Трудовая династия настоящих хлеборобов

К профессиональному празднику Наш современник Сельское хозяйство

У гаспадарцы няма эканаміста, толькі галоўны бухгалтар і бухгалтар-касір, а парадак і дакладнасць такія, як пры цэлым штаце спецыялістаў. Гаваркі водгук пра Вольгу Сяргееўну Яловік чула ад кіраўніцтва райсельгасхарча неаднойчы. Яе муж Аляксандр Уладзіміравіч наогул чалавек унікальны. Ён адзіны ў раёне, а мабыць і краіне, педагог з вышэйшай адукацыяй, які па ўласнай волі перайшоў у сельскую гаспадарку і не шкадуе. І сёння ў сям’і Яловікаў усе размовы – пра справы ў “Дземенцы”. І толькі з’яўленне ўнука Арцёма часова адрывае ад спрадвечнай тэматыкі: дзе лепш урадзіла і колькі гаспадарка зарабіла. Таму і напісаць пра гэтую дынастыю меркавала даўным-даўно.

Праўда, разгаварыць гаспадара атрымалася нават цяжэй, чым яго легендарнага брата Мікалая, які звычайна хаваецца ад прыцэлу аб’ектыву. Вось і Аляксандр, можна сказаць, уцёк на рыбалку, а вярнуўся з Дземенца з трафеем – двума шчупакамі і… настроем. Гэта асноўнае хобі мужчыны, які вырас тут жа, на азёрах, адно з якіх і дало назву гаспадарцы.

Грэчка, рапс, урадлівасць глебы, насенны матэрыял, закладка кармоў… усё гэта Аляксандр Уладзіміравіч вывучаў наноў, хоць пачынаць вучыцца ў 35 гадоў і не зусім камфортна. Ды што там агранамічныя ды заатэхнічныя веды, правоў нават не было, таму дакладна з кожным годам яму даводзілася і даводзіцца вучыцца. Тры гады, як стаў камбайнерам, да гэтага ж паралельна з брыгадзірскімі справамі выконваў абавязкі памочніка ў экіпажы з братам.

“Было б жаданне”, – гаворыць дырэктар таварыства Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка, які і стаў настаўнікам вучня-педагога. А яно было. Аляксандр прыйшоў у гаспадарку пасля закрыцця Глыбацкай школы, у якой адпрацаваў настаўнікам пачатковых класаў пятнаццаць гадоў. У першы год прыняцця гаспадаркі новым кіраўніком. І стаў яго адным з асноўных памочнікаў, які замяняе дырэктара ў час водпускаў і страхуе пастаянна падчас любых работ.

Аляксандр Уладзіміравіч – брыгадзір, а брыгадзір у гаспадарцы з адной брыгадай – той жа кіраўнік, які штохвілінна сочыць і адказвае за кожны ўчастак работы. Ва ўсялякім выпадку Аляксандра Яловіка заўсёды застанеш у гушчыні асноўных сезонных падзей – ці то сяўба, нарыхтоўка кармоў ці ўборачная. Гэта работы, якія плаўна пераходзяць адна ў адну, і час, калі гаспадар бывае дома толькі ноччу. А ў халодны час сумніўнае лідарства перахоплівае жонка Вольга Сяргееўна. Квартальныя, гадавы балансы, бясконцыя справаздачы, бізнеспланы… цяпер ужо яна прыхоплівае для работы вечар, паўночы і выхадныя. Таму што прывыкла, што ад яе ўсе чакаюць аднаго – яна не скажа “не ведаю, не атрымалася”.

І яна ведае ўсё ў бухгалтарскіх разліках падаткаў і справаздачах, якія бясконца мяняюцца, у адпаведных камп’ютарных праграмах, якія даводзілася асвойваць гадоў шэсць таму. А таксама ў эканоміцы і заатэхніі, таму што гэтых спецыялістаў у гаспадарцы даўно ўжо няма… і зайздросціць тым гаспадаркам, дзе ў галоўнага бухгалтара памочнікі вядуць асобна зарплату, жывёлагадоўлю, прыход і расход паліва… Так, мабыць у іх балансах лічбы на парадак і адрозніваюцца, аднак усе разлікі ўсё роўна трэба зрабіць. І па сутнасці яна з бухгалтарам-касірам Кацярынай Іванаўнай Дайлідзёнак робяць тую работу, што і ўвесь бухгалтарска-эканамічны штат буйных гаспадарак.

Наогул у гэтым унікальнасць многіх работнікаў “Дземенца”. Дэфіцыт кадраў прымушае асвойваць сумежныя спецыяльнасці і станавіцца асамі цаной дадатковай работы над сабой: па падручніках, інтэрнэце, парадах спецыялістаў і, канечне, перш за ўсё жаданню вучыцца. З-за недахопу кадраў камбайнерам на час жніва становіцца Аляксандр Яловік. Намалот у яго, праўда, меней чым у многіх. Не таму, што нявопытны. Проста сумленне не дазваляе выбіраць лепшыя ўчасткі. Ён наадварот няспешна ўбірае ўсе закуткі дробнаконтурных палёў, якія да гэтага аб’язджаў на мапедзе. Прычым не толькі блізкія ўчасткі “Дземенца”, а і тыя за 40 кіламетраў, на другім канцы раёна, што з кожным годам толькі пашыраюцца.

Па сутнасці на сямейнай дынастыі Яловікаў-Хаданоў трымаюцца самыя адказныя ўчасткі гаспадаркі. Акрамя ўніверсальнага механізатара Мікалая, разнапланавага брыгадзіра Аляксандра і бухгалтара-эканаміста Вольгі Яловікаў да гэтага часу ўся насенная гаспадарка ў надзейных руках Сяргея Данілавіча Хадана. З усяго раёна прыязджаюць у “Дземенец” за насеннем траў, памяняць ці ачысціць, таму што Сяргей Данілавіч у прамым сэнсе слова не выпускае з рук ачышчальных машын, сочыць за іх спраўнасцю, клапоціцца пра захаванасць засекаў. Яму ўжо 73, а раніцай ён садзіцца на веласіпед – і на зернеток, да людзей, на працу ў родную гаспадарку.

Напэўна перш за ўсё ад яго – бацькі пераняла Вольга паняцці “адказнасць” і “мая гаспадарка”. Класа з шостага з радасцю бегала на зернеток. Гоман машын, золата хлеба і незвычайны пах зерня ў засеках памятае і зараз. Як прыйшла сюды бухгалтарам пасля заканчэння Полацкага аграрнага тэхнікума, так і працуе, нягледзячы на часы без заробкаў па некалькі месяцаў і такой вось адказнай і няпростай работы. Ці магла яна памяняць работу? Неаднойчы. Прапановы паступалі самыя розныя, як і Аляксандру, што таксама не адзін раз быў разам з бацькам-механізатарам на палях і прыкіпеў да роднай зямлі.

– Я не скажу, што тут цяжэй, чым у школе. Дарослым давесці задачу прасцей, чым маленькім дзецям, а папяровай работы, якой абцяжараны кожны педагог, дакладна ў мяне меней. Ну а з чым можна параўнаць радасць ад роўных усходаў… Я ні аб чым не шкадую.

Мінаюць дні. Падобныя, як кожная восень і вясна… Непрадказальныя, як кожны сельскагаспадарчы год. У іх хуткабежнасці і мностве хатніх спраў з вялікай гаспадаркай, на якой заўсёды, у тым ліку і ў часы нявыплат зарплат, і трымаліся сем’і Яловікаў і Хаданоў, і гартаюцца лісты асабістага календара. Сёлета так запрацаваліся на рамонце ў доме, што толькі выпадкова зазірнуўшы на мабільнік увечары, Аляксандр і прамовіў: “Сёння ж 5 лістапада”. Дзень стварэння сям’і Вольгі і Аляксандра, якая сёння адзначыла срэбраны юбілей. Ну а Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі – свята, якое не забываецца ніколі. Яно больш чым сямейнае.

В.КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Трудовая династия настоящих хлеборобов

  1. Деменец как Монако а Райагросервис как Россия по площади А в конкретном случае по сельхозугодиям и по пашне

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *