Деревня Осиновка Глыбоченского сельсовета стала победителем конкурса по благоустройству среди сельских населённых пунктов Ушачского района

Благоустройство Саветы і жыццё

– Колькі аб’язджалі населеных пунктаў, а такой дагледжанай вёсачкі, як Асінаўка, не бачылі нідзе. Мяркуем вылучыць яе ў намінацыі “Лепшы населены пункт” – пасля знаёмства з Асінаўкай дзялілася ўражаннямі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Васільеўна Пашковіч. І завяршыўшы аб’езд літаральна ўсіх населеных пунктаў раёна, камісія не памяняла свайго меркавання – перамога ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў дасталася невялікай вёсачцы Асінаўка.Якая ж яна? Нічога неардынарнага вы тут не ўбачыце. Ёсць на Ушаччыне нямала маляўнічых вёсачак на берагах азёр, падобных на гэту. Ёсць нямала сядзіб, якія пераўзыходзяць багатым убранствам ці малымі архітэктурнымі формамі сціплыя домікі вёсачкі. Але ёсць тое, чаго не адшукаеш сапраўды нідзе. Тут не знойдзеш ніводнай кінутай хаты ці нават невялікага зарослага пустазеллем участка, хоць большасць дамоў належыць дачнікам. Тут няма прыхаваных у кустах звалак. Яна гарманічная ў сваёй дагледжанасці.

Доўгая цэнтральная вуліца вяла ледзь не да возера і заканчвалася некалькімі вялізнымі клумбамі. Трыпціх з розных відаў кветак зрабіла дачка старэйшыны вёскі Людміла. Прычым разбіла іх не за агароджай дома Марыі Паўлаўны Рубцовай, а менавіта на вуліцы, каб ствараць настрой для ўсіх. “Куды ж хаваеце смецце?” — пацікавілася ў старэйшыны. “А проста не збіраем яго. Мой сын паліць, напрыклад, па меры накаплення ў былой яме для сіласу – некалі побач была ферма. Сусед, у якога падчас рамонту больш адходаў, вывозіў у Глыбачку на звалку. Так і кожны, проста не стварае сметнікаў ля дома”.

Адносіны да малой радзімы дзяцей Марыі Паўлаўны характэрны для ўсіх былых жыхароў Асінаўкі. Ды яны і не лічаць сябе тут дачнікамі, прыязджаюць дамоў, хоць, напрыклад, Андрыяну Генадзьевічу Башуну дом дастаўся ў спадчыну ад бабулі. Аднак па распачатых там работах адразу бачна – чалавек бывае не наездамі. Перавораны агарод, самаробны душ на вуліцы, трактарок, прывезеная цэгла для агароджы гаварылі аб грунтоўных намерах не на дзень. Ён нават свідравіну для падачы вады зрабіў, не прасіўшы дапамогі ні ў каго.

У Марыі Паўлаўны пад рукой тэлефоны не толькі ўсіх жыхароў Асінаўкі, але і галоўны — старшыні Глыбачэнскага сельвыканкама Людмілы Валянцінаўны Храмцовай. Яна клапоціцца, каб асветленай была вуліца, даехала аўтакрама, паштавікі і медыкі, праўда, з гэтым праблем не паўстае. З урачом Глыбачанскай бальніцы Ганнай Сямёнаўнай Прыходзька наогул устанавіліся роднасныя адносіны – урач добра ведае сваіх пацыентаў, выпісвае рэцэпты і з паштавікамі перадае неабходныя лекі як самой Марыі Паўлаўне, так і да нядаўняга часу старэйшай жыхарцы вёскі Надзеі Іванаўне Пілкоўскай. У доме апошняй, дарэчы, усе вяскоўцы збіраліся кожную нядзелю. Прыходзілі праведаць 90-гадовую бабулю, адправіўшы ў гарады сваіх дзяцей. Ну а якія яны дружныя і які аўтарытэт у старэйшыны – можна меркаваць па зборы на свята вёскі. Учора патэлефанавала яна Надзеі Сяргееўне Красновай і Эміліі Станіславаўне Талубеевай – а раніцай абедзве былі ўжо ў Асінаўцы. А таксама і госці з суседніх вёсак Шалапечына і Кавалеўшчына. Прычым прыехалі грунтоўна падрыхтаванымі, набыўшы на святочны стол торт, пірагі і нават рулет з кабачка. Сваімі залатымі рукамі славіцца ў вёсцы былая медсястра Надзея Сяргееўна. Любіць гатаваць, якімі толькі рэцэптамі не дзеліцца з землякамі, а таксама лякарствам, якое самастойна гатуе з розных траў. А яшчэ ёй удзячны землякі за добрую дарогу, пракладзеную ў дзевяностыя гады абласной дарожнай службай. Менавіта гэта жанчына прыцягнула ўвагу да вёсачкі, дзе праехаць можна было хіба што на трактары ці колах, а ўздоўж дарогі рос трыснёг.

У Асінаўцы ў Надзеі Сяргееўны бацькоўскі дом. І жыве яна тут пасля выхаду на пенсію з красавіка па лістапад. Усё па-гаспадарску даглядаюць з Мікалаем Уладзіміравічам, дапамагае і сын. Тут стаіць альтанка і расце вінаград, кветкі і ўся агародніна. Яе дом можна адшукаць і па адметных фіранках з нацыянальным арнаментам. Менавіта тут сабраліся на свята вёскі жыхары Асінаўкі і госці. Паспелі навапалачане і печку пратапіць, і стол накрыць… І нават хлебам-соллю сустракалі прыехаўшых на свята гасцей.

Літаральна ўсім жыхарам Асінаўкі Алена Васільеўна Пашковіч уручыла падарункі і, канечне, падзякавала за любоў да сваёй радзімы, за тое, што захоўваюцца традыцыі продкаў, якія цанілі кожны кавалачак сваёй зямлі. А ў доме старэйшыны цяпер вісіць дыплом “Лепшы населены пункт”.

“Так, вунь там стаяла кузня”, – паказвала ў напрамак да возера госця з Кавалеўшчыны, паслухаўшы агучаную культработнікамі інфармацыю пра гісторыю Асінаўкі. А яна вельмі багатая. Паводле рэвізіі 1833 года тут пражывала 286 чалавек. У 1885 быў пабудаваны хлеба-запасны магазін, пры памешчыках Неміровічах-Шчытах працавалі піваварны завод, карчма, млын, быў фруктовы сад. У ХХ стагоддзі цэнтр сельскай грамады, у якую ўваходзіла 9 вёсак. У 1912 годзе адкрыта земская школа, а пасля рэвалюцыі школа І ступені, у якой навучаліся дзеці з 8 вёсак. У 1929 годзе быў створаны калгас “Прамень”. Мабыць і сёння вёска была б больш населенай, калі б карнікі не спалілі 37 двароў з 47, якія былі да Вялікай Айчыннай вайны.

Аднак гісторыя населенага пункта – у памяці аб людзях, якія яго насялялі. У тых старадаўніх здымках продкаў, што вісяць у кожным доме на самых бачных месцах, часта побач з іконамі. А продкі сённяшніх жыхароў Асінаўкі належылі да Цётчанскага праваслаўнага прыходу Ільінскай царквы.– Як добра, што мы прыехалі, – не маглі стрымаць захаплення ад свята, выступлення артыстаў Н.С.Краснова і Э.С.Талубеева. – Ніколькі не шкадуем, прыязджайце да нас летам.

І сапраўды, так пляскалі ў далоні жанчыны, да слёз смяяліся з баек Т.Барадзёнак у выкананні Пятра Алексяёнка, з прыпевак матырынскіх культработнікаў Наталлі і Галіны Рудзёнак. І кожны ў задуменні прыгадаў сваю матулю, калі загучала песня аб самым блізкім чалавеку.

Да лета бягучага года даглядала маці Эмілія Станіславаўна Талубеева. Роза Міхайлаўна Трыгорлава таксама вярнулася ў родную Асінаўку, каб быць побач з маці. Так і засталася. Трымала разам з Міхаілам Мікалаевічам Белавусавым вялікую гаспадарку: дзве каровы, каня, садзіць да трох квактух, каб быць з мясам і яйкамі. Ну а колькі ў яе палісадніку і за агароджай кветак! Невыпадкова далі ёй бацькі імя Роза. Праўда не ружы займаюць сэрца жанчыны, а “белая нявеста”, гваздзікі, півоні, астры, лілеі, вялізны з пальмавымі лістамі кляшчэўнік. Упрыгожаны двор і малымі архітэктурнымі формамі з пластыкавых бутэлек. Сама жанчына жартуе, што кветкі яна не садзіць, насяваюцца штогод самі… Відаць, любоў у іх узаемная.

Хто ж у Асінаўцы здзівіў больш усіх, дык гэта Васіль Іванавіч Каваленка. На сваім участку ля дома ён садзіць не вінаград ці персік, а асіны. Дрэў, якія і далі назву вёсцы, у ёй, здаецца, павінна хапаць па вызначэнні. Але Васіль Іванавіч кажа, што ля дома няма, ён жа хоча і падасінавікі збіраць, не выходзячы са двара. Гэта ў яго дача, а вока ж на маляўнічы куток паклаў яшчэ ў часы пракладкі тут газаправода “Дружба”, менавіта ў гэтым доме і жылі тады рабочыя. Падрамантаваў, сочыць за парадкам, паставіў арэлі для ўнукаў, якія любяць тут бавіць час летам.Не шукаў сабе дач у Падмаскоўі і Альберт Станіслававіч Пілкоўскі. Зрабіў прыбудову да матчынай хаты, лазню – і іх сядзіба зараз радуе вока. Мясцовая, з суседняй Кавалеўшчыны, і жонка Ніна Іванаўна. Абжыліся на роднай зямлі грунтоўна, уласныя прыпасы вязуць у сталіцу Расіі з градак, на якіх, дарэчы, нават у верасні раслі зялёныя агурочкі.

Такія яны, жыхары Асінаўкі. Руплівыя, працавітыя, вельмі дружныя і гасцінныя. Літаральна кожны абавязкова пачастуе вас слівамі, яблыкамі, мёдам… усім, што расце ў іх садах. Вось і на свята вёскі нанеслі розных прысмакаў. Не гасцямі, а гаспадарамі з’яўляюцца яны і на роднай зямлі. І захавалі тое, чым некалі вызначалася кожная вёска, – адкрытасцю, шчырасцю адзін да аднаго і людзей. Уменнем падзяліцца апошнім і дапамагчы.

В.КАРАЛЕНКА.



2 комментария по теме “Деревня Осиновка Глыбоченского сельсовета стала победителем конкурса по благоустройству среди сельских населённых пунктов Ушачского района

  1. отчего же не поместить на сайте фотки всех усадеб, которые победители в разных номинациях? всем интересно было бы посмотреть,поучиться,так сказать,на лучших примерах

  2. мы планировали это сделать. К сожалению, объём соответствующей презентации превышает предельно допустимый для сайта. Подумаем, что можно сделать…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *