Сколько стоит собрать школьный ранец к новому учебному году в Ушачах?

Выясняем ситуацию Калейдоскоп Наши дети

Да 1 верасня яшчэ далёка, але бацькі школьнікаў, найперш – першакласнікаў, ужо “штурмуюць” магазіны і рынкі ў пошуках якаснага і ў той жа час таннага тавару. Мы вырашылі дапамагчы ім у гэтай нялёгкай справе – прааналізаваць кошт асноўных школьных тавараў па гандлёвых кропках гарпасёлка, падказаць, дзе і на чым можна зэканоміць. Сёння аб’ектам нашай увагі сталі канцылярскія прыналежнасці.

Зараз ад выбару тавару літаральна разбягаюцца вочы. Ад цэн таксама. Мяркуйце самі: кошт пеналаў вагаецца ад 6 да 69 тысяч рублёў. Прычына такой разбежкі – розная якасць тавару і наяўнасць ці адсутнасць так званых наваротаў. Найбольш танныя – тубусы: 6 тысяч рублёў – на рынку, 6050 – у кіёсках “Белсаюздруку”, 6750 – ва ўнівермагу.

Не спяшайцеся набываць простыя 12-аркушавыя сшыткі: у магазіне РУП выдавецтва “Белбланкавыд” іх кошт складае 700 рублёў, ва ўнівермагу і на рынку – 800, а ў кіёсках “Белсаюздруку” – ужо 1300. Паўагульныя сшыткі можна набыць у “Белбланкавыдзе” за 3400 (агульныя – 5900), ва ўнівермагу – за 4000-6000 (7150-9450), на рынку – за 3800-4500, а ў кіёсках “Белсаюздруку” – за 3300-4100.

Не першы год на паліцах са школьнымі таварамі наборы вокладак для кніг лепельскай вытворчасці. Па словах прадаўцоў, такая прадукцыя карыстаецца значным попытам ва ўшачан. Рознакаляровыя вокладкі маюць добрую якасць, іх у наборы для пэўнага класа столькі, колькі падручнікаў прадугледжвае школьная праграма, улічаны нават іх памер. Кошт набораў складае ад 28600 рублёў (для 1 класа) да 51100 (для 9-га). Калі ж набываць вокладкі для кніг паасобку, то кожная “пацягне” на 3000 (рынак) ці 3100-3650 (універмаг). Танна “апрануць” сшыткі можна ва ўнівермагу: кошт адной вокладкі – 450 рублёў супраць 700 – на рынку.

Адчувальная разбежка назіраецца на кошт пластыліну. Мінімальны яго кошт складае 8500 тысяч рублёў (на рынку), а вось пра максімум сказаць складана, бо даводзілася бачыць і за 15-20 тысяч, і за 30, і нават амаль за 45.

Танныя акварэльныя мядовыя фарбы на 12 колераў можна набыць на рынку (гандлёвы павільён побач з “Чайнай лаўкай”) – 11,5 тысяч. Тут жа па даволі прымальным кошце ёсць алоўкі на 6, 18 і 24 колеры – 9500, 19700 і 27000 рублёў адпаведна, а таксама каляровы кардон (8 лістоў) – 9500 (ва ўнівермагу – 12950).

Дзённікі за 4 тысячы яшчэ можна знайсці ў кіёсках “Белсаюздруку”, ва ўнівермагу яны каштуюць ужо 5500. Не спяшайцеся з ходу купляць і фламастары: цэны на іх у залежнасці ад якасці і колькасці колераў розняцца ў разы. Скажам, на рынку названы тавар на 6 колераў каштуе 4500 рублёў (ва ўнівермагу – 5550 і 6850), 12-колеравая палітра “пацягне” на 9000 (12500-26000), 18-колеравая – на 12500, 24-колеравая – на 18000 (25850).

Спатрэбяцца першакласнікам вееры з літарамі і лічбамі. “Знешнасць” гэтых рэчаў можа быць самай рознай – кошт, адпаведна, таксама: на рынку – ад 7000 да 11000, ва ўнівермагу – ад 6400 да 15550. Дарэчы, на момант нашага візіту ў апошнюю гандлёвую кропку на паліцах былі аднолькавыя вееры з галоснымі літарамі па 6400 і 15550, такую разбежку нам патлумачылі проста – новы прывоз.

Па словах прадаўцоў, большасць пакупнікоў выбіраюць канцтавары па сярэднім кошце. Стандартны набор для першакласніка абыйдзецца ў сярэднім у 350-400 тысяч рублёў без уліку кошту ранца. Набыць апошні на рынку можна за 130-300 тысяч рублёў, ва ўнівермагу – за 110-155 (кітайскай вытворчасці) ці 254-328 (“Галантэя”).

Як бачна, асартымент школьных тавараў шырокі і разнастайны. Так што запасіцеся цярплівасцю хадзіць па магазінах і выбіраць там па некалькі рэчаў – як паказвае практыка, так можна значна зэканоміць.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *