Аварийная бригада РПУ «Ушачирайгаз» примет участие в финальном этапе конкурса профмастерства среди подразделений УП «Витебскоблгаз»

Экономика и малый бизнес

Конкурсы прафесійнага майстэрства сярод аварыйных брыгад у падраздзяленнях УП “Віцебскаблгаз” праходзяць пачынаючы з 1997 года. Спаборніцтвы дазваляюць не толькі вызначыць найбольш падрыхтаваных спецыялістаў, у чарговы раз адпрацаваць практычныя навыкі і праверыць узровень тэарэтычных ведаў – гэта яшчэ адна магчымасць для абмену вопытам і напрацоўкамі. Вялікае значэнне мае дух саперніцтва і магчымасць яшчэ раз адчуць сябе зладжанай камандай.

Для вызначэння лепшых з лепшых усе падраздзяленні газавай гаспадаркі вобласці штогод дзеляцца на тры зоны. Геаграфічнага прынцыпу тут не прытрымліваюцца, таму часта атрымліваецца, што паміж сабой спрачаюцца газавікі з розных канцоў рэгіёна. Цікава і тое, што аварыйная брыгада райгаза, на базе якога праводзіўся занальны конкурс, у ім не ўдзельнічае.

– Па дзве лепшыя аварыйныя брыгады ад кожнай зоны прымуць удзел у фінальным абласным конкурсе, – паведаміў вядучы інжынер тэхнічнай інспекцыі УП “Віцебскаблгаз” Сяргей Рыгоравіч Шматаў, які прыбыў у наш раён, калі на базе РВУ “Ушачырайгаз” праводзіліся такія спаборніцтвы. – Сёлета на базе вашага раёна спаборнічаюць газавікі з Оршы, Полацка, Шаркоўшчыны, Пастаў, Сянно, Міёраў, Лёзна, Глыбокага. Зразумела, што галоўны дэвіз нашых спаборніцтваў не “хутчэй, вышэй, мацней”, хаця ад хуткасці дзеянняў аварыйнай брыгады залежыць вельмі шмат. На днях такія ж занальныя спаборніцтвы праходзілі ў Талочыне – там каманда вашага райгаза заняла першае месца.

Аварыйная брыгада РВУ “Ушачырайгаз”, у склад якой уваходзяць вадзіцель Андрэй Васільевіч Мялешка і слесар Андрэй Мікалаевіч Дрозд пад кіраўніцтвам майстра Дзмітрыя Васільевіча Карэйшы, думкамі ўжо была на фінальных спаборніцтвах, для ўдзелу ў якіх спецыяльна не рыхтуюцца – пастаяннае павышэнне кваліфікацыі і адказныя адносіны да самаадукацыі дазваляюць трымаць высокую планку прафесіяналізму нягледзячы нават на не вельмі вялікі працоўны стаж.

– Патрабавальнае журы правярае ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі членаў брыгады, абсталяванне спецыяльных аўтамабіляў і парадак яго захавання, – прыгадвае асаблівасці прайшоўшага конкурсу Д.В.Карэйша. – Тэарэтычныя веды і дакладнасць работы з абсталяваннем неабходна паказаць і на практычных заданнях, умовы якіх максімальна набліжаныя да “баявых”. Ацэньваецца не толькі дакладнасць, паслядоўнасць і зладжанасць дзеянняў па лакалізацыі і ліквідацыі аварыйнай сітуацыі, але і захаванне правілаў тэхнікі бяспекі і аховы працы.

Удзельнікі конкурсу ва Ушачах, напрыклад, ліквідавалі ўцечкі газу на ўводзе ў жылы дом і на падземным газаправодзе, а нашы аварыйшчыкі ў Талачыне займаліся заменай крана на ўводзе да прыватнага жылля, ліквідацыяй парушэнняў газаправода нізкага ціску. Акрамя тэхнічных выпрабаванняў, Д.В.Карэйша паказаў высокі ўзровень ведаў і не пабаяўся часова “адключыць” ад газазабеспячэння ўвесь гарадскі пасёлак пры выкананні тэарэтычнага задання “ліквідацыя наступстваў парыву газаправода ля дома № 4 на вуліцы Віцебскай” – менавіта такое рашэнне аказалася адзіным правільным. Выконвалася яно з дапамогай камп’ютарнай праграмы “Панарама”, якая дазваляе бачыць стан спраў на любым аб’екце, што абслугоўваюць газавікі вобласці.

– У кожнага з нас свае функцыі, — кажа самы вопытны з брыгады А.В.Мялешка. – Але падмяніць адзін аднаго на розных відах работ можам без праблем.

Расказаў мне Андрэй Васільевіч, што выязджаць па званках грамадзян брыгадзе даводзіцца даволі часта, а вось рэальную небяспеку з іх нясуць нямногія. Пераважная большасць выклікаў аб “паху газу ў пад’ездзе”, на шчасце, аказваецца не адпавядаючай рэчаіснасці, але некалькі разоў у год выпадаюць і “баявыя” выезды, з якімі брыгады аварыйшчыкаў спраўляюцца паспяхова.

Перамогу ж на занальным конкурсе ва Ушачах атрымалі каманды з Полацка і Оршы. Яны стануць аднымі з сапернікаў брыгады Д.В.Карэйшы на фінальных абласных спаборніцтвах, правядзенне якіх запланавана на канец ліпеня. Такая канкурэнцыя нашых газавікоў не палохае, бо вопыт перамог над прадстаўнікамі буйных раёнаў і гарадоў яны ўжо маюць.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *