Ушачанки активно посещают занятия спортивного клуба «Импульс» на базе «Юность-Ушачи»

Cпорт

Галіну Даўгаполаву да фізкультурна-аздараўленчага комплексу падвезлі на машыне, Яўгенія Пятніца, можна сказаць, “перакулілася” праз горку – жыве на Віцебскай. Ну а Ларыса Талмачова зрабіла размінку перад заняткамі спартыўнага клуба “Імпульс” – падкаціла да веласіпедзе. Але незалежна ад таго, як дабіраюцца да “Юнацтва-Ушачы” жанчыны, усе да адной заходзяць у залу з выдатным настроем. Такая ў іх дамоўленасць з кіраўніком Таццянай Леанідаўнай Клопавай: часцей усміхацца, хадзіць з роўнай асанкай і горда ўзнятай галавой.

Пераканалася ў гэтым на першых хвілінах заняткаў па дружных апладысментах. Такім чынам 29 наведвальніц рэагавалі на чатырохрадкоўе Валянціны Дунік:

“Чтоб быць красивой, заводной,

Всего важнее – бодрость духа.

Жить можно молодо и в семьдесят.

А можно в 20 – как старуха”.

Іх можна лічыць дэвізам, такі ж сэнс і ў спецыяльна напісаным яшчэ пры заснаванні. Гэтых розных жанчын, старэйшым з якіх за семдзесят, а маладзейшыя яшчэ нядаўна хадзілі на работу, аб’ядноўвае менавіта бадзёрасць духу. А вось каб такім жа было і цела, яны прыходзяць у “Імпульс”.

Спачатку паўгадзіны заняткаў у зале на матах. “Тут веласіпед” рабіць цяжэй, чым рэальна круціць педалі, – смяецца Л.Талмачова, а сяброўкі па цэху падхопліваюць: “Ага, ланцуг увесь час звальваецца”. Так яны жартуюць над сабой, паколькі практыкаванні хоць і не вельмі складаныя, але без прывычкі даюцца няпроста. Ногі ў мяне загудзелі пасля першых васьмі падыманняў на наскі, а пакідаючы залу, умела ўжо правільна прысядаць. Падаецца смешным? Аднак не пераканана, што вы гэта робіце як трэба: без нагрузкі на калені. Тлумачыць на словах складана, а пасля нагляднага паказу Таццяны Леанідаўны – зусім іншая справа. Яна ж – гуляючы трэнер: разам з усімі выконвае практыкаванні, а калі патрэбна – карэкціруе рухі.

– А яшчэ мы вучымся правільна дыхаць – гэта аснова. Мабыць забываемся, збіваемся, аднак замацоўваем, – расказвае Т.Л.Клопава пра сваю методыку. Элементы заняткаў, канечне, пазычаны з розных крыніц, але паколькі перабрана іх вельмі многа, то праграму ўжо можна лічыць аўтарскай. – У нас нават не аздараўленчая, а адаптыўная фізкультура, галоўны прынцып якой – дапамагчы камфортна сябе адчуваць людзям з рознай немаччу. Практычна ж у кожнага з узростам артрыты, артрозы, іншыя захворванні апорна-рухальнай сістэмы. Таму за аснову ўзяла методыку Бубноўскага – урача, які пасля аварыі сам паставіў сябе на ногі з дапамогай спецыяльных практыкаванняў. Часта раюся з дачкой, яна ў мяне скончыла магістратуру якраз па развіцці сілы і вынослівасці. Вельмі хвалявалася перад пачаткам, баялася нашкодзіць, распытвала пра дыягназы, а цяпер бачу, што жанчынам падабаецца. Што і пацвердзілі літаральна ўсе ўдзельніцы “Імпульса”.

– Я вельмі ўдзячна Таццяне Леанідаўне за практычна індывідуальныя заняткі. У мяне хворы тазабедраны сустаў, і прыйшла я сюды з рэальным болем. Зараз ужо не адчуваю, хоць працяглы час не магла наведваць заняткі, – расказвае Людміла Лосева. – Дарэчы, грошы за нявыкарыстаны абанемент мне перанеслі на наступны месяц.

Таксама артроз у Святланы Маршалавай, а яна ўжо год не была ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні бальніцы. Самымі карыснымі працэдурамі лічыць заняткі, таму трэнажорную залу і басейн наведвала з дня адкрыцця, з задавальненнем прыйшла і ў “Імпульс”, дзе ўсё па сістэме і пад наглядам. Як і Тамара Чабатар, якая пяць гадоў таму мела траўму пазваночніка. Медык па адукацыі добра ведае, што масаж у такіх выпадках супрацьпаказаны, а вось расцяжкі і расслабляючы эфект вады – наадварот.

Канечне, многа ў “Імпульсе” такіх жанчын, хто займаўся і самастойна. Аздараўленчая гімнастыка – ужо пятнаццаць гадоў у дзённым раскладзе В.Дунік. Мая Секан наведвала спартыўныя комплексы, яшчэ жывучы ў Мінску, а ўшацкі лічыць адным з лепшых. Наталля Рачкоўская заўсёды імкнулася не адставаць ад спартыўных сына і мужа і ў 55 яшчэ паспяхова выступала на лыжах за прадпрыемства меліярацыйных сістэм, але на чацвёрты паверх усё ж падымалася з задышкай. Пасля паўтара месяца заняткаў яна знікла. А нядаўна з сынам-футбалістам па лесвіцы спускаліся, ён прыкмеціў, як праз ступеньку пралятае, пахваліў. “Я на кілаграм пахудзела, – задаволена ўсміхаецца Раіса Якубёнак, і дадае, – але галоўнае, што размінаюцца абсалютна ўсе мышцы”.

“Дзякуй Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку за гэту казку”, – казалі Людміла Усцінава і Лідзія Броўка. У дні без заняткаў жанчыны сумуюць, таму па-ранейшаму ходзяць па сем кіламетраў. І пераканаўча зазначаюць, што не трэба баяцца выходзіць на пенсію, наадварот, варта як мага раней, каб нарэшце заняцца сабой, пачаць рабіць тое, што любіш і на што катастрафічна не хапала часу. А Т.Клопава дадае, што хоць усё жыццё ў спорце, аднак аднаўляцца і лепш адчуваць сябе пачала таксама з “Імпульсам”. І калі жанчыны ў голас сцвярджаюць пра матчын клопат з яе боку, яна адзначае, што кожная з яе падапечных, якіх яна кліча па імя, дапамагла лягчэй перанесці нядаўнюю страту матулі.

Вольга Караленка.

*Ідэя стварэння спартыўнага клуба для пенсіянераў належыць старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Ніне Аляксандраўне Васілеўскай. Імпульсам жа стаў візіт падобнага гуртка з Глыбокага – таму і назва з’явілася сама сабой. Паглядзеўшы ж, як “бабулі” садзяцца на шпагат, ушачане рашылі, што нічым не горш. І калі ў верасні было толькі 9 наведвальніц, то сёння ўжо тры дзясяткі.

* Заняткі праводзяцца тры разы на тыдні па паўтары гадзіны кожны. Трыццаць хвілін – практыкаванні ў зале, столькі ж – на трэнажорах і плаванне ў басейне. Апошні жанчыны наведваюць па жаданні, як і выбіраюць форму аплаты. Можна – непасрэдна перад сеансам, але больш выгадна набыць абанемент: 10 рублёў за месячны курс заняткаў і столькі ж пры наведванні басейна. Учора ж “Імпульс” далучыў да рэлаксацыі яшчэ і сауну.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *