Батанічны сад на пяці сотках

Калейдоскоп

З Зінаідай Еўдакімаўнай Жогаль мы знаёмы па сумеснай рабоце сакратарамі партарганізацый. І хоць сёння да партыйнага руху не кожны адносіцца аднолькава, усе бачылі, што ў нашым раёне было шмат добрых спраў. Працаваць даводзілася бясплатна. Услаўлялі перадавікоў, шырока знаёмілі з дасягненнямі. Агітработа праводзілася на высокім узроўні. У той жа час мы на рабоце не замыкаліся. Стваралі свае сем’і, клапаціліся аб сваім жыллі, аб добраўпарадкаванні, прыгажосці.

Так і тут. Сышліся два любячыя сэрцы: дзяўчына з Завячэлля і хлопец з Ціханят. Пачалося сямейнае жыццё. Перш-наперш паўстала пытанне, дзе жыць. Вырашылі будаваць хату ў пасёлку льнозавода. Тут і пачалося: днём – праца на прадпрыемстве, вечарам – будоўля. Плячо ў плячо з мужам рабіла ўсё неабходнае Зінаіда. Ці раствор мяшаць, ці падносіць яго або будаўнічыя матэрыялы – усюды яна не адставала. Так, бывала, стоміцца за дзень, што ўвечары пап’е чаю з чорным хлебам, бо прысмакі купляць не выходзіла, амаль усе грошы ішлі на будаўніцтва, і заваліцца спаць.

Так дом атрымаўся прыгожы і светлы.

Адзін за адным нарадзіліся два сыны. Сталі на крыло, вылецелі з бацькоўскага гнязда, стварылі свае сем’і. Пабудавалі сабе жыллё. Падрастаюць унукі.

А што да работы Зінаіды Еўдакімаўны, то дзе б яна ні працавала, заўсёды паказвала прыклад добрасумленных адносін да працы (на льнозаводзе, у райспажыўтаварыстве), прыклад у быце.

Непрыкметна праляцелі гады. Вось і пенсіянерка. Больш часу цяпер можна аддаць любімай справе – кветкаводству. А яму адведзена на ўчастку ні многа, ні мала, а пяць сотак. Нездарма Зінаіда Еўдакімаўна нядаўна атрымала прэмію па выніках добраўпарадкавання ў гарпасёлку.

Пры падыходзе да дома Жогаляў бачны высокія фігуры хлопца і дзяўчыны. Яна – з каромыслам і вёдрамі, ён – з кошыкам. Тут створаны цэлы ансамбль малых архітэктурных форм. З прыгожага вадаёмчыка выцякае сухі ручай. На ім два лебедзі. На дрэве ў гняздзе з прутоў вярбы сядзяць два буслы. На пнях – штучныя апенькі з накрывак. Я нават падумала, што яны сапраўдныя. Мноства грыбоў рознакаляровых зроблена і з камення. Пабудавана альпійская горка.

Пасля зімы парад кветак пачынаюць крокусы, гіяцынты, цюльпаны, нарцысы. І так адзін за адным з’яўляюцца ўсё новыя і новыя аж да восені.

Мноства вяргінь і хрызантэм, гладыёлусы, дзевяць сартоў касачоў. Ружы – любімая кветка гаспадыні. Сама іх разводзіць, сама чаранкуе. Іх шмат, і цвітуць яны ўсё лета да замаразкаў. Некалькі сартоў спірэі. Колхікум і ачыток высокі заканчваюць кветкавы парад.

У той час, калі ў крамах не хапала некаторых прадуктаў і мы ездзілі ў Вільнюс, у асноўным за каўбасамі, то Зінаіда Еўдакімаўна бегла на базар і купляла там розныя кветкі і рэдкія расліны. Упершыню ў нашым раёне я ўбачыла ў яе малінелу і сахалінскую грэчку. Гэта такая расліна метры пад два, расцвітае ў другой палове лета белымі “свечкамі”. Глядзіш на яе і думаеш-гадаеш, ці гэта белы бэз, ці позняя чаромха, ці каштан. Вельмі прыгожа. На зіму верхняя частка знікае. Нават кветкавод з Глыбокага, якая прадае кветкі ў нас на базары, не бачыла такіх раслін і папрасіла ў Зінаіды Еўдакімаўны.

Прыцягвае ўвагу вялізны куст з чорнымі гронкамі ягад. Гэта амерыканскі лаканос фіталана.

На гэтым жа ўчастку шмат кустоў розных прыгожа цвітучых, дэкаратыўных. Толькі жымаласці тры сарты: капрыфоль, сіроціна, браўна.

Больш за чатырыста відаў розных раслін растуць побач.

Вялікімі гронкамі звісае вінаград. Ёсць буякі садовыя, на іх цяпер у аматараў бум.

Што б ні пісала пра кветкі, а яны не заслугоўваюць, напэўна, такой увагі, як сад лекавых раслін. А іх тут больш за сорак відаў.

Вельмі каштоўная – актынідыя каламінта. З прыходам рыначных адносін яна не стала для нас дзівам. Гэта па смаку як ківі, памерам з жолуд. Жывы БАД. Вітаміна куды больш, чым у чорных парэчках ці цытрусавых. Нямала мікраэлементаў, актыўных рэчываў.

Элексірам жыцця і здароўя з’яўляецца лапчатка белая, якая лечыць нямала хвароб, асабліва шчытападобную залозу. Яе ў Зінаіды Еўдакімаўны цэлая ляха.

Душыца – капілка селену, без якога не працуе сардэчная мышца.

Здавалася б, пры такой колькасці лекавых, кветкавых, дэкаратыўных раслін, дзе знайсці гаспадыні час займацца агародам. Аказваецца, і ён дагледжаны. Дзесяць сотак раздзелены на дзве палавіны разорай. На адной – бульба, на другой – буракі і агародніна.

Бульбу Жогалі садзяць па адпрацаванай тэхналогіі і нават сёлета, у неспрыяльны год, з пяці сотак атрымалі дваццаць мяхоў. У іх яна засцілае барозны і зацвітае, калі ў большасці гаспадароў толькі ўзыходзіць. Ніякіх хімічных прэпаратаў ні ад каларадскіх жукоў, ні ад фітафторы не прымяняецца. Бо пакуль тыя жукі ці фітафтора, бульба ўжо вырасла.

Памідоры Зінаіда Еўдакімаўна садзіць у адкрытым грунце і ў цяпліцы. Падлік вядзе вёдрамі. Дойдзе да 25-ці і спыніцца. А яны ўсё ёсць і ёсць да самых замаразкаў. Так і з іншай агароднінай.

Пладовы сад прадстаўлены мноствам дрэў.

Асабістая гаспадарка ёсць таксама. Жогалі трымаюць карову, зааненскую казу, трусоў і курэй.

Зінаіда Еўдакімаўна знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Хоча перарабіць яшчэ свой кветнік, падабраць месца для сухога лебядзінага возера і дапоўніць колькасць архітэктурных форм.

Пра зробленае і свае задумы жанчына расказвае сяброўкам і ўдзельнікам клуба творчых сустрэч пры РДК, удзельніцай якога з’яўляецца. І ёсць што паслухаць, ёсць чаму павучыцца.

Г.СУРВІЛА,

в.Лутава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *