Команда ветеранов Ушачского района стала победителем первого мини-футбольного турнира на недавно открытой площадке

Cпорт Здравоохранение Мир увлечений Наши земляки

Першы турнір на новай міні-футбольнай пляцоўцы ва Ушачах не заставіў сябе доўга чакаць. Яшчэ падчас урачыстага адкрыцця аб’екта старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч і кіраўнік свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск» Сяргей Віктаравіч Сташэўскі, які прысутнічаў у ліку ганаровых гасцей, дамовіліся сабраць каманды і згуляць таварыскую сустрэчу. А дзякуючы ініцыятыўнасці трэнера па футболе Ушацкай ДЮСШ Віктара Аляксандравіча Лук’яненкі і наладжаным ім за дзесяцігоддзі кантактам, замест таварыскай сустрэчы 22 кастрычніка атрымаўся прадстаўнічы міні-футбольны турнір.

Пяць каманд у аднакругавым турніры аспрэчвалі першынства. Да пачатку гульняў, якое было запланавана на 11 гадзін, на пляцоўцы і побач з ёй разміналіся ігракі чатырох каманд — чакалі толькі мінскі «Метрабуд». У гэты марозны ясны дзень змянілі дзелавыя касцюмы на футбольную форму з шыпоўкамі не толькі старшыня райвыканкама, але і дырэктары санаторыя «Лясныя азёры» І.А.Шыян, лясгаса М.М.Лёля, УП ЖКГ С.Б.Завадскі, галоўны спецыяліст райсельгасхарча М.А.Шук, а месца ў варотах заняў дырэктар Ушацкай школы В.В.Клімашэўскі. Узмацніў каманду старшыні Сяргей Кіслы, адзіны з саставу, хто прафесійна займаўся футболам.

Зразумела, што ім было складана змагацца з сапернікамі, ў складзе якіх было шмат былых футбалістаў, ды і збалансаваныя каманды з Лепеля, Віцебска, мінскага «Метрабуда» і ветэранаў футбола нашага раёна на працягу года збіраюцца, трэніруюцца, гуляюць ў розных турнірах. У зборнай Лепеля, напрыклад, былі сабраны ўдзельнікі шматлікіх абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Моцную каманду мінскага «Метрабуда» прывёз Васіль Гембіцкі, які ў 1985 годзе пасля заканчэння Лепельскага меліярацыйнага тэхнікума быў размеркаваны ва Ушацкае ПМК-50, гуляў за зборную нашага раёна. У складзе сталічнай дружыны можна выдзеліць і самага ўзроставага іграка, Аляксандра Гулава, які калісьці выступаў за зборную БССР з легендарнымі членамі «залатога» мінскага «Дынама» Юрыем Пудышавым і Уладзімірам Курненіным. У складзе каманды ветэранаў Ушацкага раёна на пляцоўку выходзілі Віктар Лук’яненка, Уладзімір Ларчанка ?, настаўнікі фізкультуры, сярод якіх сваёй тэхнікай выдзяляўся Віталь Карабань. Прыехаў падтрымаць ушацкіх ветэранаў Генадзь Лапо, прадпрымальнік са Стаўбцоў, які ў маладосці прафесійна займаўся футболам, выступаў ў першынстве Эстоніі. Для нашага раёна ён не чужы чалавек, бо значны час працаваў у сферы дрэваапрацоўкі, трымаў пілараму ў Дубінцы Вялікадолецкага сельсавета. За віцебскую каманду таксама выступала некалькі былых футбалістаў.

Гледачы, якіх за некалькі гадзін правядзення турніру сабралася нямала, ўбачылі галы на любы густ: пасля цудоўных шматхадовых камбінацый, індывідуальных праходаў, забітых трапнымі дальнімі ўдарамі. У перапынках паміж матчамі ўдзельнікі горача каменціравалі гульні сапернікаў, грэліся гарачай гарбатай ці кавай, гасцінна прапанаванымі арганізатарамі турніру у сценах ДЮСШ. Улічваючы ўзровень майстэрства палявых ігракоў і памеры пляцоўкі, вялікая нагрузка выпала на варатароў каманд. І трэба адзначыць, што ігракі гэтага амплуа з Ушач калі крыху і саступалі ў майстэрстве былым прафесіяналам, то ў азарце і жаданні адстаяць свае вароты — ніколькі. Шмат удараў «пацягнуў» Віталь Клімашэўскі, ну а ў тым, што каманда «Метрабуда» заняла другое месца, вялікая заслуга нашага Сяргея Манецкага, які выдатна падмяніў захварэўшага варатара мінчан. Трэцяе места заняла дружная каманда Лепеля, а каманда ветэранаў Ушацкага раёна не прайграўшы ніводнай сустрэчы па праве прызнана першай. Пераможцаў і прызёраў медалямі і дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму ўзнагародзіў яго начальнік, Іна Фёдараўна Сыроўчанка.

Пасля падвядзення вынікаў і ўзнагароджання футбалісты яшчэ доўга і горача абмяркоўвалі перыпетыі гульні і ў сваю чаргу дзякавалі арганізатарам за магчымасць яшчэ раз сустрэцца з сябрамі-сапернікамі. У Год гасціннасці высокі ўзровень арганізацыі і правядзення турніру на ўшацкай зямлі адзначылі ўсе яго ўдзельнікі і пажадалі, каб ён стаў традыцыйным.

Д.Раманоўскі.



1 комментарий по теме “Команда ветеранов Ушачского района стала победителем первого мини-футбольного турнира на недавно открытой площадке

  1. Віктар Віктаравіч Родзіч — молодец !!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *