В Ушачах проводили зиму

Мир увлечений Творчество наших земляков

У народзе кажуць: як Масленіцу правядзеш – так увесь год пройдзе. Напэўна, таму праводзіны зімы заўсёды адзначаюцца на Ушаччыне весела, з заліхвацкімі гуляннямі і багатымі пачастункамі.

У нядзелю, 2 сакавіка, на цэнтральнай плошчы гарпасёлка было незвычайна мнагалюдна. Усе, самыя маленькія ўдзельнікі святочнага дзейства і дарослыя, маглі паўдзельнічаць у розных конкурсах і гульнях, спартыўных і забаўляльных – скажам, выцягнуць вудай прыз ці праверыць сваю трапнасць у стральбе. Ахвотна набывалі прысутныя латарэі і выйгравалі самыя розныя рэчы. Для прыкладу, прыватны прадпрымальнік, уладальнік папулярнай ва ўшачан “Чайнай лаўкі” Аляксандр Лісоўскі ў якасці прыза атрымаў набор духмяных траў.

– Вельмі карысны падарунак, – адзначыў малады чалавек. – Часта п’ю гарбату з беларускімі травамі, бо лічу, што такія напоі – крыніца здароўя і бадзёрасці. Прыемна, што арганізатары прыдумалі такія цудоўныя прызы.

Усё свята суправаджалася цікавым канцэртам, падрыхтаваным работнікамі культуры. Вясёлыя песні, прыпеўкі, гумарэскі выклікалі ўсмешкі на тварах людзей і ўзнімалі настрой. Некаторыя былі не супраць і патанцаваць разам з артыстамі пад іх песні.

– Стараюся ніколі не прапускаць падобных святаў і абавязкова бяру з сабой дзяцей, – расказаў малады тата Вячаслаў Шэўчанка. – Гэта добрая магчымасць не толькі весела правесці час, але і далучыць малых да багатай беларускай культуры.

– Цаніць і працягваць традыцыі нашых продкаў павінен кожны паважаючы сябе чалавек. Не толькі сама так лічу, але і вучу гэтаму на сваіх уроках школьнікаў, – адзначыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ушацкай СШ Святлана Закрэўская, якая прыйшла на свята з усёй сваёй сям’ёй.

Ну а якая ж Масленіца без бліноў? Бойка ішоў гандаль гэтай святочнай стравай і іншымі прысмакамі ў гандлёвых палатках райспажыўтаварыства і прадпрыемстваў Полацка.

– Набыла сёння смачны торцік, – падзялілася добрым настроем ушачанка Людміла Клопава. – Днямі буду святкаваць свой Дзень нараджэння, а таму гэты ласунак будзе вельмі дарэчы да святочнага стала.

Са сваімі блінамі і іншымі абрадавымі стравамі на свята Масленіцы завіталі прадстаўнікі сельсаветаў раёна. На імправізаваным падворку Жарскага можна было паспытаць бліны з рознымі начынкамі, прыгатаванымі загадчыцамі Старасельскага СДК Аленай Алексяёнак, Жарскай бібліятэкі Аленай Сальнік і, вядома ж, “гаспадыняй” падворка – старшынёй сельскага Савета дэпутатаў Святланай Міхейкай. Падоўгу не адыходзілі дбайныя ўшацкія гаспадыні ад падворка Глыбачанскага сельсавета: запісвалі “каронны” рэцэпт сонечна-жоўтых бліноў з куркумай старшыні сельвыканкама Людмілы Храмцовай, ласаваліся пышкамі з карамеллю і бліннымі канвертамі з вінаградным жэле ад дырэктара Глыбачанскага сельскага Дома культуры Аксаны Жогаль, смакавалі бліны са слівовым варэннем ад мастацкага кіраўніка СДК Алены Вашчанкі. Не толькі духмянымі блінамі, але і гарачай гарбатай частавалі гасцей і ўдзельнікі народнага клуба “Прысмакі” раённага метадычнага цэнтра.

Завяршальным жа этапам свята традыцыйна стала спальванне чучала зімы. Згодна з народным павер’ем, разам з ім павінна “згарэць” усё нядобрае, што перашкаджае людзям радавацца жыццю, вясне, абнаўленню.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *