По роду своей деятельности Сергей Горбачёв хорошо знает всех жителей Веркудского сельсовета

Экономика и малый бизнес

Па спецыфіцы прафесійнай дзейнасці Сяргей Аляксандравіч Гарбачоў ведае кожнага са сваіх аднавяскоўцаў і жыхароў сельсавета літаральна ў твар. І хаця кіраўніком справамі Вяркудскага сельвыканкама мужчына працуе ўсяго трэці год, ён тут вырас, таму з насельніцтвам аграгарадка і навакольных вёсак знаёмы з малых гадоў. Улічваючы гэтыя факты, прадметнай дасведчанасці Сяргея Аляксандравіча аб праблемах людзей не здзіўляешся. Тым больш што гэта той чалавек, які вядзе справаводства, рэгіструе, напрыклад, запісы актаў грамадзянскага стану. Калі прасцей, то дакументальнае суправаджэнне любога пытання, па якім звяртаюцца вяскоўцы – сфера адказнасці менавіта С.А.Гарбачова.

Сям’я пераехала з Вялікіх Дольцаў у Вяркуды, калі яму было два гады. Бацькі працавалі настаўнікамі: Ірына Уладзіміраўна выкладала матэматыку, а Аляксандр Аляксандравіч – фізіку. Бацькоўскія схільнасці да дакладных навук перадаліся і сыну. Ён скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, атрымаў прафесію інжынера-тэхнолага і каля чатырох гадоў працаваў у Расіі наладчыкам абсталявання на адным з харчовых камбінатаў Маскоўскай вобласці. Аднак вярнуўся на радзіму, дзе карэнным чынам змяніў напрамак дзейнасці – заняўся адміністрацыйнай і канцылярскай работай, якой з матэматычным разлікам авалодаў дасканала.

А грамадскім актывістам ён быў заўсёды. Таму, калі прапанавалі балаціравацца ў дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, асабліва і не вагаўся, справядліва вырашыўшы, што па вялікім рахунку і дагэтуль займаўся той самай працай, якую трэба будзе рабіць і ў новым статусе, калі вяскоўцы падтрымаюць яго кандыдатуру.

Работы хапае, бо на тэрыторыі яго выбарчай акругі налічваецца каля 25 вёсак, пражывае прыкладна 400 чалавек. Сяргей Аляксандравіч кажа, што шмат сярод іх так званых “маладых” пенсіянераў, але ім усё роўна трэба дапамагаць з добраўпарадкаваннем населеных пунктаў і найперш – з арганізацыяй сумеснай працы: ён збіраецца арганізаваць “дэсанты” для ўборкі смецця і барацьбы з баршчэўнікам. Актуальныя для сельсавета і пытанні рамонту дарог, водазабеспячэння, бо ў некаторых вёсках неабходна капаць вельмі глыбокія калодзежы. Здаецца, будзённыя справы – але іх вырашэнне значна ўплывае на жыццезабеспячэнне людзей.

Адной з важнейшых задач кіраўнік справамі таксама лічыць садзейнічанне ў вырашэнні праблемы занятасці вяскоўцаў – гэта пытанне ў рэгіёне вельмі вострае, бо тут амаль няма вытворчых прадпрыемстваў.

Сяргей Аляксандравіч прызнаецца, што любіць рыбалку, футбол і паходы – і гэта нядзіўна, бо яму ж яшчэ толькі трыццаць чатыры. Ды і як не мець падобных захапленняў, калі пашчасціла жыць у такім маляўнічым куточку роднай Ушаччыны, захаваць прыгажосць якога – таксама мэта яго жыцця і дзейнасці.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *