Студии степ-аэробики «Каранавал» и «Фиеста» Ушачского районного Дома культуры привлекают любителей активного отдыха и здорового образа жизни.

Здравоохранение Мир увлечений Экономика и малый бизнес

Калі рух – гэта жыццё, то рух пад музыку – жыццё яркае, святочнае, суцэльны “Карнавал” і “Фіеста”. Нездарма менавіта так называюцца студыі стэп-аэробікі з вывучэннем іспанскага, лацінаамерыканскага і ўсходняга танца, якія па вечарах запрашаюць ушачанак у чароўнае царства прыгожых рухаў.Калі многія з нас пасля напружанага працоўнага дня спяшаюцца дадому, каб пагрузіцца ў бяздонне бытавой мітусні ці ўладкавацца на канапе перад тэлевізарам, гэтыя жанчыны збіраюцца ва ўтульнай зале на трэцім паверсе РДК, каб прысвяціць вольны час самаўдасканаленню. “Серыялы па вечарах? Гэта не для нас!” – у адзін голас усклікаюць мае субяседніцы і дадаюць, што адзіная ўважлівая прычына, па якой яны могуць прапусціць занятак – гэта хвароба. “Калі нядаўна Дом культуры з-за тэхнічнай аварыі на некалькі дзён застаўся без электрычнасці, мы вельмі сумавалі і не маглі дачакацца ўзнаўлення заняткаў!” – расказвае ўдзельніца студыі “Карнавал” Валянціна Дзярбасава. Гэта абаяльная стройная жанчына выглядае куды маладзей пашпартнага ўзросту – у тым ліку і таму, што ўжо паўтара года наведвае танцавальныя заняткі. У разрад “старажылаў” можна таксама занесці заўсёды энергічных, усмешлівых прыгажунь Алену Банеўскую і Таццяну Аніскевіч. Увогуле для тых, хто хоча наведваць заняткі студый, узроставых абмежаванняў няма: прыходзяць сюды дзяўчаты, якія зусім нядаўна прыбылі ў раён па размеркаванні, а ёсць сярод удзельніц і тыя, хто ўжо паспеў адсвяткаваць залатое вяселле! У планах кіраўніка – дыпламаванага харэографа Дзіны Пенкальскай – набор яшчэ адной жаночай групы, а таксама стварэнне студыі для маленькіх дзяўчат 7-10 гадоў. “Вучыцца быць прыгожай, дасканала валодаць сваім целам, уменню сябе выгадна падаць трэба з дзяцінства, – упэўнена Дзіна Паўлаўна. – І разам з тым, ніколі не позна паспрабаваць сябе на паркеце, нават калі мяркуеш, што ў цябе няма ніякіх здольнасцей да танцаў. Мы не маем мэты выхаваць віртуозных танцоўшчыц, не рыхтуем нумары для канцэртаў. Нашы жанчыны танцуюць для сябе, для сваіх мужоў, сяброў. Бываюць, праўда, і публічныя выступленні. Вось нядаўна падчас святкавання юбілею адной з удзельніц яе сяброўкі падрыхтавалі сюрпрыз для гасцей – станцавалі ўсходні танец. Поспех быў ашаламляльны! Нашы шыкоўныя дамы сталі зоркамі свята”.

Стэп-аэробіка дазваляе ў танцавальнай форме трэніраваць розныя групы мышцаў. Ведаюць удзельніцы і харэаграфічныя асновы: з лёгкасцю дэманструюць класічныя пазіцыі, асвойваюць грацыю вальса і рытмічнасць самбы. “Танцы – гэта не адзінае, што нас звязвае, – расказвае Валянціна Дзярбасава, – мы дзелімся жыццёвым вопытам, абменьваемся рэцэптамі страў і ўдалымі дыетамі (сярод нас нямала тых, хто вядзе барацьбу з лішняй вагой) – адным словам, наладжваем сяброўскія стасункі”. “А яшчэ заўсёды жартуем, смяёмся, узнімаем адна адной настрой”, – дадаюць яе сяброўкі па студыі Анастасія Петухова і Вольга Пугачова. І сапраўды, гукі завадной мамбы, якую развучвалі ўдзельніцы студыі ў гэты вечар, настройвалі на хвалю пазітыву, а вялікае люстэрка на сцяне адбівала задорныя ўсмешкі на іх прыемных тварах. Жанчына павінна ў першую чаргу падабацца самой сабе – тады яна будзе прывабнай і для іншых.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *