Качество закладки кормов в сельскохозяйственных предприятиях района — на особом контроле

Сельское хозяйство

Сёлетняя нарыхтоўка кармоў, як і шэраг іншых сезонных работ, з-за ўмоў надвор’я распачалася раней звыклых тэрмінаў і падышла да завяршэння ў тыя дні, калі летась касавіца толькі набірала абароты. Але сказаць, што тэрміны нарыхтоўкі травяных кармоў сталі для аграрыяў раёна нечаканымі – пакрывіць душой, бо вызначаны яны былі даўно. Своечасовасці падрыхтоўкі траншэй для закладкі сенажу, якасці работ і захаванню тэхналогіі, ад якіх будзе залежыць зімоўка жывёлы, надавалася асаблівая ўвага на пасяджэнні райвыканкама, быў праведзены раённы семінар, тэма гэта пастаянна гучыць і на вытворчых нарадах у кіраўніка раёна. Ураджай траў не радаваў аграрыяў, таму пытанне захавання кармоў выходзіць на пярэдні план. Вось толькі не ва ўсіх гаспадарках разумеюць важнасць гэтай справы.

На комплексе “Маяк” райаграсэрвіса закладка сенажу ў чацвер вялася з пераменным поспехам, хаця траншэю трэба было закрываць яшчэ пару дзён назад. Галоўны ветэрынарны ўрач раёна Васіль Леанідавіч Зелянік ахвяраваў першымі днямі водпуску, каб яшчэ раз пракантраляваць працэс, бо нараканняў на якасць корманарыхтоўкі ў гаспадарцы было шмат. Максімальны тэрмін закладкі сенажу па тэхналогіі складае не больш пяці дзён, таму і казаў Васіль Леанідавіч, што гэту масу ўжо сенажом назваць нельга, а сортнасць корму, яго пажыўныя якасці вызначацца праз месяц пасля закладкі. Але ўжо зараз з упэўненасцю можна сказаць, што высокага гатунку на гэтай траншэі не будзе.

Паступаючая на траншэю здробненая трава з-за вялікай вільготнасці не паддавалася трамбоўцы – магутны “Амкадор” разганяў яе коламі, нібы карабель хвалі. Работнікі комплексу ўручную раскатвалі рулоны сена і перасцілалі “зялёнку” слаямі, каб тэхніка магла заехаць.

– Да загадчыка комплексу Генадзя Шалыгі і простых працаўнікоў у мяне заўваг няма, – кажа В.Л.Зелянік. – Усё, што было ў іх сілах, яны зрабілі.

Сапраўды, недахопы, якія выявіў пасля наведвання комплексу старшыня райвыканкама, на гэтай траншэі былі выпраўлены – пад’езд вычышчаны, дно траншэі выслана, а яміна, якая поўнілася вадой і сокам, аказалася засыпанай.

Пытанне падрыхтоўкі траншэй на комплексе стаіць востра – пасля закрыцця прыгаданай класці кармы тут больш няма дзе – суседнія сховішчы не гатовы зусім: дно траншэй не ачышчана, глыбокія ямы запоўнены вадой, сцены не пабелены, на схілах адной траншэі наогул адсутнічаюць пліты. Закладаць у іх зялёную масу магчыма хіба што з дапамогай авіяцыі, бо пад’езды затоплены вадой – аб тым, каб асушыць гэтыя міні-вадаёмы загадзя, ніхто не паклапаціўся. Між тым, па словах В.Л.Зеленіка, у гаспадарцы маецца і тэхніка, і матэрыялы, каб якасна падрыхтавацца да работ. У якасці прыкладу прыводзіў Васіль Леанідавіч КУСГП “Вялікадолецкае”, дзе ва ўмовах абмежаваных фінансавых сродкаў для рамонту траншэй і выкладкі пад’ездаў да іх выкарыстоўвалі старыя бетонныя пліты, якія бралі з аб’ектаў жывёлагадоўлі, што зараз не запатрабаваны.

Зразумела, што ў гаспадарцы, якая доўгі час была без кіраўніка, абстаноўка складаная. Як ніхто і не аспрэчвае той факт, што тэхніка і людзі ў сельгаспрадпрыемствах заўсёды ў дэфіцыце. Але ж адсутнасць дырэктара не знімае адказнасці са спецыялістаў, а прыклад іншых гаспадарак паказвае, што працаваць можна нават на перспектыву, а не толькі вырашаючы пытанні ў дзень іх узнікнення.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *