В доме семейного типа в Ореховно принимали заявки на чудеса

Наши дети

А ці ведаеце вы, што калі ў калядныя дні пагладзіць па шэрстцы жывога труса і пры гэтым загадаць жаданне, то яно абавязкова збудзецца? Ва ўсялякім разе, у гэтым жыхароў дома сямейнага тыпу ў Арэхаўне запэўніў сам Дзядуля Мароз, а яго аўтарытэт у навагоднія святы беспярэчны!

І трэба сказаць, што вушасціку, якога прывезлі з сабой госці, дасталася вялікая порцыя пяшчоты, бо ў кожнага з прысутных знайшлося шмат запаветных жаданняў – ад выдатных адзнак у школе да маштабных здзяйсненняў у рэгіёне – паколькі да дзетак і іх бацькоў Анастасіі і Вячаслава Залатых у гэты дзень з віншаваннямі і падарункамі прыехалі прадстаўнікі дэпутацкага корпусу: старшыня Полацкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад нашага рэгіёну Мікалай Мікалаевіч Шаўчук, старшыні раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка і Сарочынскага сельскага Людміла Яўгенаўна Птушко.

Гэты візіт адбыўся ў рамках дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці”, якая доўжылася цэлы месяц і завяршылася на гэтым тыдні. Яе ўдзельнікамі стала больш 15 тысяч дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, маленькіх беларусаў, якія па розных прычынах пазбавіліся баць­коўскага клопату. У госці да іх прыходзілі кіраўнікі органаў рэспубліканскай і мясцовай улады, у рамках акцыі ладзіліся казачныя шоу. Вось і ва ўтульным арэхаўскім доме, дзе зараз пражываюць восем дзетак, Дзед Мароз са Снягуркай, якія, дарэчы, спецыяльна прыбылі ў аграгарадок са сваёй полацкай Рэзідэнцыі, устроілі вельмі шчырае і цёплае прадстаўленне. Ад удзелу ў ім не ўтрымаўся нават кот: пакуль Дзядуля з унучкай знаёміліся з дзецьмі, дамашні гадаванец вырашыў наладзіць стасункі з… чароўным трусам: старанна намагаўся пакласці лапы яму на вушы – па ўсім відаць, таксама загадаў сваё, кашачае жаданне!..

“…А зіма абавязкова будзе! Магчыма, без моцных халадоў, але з горкі яшчэ пакатаецеся!” – на развітанне пачулі дзеці абяцанне з самых кампетэнтных вуснаў. Глядзі ж, Дзядуля Мароз, не падвядзі: мы табе паверылі!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *