Миллионы рублей теряют хозяйства района из-за низкого качества молока

Выясняем ситуацию Сельское хозяйство

Гаспадаркі раёна не могуць пахваліцца высокімі надоямі малака, валавая вытворчасць якога за паўгоддзе склала толькі 80 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. У такіх умовах на першы план выходзяць пытанні якасці прадукцыі, якім павінна надзяляцца першачарговая ўвага. Зрухі ў лепшы бок назіраюцца, але па многіх пазіцыях спецыялісты заатэхнічных службаў сельгаспрадпрыемстваў яўна недапрацоўваюць. Сярод усіх гаспадарак раёна можна выдзеліць хіба што КУСГП “Вялікадолецкае”, якое не толькі плюсуе па надоях да ўзроўню мінулага года, але і рэалізуе сваю прадукцыю пераважна сортам “экстра” – за 6 месяцаў бягучага года такі гатунак меў 91 працэнт малака ад агульнага аб’ёму, адпраўленага на Лепельскі малочна-кансервавы камбінат. Нельга сказаць, што ўмовы працы вялікадолецкіх жывёлаводаў моцна адрозніваюцца ад іх калег з іншых гаспадарак. У чым сакрэт? Ён вельмі просты і не вельмі затратны – пастаянны кантроль за вытворчасцю і рэалізацыяй прадукцыі, аператыўнае ўхіленне паломак халадзільнага абсталявання, падтрыманне яго ў належным санітарным стане, адказныя адносіны да працы спецыялістаў заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў, аператараў машыннага даення.

Менавіта эксплуатацыя бруднага даільнага абсталявання і халадзільнікаў часцей за ўсё становяцца прычынамі нізкай якасці прадукцыі, на чым гаспадаркі губляюць рэальныя грошы, асабліва ў летні сезон, бо кошт гатункаў малака адрозніваецца ў разы. Для параўнання: 1 тона “экстры” каштуе 4,28 мільёна рублёў, малака вышэйшага гатунку – 3,687, першага – 3,4 мільёна. Другі сорт прымаецца зусім за “капейкі” – 1,2 мільёна рублёў. Апошнія рэйды па праверцы якасці малака выявілі нізкі ўзровень санітарнага стану даільнага абсталявання на малочна-таварных фермах “Вяркуды” райаграсэрвіса і “Глыбачка” ААТ “Дземенец”, прычынай якога ў першую чаргу можна назваць безкантрольнасць з боку спецыялістаў. У выніку за паўгоддзе жывёлаводы “Дземенца” не атрымалі ніводнага літра “экстры”. Як і ў КУСГП “Кублічы”, дзе клопаты лабаранта Вольгі Антонаўны Зуевай не знаходзяць належнай падтрымкі кіраўніцтва гаспадаркі.

Толькі 22 працэнты “экстры” атрымалі ў ААТ “Агра-Селішча”, 35 – у “Ільюшынскім”, дзе, улічваючы пагалоўе дойнага статку, маецца вялізны рэзерв для якаснага прарыву, трэба толькі ўзмацніць кантроль за чысцінёй малака, парадкам у малочных блоках ферм. Таксама высокі патэнцыял у КУСГП “Глыбачаны”, дзе найвышэйшым гатункам за 6 месяцаў здадзена 37 працэнтаў прадукцыі, але трэба адзначыць, што на сённяшні дзень у гаспадарцы зусім няма спецыялістаў заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў.

За 4 месяцы з пачатку года не было “экстры” і ў КУСГП “Арэхаўна”, але з прыходам у гаспадарку Алы Мікалаеўны Коўшаль сітуацыя зрушылася ў лепшы бок, і працэнт найвышэйшага гатунку малака дасягнуў 16. Лабарант адказна адносіцца да працы, можна сказаць, “хварэе” за справу, трымае ў парадку і чысціні абсталяванне і рэактывы.

Усё для вытворчасці “экстры” ёсць у ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, але нават пры наяўнасці комплексу “Завячэлле”, які аснашчаны сучаснай лініяй даення, яе вытворчасць па гаспадарцы складае толькі трэцюю частку – 33 працэнты.

Распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні якасці прадукцыі малочнай галіны. Калі яны будуць выконвацца, то і кошт прадукцыі, а значыць і прыбытак ад рэалізацыі малака ўзрастуць, бо страчваць некалькі мільёнаў на тоне здаецца не толькі дзіўным, але і злачынным.

Л. МІХАЛЬ, галоўны спецыяліст райсельгасхарча.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *