В центральной районной библиотеке прошло мероприятие по финансовому образованию с представителями двух банков

Экономика и малый бизнес

Падключыцца да інтэрнэт-банкінгу, не выходзячы з дома аформіць дэпазіт… Гэтыя і многія іншыя паслугі, якія прапануюць банкаўскія ўстановы, дагэтуль неапраўдана застаюцца “ў ценю” – бывае, мы проста пра іх не ведаем. Выправіць сітуацыю дапамагло мерапрыемства, наладжанае нядаўна ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. На бізнес-компас “Захавай свае капіталы” ў рамках сацыяльнага праекта “Па законах дарослага жыцця” былі запрошаны прадстаўнікі абодвух банкаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць ва Ушачах, і ўсе жадаючыя.

У Беларусі – зноў хваля кібермахлярстваў, толькі за мінулы год ва Ушацкім раёне іх зарэгістравана 14. Схема старая: злодзей тэлефануе на мабільны нумар чалавека (часта – на Viber), прадстаўляецца работнікам банка і просіць назваць даныя яго плацежнай карткі, маўляў, каб спыніць нападкі злачынцаў. Як адзначыла начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг №237 ААТ “Белаграпрамбанк” у г.п.Ушачы Д.М.Садоўская (на здымку), у такім разе лепш адразу скончыць размову. Уся інфармацыя пра карткі грамадзян, іх пашпартныя даныя ў банку маецца, ні адзін спецыяліст запытваць яе не будзе.

Расказала Дзіна Міхайлаўна і аб прадуктах, якія прапануе Белаграпрамбанк сваім кліентам, аб тых зменах, што адбываюцца для павышэння камфорту іх абслугоўвання. Напрыклад, у мінулым годзе ва Ушачах заменены банкамат – ён больш зручны і хуткі, а па рэнтабельнасці лепшы ў вобласці. У будынку ЦБП №237 з’явіўся больш сучасны інфакіёск, у планах – устаноўка такога ж з функцыяй cash-in, што дазволіць ажыццяўляць плацяжы не толькі праз картку, але і наяўнымі грашыма.

Заваявала папулярнасць у жыхароў раёна дзіцячая зберагальная праграма “Расці вялікі”, усё часцей афармляюцца дзіцячыя банкаўскія карткі – для разліку, скажам, у школьнай сталовай.

Нагадала Д.М.Садоўская пра дэпазіты банка, акцыі, што перыядычна праводзяцца сярод кліентаў, так, у канцы 2020-га былі разыграны кватэра ў Мінску, аўтамабіль… “Не бойцеся прыносіць грошы ў банк, – падкрэсліла Дзіна Міхайлаўна. – Тут яны будуць пад надзейнай аховай, а ў экстранных выпадках вярнуць можна нават безадзыўныя ўклады”.

З вялікім інтарэсам праслухалі ўдзельнікі сустрэчы інфармацыю пра нерэальныя карткі, якія варта аформіць тым, хто часта набывае тавары праз інтэрнэт. На яе пераводзіцца неабходная для аплаты тавару сума, пералічаецца прадаўцу, і на пастаяннай аснове не ўтрымліваюцца ніякія грошы, а значыць, вы пазбягаеце злачынных замахаў на іх. Сярод цікавых прапаноў банка – магчымасць разлічыцца ў магазіне не толькі карткай, мабільным тэлефонам з падключаным адмысловым дадаткам, але і керамічным пярсцёнкам, у які ўстаноўлены чып. На сённяшні дзень ва Ушацкім раёне пакуль адзін уладальнік такога прыгожага сродку для разліку – скласці яму кампанію могуць усе жадаючыя, для чаго варта звярнуцца ў ЦБП №237, аплаціць кошт пярсцёнка, вызначыцца з яго “фасонам” і памерам.

Шмат карыснай інфармацыі даведаліся прысутныя і ад спецыяліста ЦБП №221 ААТ “ААБ “Беларусбанк” Святланы Мікалаеўны Коршун. Яна падрабязна спынілася на комплексных прадуктах, якія прапаноўвае сваім кліентам установа, нагадала пра тое, што многімі банкамі краіны зараз прыпынена выдача спажывецкіх крэдытаў (выключэнне – на набыццё тавараў айчыннай вытворчасці) і іншых. А вось колькасць дэпазітаў, наадварот, расце – як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце.

Доўга не разыходзіліся ўдзельнікі бізнес-компасу, арганізаванага Г.П.Талстой, – з запалам абмяркоўвалі пачутае, задавалі пытанні банкаўскім работнікам. Дарэчы, апошнія прыйшлі не з пустымі рукамі – бібліятэкам раёна яны перадалі кнігі па фінансавай адукацыі, а ўсім прысутным – інфармацыйныя буклеты.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *