СПА-комплекс, открытый недавно в санатории «Лесные озёра», предлагает ушачанам и гостям района широкий спектр физиотерапевтических услуг

Здравоохранение Калейдоскоп Общество

З кожным годам колькасць адпачываючых у санаторыі “Лясныя азёры” павялічваецца, і здраўніца пастаянна развівае сваю інфраструктуру. Сёлета яна паспрабавала дагадзіць нават скептыкам, якія прывыклі да чэшскіх водных курортаў. Трэцяга чэрвеня лячэбніца прапанавала да ўвагі гасцей уласны СПА-комплекс. Адразу трэба сказаць, што СПА – гэта від фізіятэрапіі з уздзеяннем на арганізм вады, марской солі і водарасцяў, лекавых гразяў і раслін, цяпла і духмянасцяў.

Як адзначае галоўная медсястра санаторыя Ірына Леанідаўна Красціна, комплекс стаў папулярным літаральна з першых дзён работы. І сапраўды, падчас нашай размовы да стойкі рэсэпшн пастаянна падыходзілі людзі. Хто ўжо на сеанс, а хто – толькі запісацца на працэдуры. Вось і палачанка Інэса Партак на працягу чатырох год бачыць значнае паляпшэнне здароўя ўсёй сям’і пасля масажу, ваннаў, інгаляцый, солевай і лазернай тэрапіі. Жанчына лічыць: водна-тэрмальнае аднаўленне таксама пойдзе толькі на карысць.

Тым больш што выбраць у сучасным СПА-цэнтры ёсць з чаго. Гэта і абгортванні ў спецыяльнай капсуле, і гідрамасажная цэнтрыфуга, і інфрачырвоная сауна, і касметычны кабінет з частотным радыёліфтынгам.

Пойдзем па-парадку і пачнём са СПА-капсулы. Сеанс у ёй праходзіць складана. Перш-наперш трэба з дапамогай паравой ці кропельнай ванны альбо душа “Вішы” падрыхтаваць скуру для скраба (у мужчынскай праграме ён адсутнічае). Толькі ў апошнюю чаргу ідзе само абгортванне маскай, якую выбраў кліент. Іх 15 відаў: “Шакалад”, “Лёгкія ножкі”, “Зялёны чай”, “Мядовая”, “Антыцэлюлітная”, “Для мужчын” і іншыя. Усё гэта адбываецца ў вялікім капсулападобным апараце пад прыемную музыку і займае адну гадзіну дваццаць хвілін. Урачы раяць такі від аздараўлення 2 разы на тыдзень. Ён актывізуе абменныя працэсы, расслабляе, выводзіць таксіны, аднаўляе біярытмы і павышае імунітэт арганізма. Яшчэ маскі эфектыўна дапамогуць пахудзець і навесці фігуру. Каштуюць СПА-праграмы па-рознаму. Гэта залежыць ад цаны лекавых сродкаў. Трэба арыентавацца на суму ад 230 тысяч беларускіх рублёў за працэдуру.

Адной з навінак здраўніцы стала гідрамасажная цэнтрыфуга. Гэты апарат – цэлая тэрапеўтычная сістэма для канечнасцяў. Прынцып яе дзеяння ў тым, што ёмістасць са шклянымі шарыкамі запаўняецца вадой з тэмпературай 20-37 градусаў. Далей шарыкі пачынаюць рухацца з ціскам і пастукваннем. Масаж займае 10-15 хвілін, здымае механічны і неўралагічны боль, ацёкі, нармалізуе кровазварот. Дапамагае пасля аперацый, траўм, аднаўляе рухомасць суставаў. Стымулююцца рэфлекторныя зоны рук і ног, што станоўча паўплывае на ўсе  ўнутраныя органы, мышцы, нервы. Сюды можна далучыць і даступную цану сеансаў. Адна працэдура каштуе каля 50 тысяч рублёў.

У новы цэнтр перамясцілася і знаёмая інфрачырвоная сауна з лістоўніцы. Адпачываючыя карыстаюцца ёй, каб палепшыць імунітэт, знізіць вагу, ачысціць поры, пабароць сімптомы алергіі. Шкодныя рэчывы выводзяцца ў 6 разоў хутчэй, чым бы гэта было ў звычайнай лазні, а скура застаецца пругкай. Адно наведанне каштуе каля 60 тысяч рублёў. Безумоўна, трэба асцярожна падыходзіць да водна-цеплавых уздзеянняў і загадзя пракансультавацца з медыкамі.

Дапаўняе СПА-цэнтр касметычны кабінет. Тут можна параіцца з касметыкам, зрабіць ультрагукавы пілінг (каля 60 тысяч рублёў). Акрамя гэтага ёсць яшчэ і праграмы па доглядзе за тварам з гелевымі, крэмавымі, гіпсавымі, біяцэлюлознымі маскамі, калагенавай біяматрыцай супраць пігментацыі. Кошт такіх паслуг розны: ад 85 да 350 тысяч рублёў за сеанс.

Супраць дэфектаў твару і цела тут выступае апарат радыёчастотнага ліфтынгу “Q-frequency”. Ён змяншае маршчыны, падцягвае, амалоджвае і танізуе скуру, спрыяе пахудзенню і ўбірае цэлюліт. Радыёчастоты перадаюць імпульсы, якія сумяшчаюцца з энергіяй праблемных тканін чалавека. Электрамагнітныя хвалі аднаўляюць іх і не даюць завядаць далей дзякуючы выпрацоўцы калагену. Таксама апарат высвятляе мышачную і тлушчавую масу, вымярае вадкасць арганізма. Ужо на падставе гэтых звестак праводзяцца далейшыя маніпуляцыі з 26 рэжымамі і рознымі насадкамі. Інфармацыя пра зробленыя аналізы і папярэднія працэдуры ліфтынгу захоўваецца на спецыяльнай смарт-картачцы кліента Спецыялісты рэкамендуюць 4-5 сеансаў у месяц, па часе яны могуць займаць ад 5 да 99 хвілін, а эфект пасля курсу застаецца на год. Радыёчастотны ліфтынг каштуе ад 125 да 240 тысяч беларускіх рублёў, у залежнасці ад частак цела.

Такім чынам ужо больш за два месяцы ўшачане і госці раёна карыстаюцца цывілізаванымі сістэмамі фізіятэрапіі і рэабілітацыі. Больш таго, калі спатрэбіцца, салон падстроіцца пад зручны для кліентаў час. Варта толькі загадзя патэлефанаваць спецыялісту СПА-салона Наталлі Андрэйчык па нумары (8-029) 811-82-86 (МТС) і запісацца.

В.СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *