывідуальны, перш чым даць адказ, трэба дэталёва разабрацца. І, галоўнае, – іх не назавеш беспадстаўнымі. Многія вырашаюцца на карысць чалавека, яшчэ па большых людзі атрымліваюць кансультацыі. А гэта наша мэта – каб чалавек ведаў свае правы і яны не парушаліся.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *