Готовность сельскохозяйственных организаций района к работам по заготовке кормов стала основной темой заседания районного исполнительного комитета

Официально Сельское хозяйство

Асноўным пытаннем, якое разглядалася на чарговым пасяджэнні райвыканкама, была гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення работ па нарыхтоўцы кармоў. Са станам спраў прысутных азнаёміў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарча А.А.Чэрнікаў.

31700 тон кармавых адзінак трэба нарыхтаваць сёлета аграрыям, 18400 з іх – з траў першага ўкосу. Пры гэтым на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы прыйдзецца 33,3 цэнтнера кармавых адзінак. Па відах травяністых кармоў на зімова-стойлавы перыяд неабходна нарыхтаваць 4500 тон сена, 57000 – сенажу і 59000 – сіласу. Аб’ём летніх зялёных кармоў — 84929 тон зялёнай масы.

У гаспадарках раёна маецца 20 кормаўборачных камбайнаў (у тым ліку 13 энерганасычаных комплексаў КВК-800), 37 трактарных касілак, 19 грабляў-варушылак, 36 прычэпаў для перавозкі сянажнай масы, 21 прэс-падборшчык, адзін з якіх мае функцыю ўпакоўкі сенажу ў стрэйч-плёнку – гэтую прагрэсіўную тэхналогію змогуць апрабаваць шэраг сельгаспрадпрыемстваў: спецыяльны міжгаспадарчы атрад будзе працаваць па графіку.

На жаль, далёка не ўся названая вышэй тэхніка на пачатку тыдня знаходзілася ў спраўным стане – шмат праблем было ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, КУСГП “Кублічы” і “Арэхаўна”. Таму пастаўлена задача да пачатку чэрвеня забяспечыць поўную гатоўнасць тэхнікі. Акрамя таго на базе аграсэрвіса будзе створаны запас вузлоў, агрэгатаў і самых хадавых запчастак, а справіцца з раптоўнай паломкай тэхнікі непасрэдна ў полі механізатарам дапамогуць мабільныя рамонтныя звенні.

У дапамогу аграрыям прадпрыемствы раёна накіруюць 14 адзінак тэхнікі і 31 работніка. Занятыя на корманарыхтоўцы працаўнікі будуць забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, спецадзеннем.

Канечне, нарыхтаваць кармы – гэта палова справы, вельмі важна іх захаваць. У гаспадарках маецца 13 сенасховішчаў, 58 тыпавых сянажных і сіласных траншэй. Штогадовы вопыт паказвае, што пры захоўванні кармоў у “курганах” страты складаюць да 30 працэнтаў, таму варта максімальна выкарыстоўваць траншэйныя сховішчы. За корманарыхтоўкай будуць сачыць адказныя асобы: за работай у полі – спецыялісты агранамічнай службы гаспадарак, за трамбоўкай і ўкрываннем кармоў – заатэхнічнай, за ажыццяўленнем кантролю якасці – ветэрынарнай, за ўлікам, вядзеннем дакументацыі, налічэннем заработнай платы, арганізацыяй спаборніцтва – спецыялісты бухгалтарска-эканамічнай службы гаспадарак. Нарыхтоўка якаснага корму не павінна працягвацца больш 20 дзён. Пры належнай тэхнічнай забяспечанасці і спрыяльных умовах надвор’я ўборка траў першага ўкосу ў раёне можа быць завершана за 15 дзён.

Вядома ж, для правядзення нарыхтоўкі кармоў патрэбны немалыя сродкі – сёлета гэта больш 21 мільярда рублёў, у тым ліку 9 – на набыццё нафтапрадуктаў, 2,7 – на запчасткі, 8,9 – на заработную плату. Плануецца выкарыстоўваць наступныя крыніцы фінансавання: льготныя крэдыты банкаў на ГЗМ, абласны бюджэт, уласныя сродкі гаспадарак. Пры гэтым недахоп сродкаў складае 10,6 мільярда. Аднак, з-за наяўнасці праблемнай запазычанасці, якая па сельгаспрадпрыемствах раёна складае больш 8 мільярдаў, гаспадаркі не могуць прыступіць да асваення крэдытных рэсурсаў (выключэнне складае КУСГП “Глыбачаны”). Прапрацоўваецца пытанне пагашэння праблемнай запазычанасці праз Лепельскі малочнакансервавы камбінат па пералічэнні сродкаў на спецыяльныя рахункі.

Безумоўна, пры дэфіцыце сродкаў востра паўстае пытанне строгага ўліку і эканомнага выкарыстання паліва, а таксама беражлівых адносін да складанай тэхнікі – гэтаму павінна паспрыяць заключэнне з механізатарамі, якія на ёй працуюць, дагавораў аб матэрыяльнай адказнасці.

У абмеркаванні даклада актыўны ўдзел прынялі кіраўнікі гаспадарак і спецыялісты райсельгасхарча. У прыватнасці, дырэктар ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненка прапанаваў цэнтралізавана правесці тэхабслугоўванне трактароў і КВК па замене масла і фільтраў. Вынік размовы падвёў старшыня райвыканкама В.В.Родзіч: “Раёну па сілах дастойна і зладжана правесці корманарыхтоўку, бо для гэтага ёсць усе асноўныя састаўляючыя”.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *