Демография

Общество

За студзень-люты 2010 года ў раёне нарадзілася 25 чалавек. Калі ў цэлым па вобласці нараджальнасць за люты знізілася на 3 працэнты да ўзроўню мінулага года, то ў раёне гэты паказчык павялічыўся на 13,6 працэнта. Прычым, значнае павелічэнне нараджальнасці – на 42,7 працэнта – адбылося ў гарадскім пасёлку.

Колькасць шлюбаў у цэлым па вобласці за гэты перыяд зарэгістравана на 15,4 працэнта менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. У раёне ж гэты паказчык павялічыўся на 7,1 працэнта. Прычым, у гарадскім пасёлку рэгістрацыя шлюбаў застаецца на мінулагоднім узроўні, а ў сельскай мясцовасці адзначаны рост на 11,1 працэнта.

Зменшылася колькасць выпадкаў скасавання шлюбаў як у цэлым па вобласці (на 6,4 працэнта), так і ў раёне.

За студзень-люты па розных прычынах у раёне памерла 70 чалавек, пераважная большасць якіх – сельскія жыхары. У цэлым па раёну колькасць смерцяў за справаздачны перыяд павялічылася на 9,4 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Адпаведны абласны паказчык узрос усяго на два працэнты. Асноўнымі прычынамі смяротнасці насельніцтва раёна застаюцца хваробы сістэмы кровазвароту, а рост смерцяў па гэтай прычыне адбыўся значны – на 32 працэнты да ўзроўню мінулага года.

У структуры смяротнасці адсутнічаюць выпадкі смерці, звязаныя з алкагольнымі атручваннямі, патапленнем, забойствамі, дарожна-транспартнымі здарэннямі.

Натуральнае змяншэнне колькасці насельніцтва за студзень-люты бягучага года склала па раёну 45 чалавек.

Заслухана на савеце і справаздача начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Г.В.Рубаніка аб фактах гібелі людзей на пажарах і прычынах іх узнікнення. Выступаючы адзначыў, што асноўная прычына трагедый – злоўжыванне спіртнымі напіткамі, абыякавае абыходжанне з агнём.

Па звестках сусветнай арганізацыі аховы здароўя, самазабойства з’яўляецца трынаццатай па ліку прычынай смяротнасці ва ўсім свеце. Калі разглядаць гэтую маральную, сацыяльную і медыцынскую праблему ў разрэзе Беларусі, то Віцебская вобласць тут непрыемна лідзіруе, а сярод раёнаў на першым месцы Ушацкі, дзе за мінулы год 16 чалавек добраахвотна развіталіся з жыццём, а ў 2008 годзе – 15. Пераважная колькасць тых, хто па ўласным жаданні пайшоў з жыцця, – мужчыны (75 працэнтаў) у асноўным працаздольнага ўзросту. У мінулым годзе гэтую сумную статыстыку папоўнілі двое падлеткаў. Толькі чатыры чалавекі з 16 знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення і столькі ж стаяла на ўліку ва ўрачоў псіхіятра і нарколага.

Парасуіцыды – гэта суіцыды, якія не закончыліся смерцю. За 2008 год такіх выпадкаў па раёне было 20, у 2009 – 18. Адметна, што ў 2008-м спробу развітацца з жыццём ажыццявілі 12 жанчын і 8 мужчын, у мінулым пераважная колькасць – 13 чалавек – была за мужчынамі ў працаздольным узросце. У 2009 годзе 44 працэнты парасуіцыдаў было здзейснена ў стане алкагольнага ап’янення, а ў 2008-м гэтая лічба была значна большай – 60 працэнтаў ад агульнай колькасці. За апошнія два гады большая палова асоб, хто рабіў замах на ўласнае жыццё, былі людзьмі беспрацоўнымі. Грамадзяне, якія здзейснілі парасуіцыды, бяруцца пад нагляд у псіхіятрычным кабінеце, у асноўным лечацца стацыянарна ў Лепельскай псіхіятрычнай бальніцы.

Аб мерах па папярэджанні і зніжэнні смяротнасці ад суіцыдаў далажыла членам савета ўрач-псіхіятр ЦРБ Т.І.Жылко. Праводзіцца вялікая сумесная работа з асацыяльнымі сем’ямі, асабліва тымі, дзе маюцца непаўналетнія дзеці. Пры ЦРБ працуе “тэлефон даверу”. У рабочы час кансультацыі па ім дае ўрач-псіхіятр, у астатні час – дзяжурны ўрач. Арганізавана ананімнае кансультаванне псіхіятрам і нарколагам у псіханаркалагічным кабінеце ЦРБ. За мінулы год паступіла 12 ананімных званкоў, праведзены кансультацыі, дадзены рэкамендацыі.

У псіхіятрычным кабінеце створаны банк даных адзінокіх састарэлых грамадзян раёна, якіх перыядычна наведвае ўрач-псіхіятр і ўчастковы тэрапеўт, пры неабходнасці аказваецца медыцынская дапамога. Праводзіцца вялікая санітарна-асветніцкая работа.

Т.І.Жылко агучыла задачы па прафілактыцы суіцыдаў, пастаўленыя на 2010 год.

Матэрыял падрыхтавала А.ПАШКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *