Сотрудник Ушачского РОВД Алексей Антунович любит свою профессию несмотря на трудности

Общество

Калі б дзяцей з мнагадзетнай сям’і Антуновічаў папрасілі напісаць сачыненне на традыцыйную тэму “На каго я хачу быць падобны?”, кожны адназначна ўказаў бы імя свайго таты. Пра пагоны і міліцэйскую форму, як у яго, марыць першакласнік Арсеній. З захапленнем слухае бацькавы аповеды пра службу ў органах сярэдні Кірыл. Ну а старэйшая Ілона, якая вучыцца зараз у 9 класе, ужо рэальна вывучае наяўныя ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў спецыяльнасці. Хто ведае, магчыма, вялікая дынастыя праваахоўнікаў падрастае.

Нічога неардынарнага ў гэтым сам Аляксей Мікалаевіч не бачыць. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, ён любіць сваю прафесію і шчыра радуецца таму, што за сказаным і зробленым ім – вырашэнне праблем не аднаго земляка. Магчыма, у гэтым і хаваецца сакрэт поспехаў на службе і шчырай павагі ад людзей.

Пра тое, што стане праваахоўнікам, ураджэнец г.п.Ушачы не думаў. Пасля заканчэння школы, рэальна ацаніўшы перспектывы паступлення, падаў дакументы ў Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе была спецыяльнасць фельчара. Зрэшты, з выбарам не прагадаў – і прафесію па душы, як пазней высветлілася, знайшоў, і з будучай жонкай ужо на другі дзень вучобы пазнаёміўся. Атрыманы ж у выніку чырвоны дыплом дазволіў “аўтаматам” стаць студэнтам Віцебскай ордэна “Знак пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, якую А.Антуновіч заканчваў завочна.

Прафесійную дзейнасць на пасадзе ветэрынарнага ўрача Аляксей Мікалаевіч пачынаў у Шаркаўшчынскім раёне, адкуль родам яго другая палавінка. Прыгадвае, як атрымалі ад гаспадаркі прасторны дом, адзін з пакояў якога адвялі пад… гараж. Сюды заганялі матацыкл “Мінск”, набыць які маладой сям’і дапамаглі атрыманыя “пад’ёмныя”. Зрэшты, ездзіла на ім на работу ў большасці сваёй жонка. Самому ж А.Антуновічу, як вельмі паважанаму ў сельскай мясцовасці спецыялісту, выдзелілі іншы “транспарт” – каня.
– Жарабец быў “з характарам”, – з усмешкай расказвае мужчына. – Неяк прыехаў на ім па адным з адрасоў, прымацаваў лейцы да плоту і пайшоў выконваць сваю справу. Калі ж вярнуўся, ні свайго “падапечнага”, ні вялікага пралёту агароджы не ўбачыў. Першаму надакучыла мяне чакаць – і ён адправіўся дадому.

Не менш цікава было працаваць ветурачом на ПУП “Сарочына”, куды пасля пераезду Антуновічаў ва Ушачы ўладкаваўся Аляксей Мікалаевіч. Вось толькі фінансавыя цяжкасці прадпрыемства ў тыя часы прымусілі галаву сям’і шукаць больш стабільнае месца. Так, пасля праходжання адмысловых курсаў у Мінску, ён стаў супрацоўнікам райаддзела міліцыі. Службу пачынаў з пасады ўчастковага інспектара, а зонай яго адказнасці быў Вяркудскі сельсавет.

– Ні тутэйшых населеных пунктаў, ні жыхароў спачатку не ведаў, – расказвае А.Антуновіч. – Аднак праблем з гэтым не ўзнікла: “акліматызавацца” дапамог старшыня мясцовага сельгаспрадпрыемства Богдан Тадэвушавіч Юргенс. З ім часта наладжвалі рэйды па палетках, фермах.

Праз колькі часу Аляксей Мікалаевіч стаў у мясцовасці, можна сказаць, сваім. Але ж у 2015-м давялося крыху змяніць “спецыфіку” дзейнасці – у аддзеле ўнутраных спраў яму даверылі дазвольную работу: як участковы інспектар ён адказваў за спыненне фактаў незаконнага абароту боепрыпасаў і зброі, вырабу і рэалізацыі алкаголю.

Не сакрэт, што наш раён займае сумнае лідарства ў краіне па ўзроўні алкагалізацыі насельніцтва. Хапае ў нас і “вытворцаў” высакаградусных напояў. Таму спраў у героя нашага аповеду заўсёды было шмат! Неяк давялося трапіць з Аляксеем Мікалаевічам у адзін з дамоў у вёсцы Крошына – гаспадар не прызнаваўся, што незаконна захоўвае немаркіраваны належным чынам алкаголь, але ўтоіць каля 200 бутэлек, вядома, не змог. На працягу дзвюх гадзін, пакуль праваахоўнікі апісвалі знойдзенае, бралі тлумачэнні ў мужчыны, ад апошняга давялося наслухацца і прэтэнзій, і скаргаў на жыццё, і падрабязнасцей яго ўзаемаадносін з суседзямі. Без псіхалагічнай загартоўкі ў такой рабоце дакладна не абысціся.

– Так, трэба ўмець будаваць зносіны з людзьмі, як з законапаслухмянымі, так і з правапарушальнікамі. Да кожнага патрэбны свой падыход, – пацвярджае А.Антуновіч. – Участковы павінен умець разглядзець чалавека: у адной сітуацыі – паднаціснуць, у другой – схітрыць, дзесьці падысці да грамадзяніна больш лаяльна, а са злоснымі злачынцамі дзейнічаць цвёрда.

Адказны падыход да справы і пастаяннае самаўдасканаленне (зараз праходзіць курсы перападрыхтоўкі кадраў) дазволіў Аляксею Мікалаевічу ўзняцца па кар’ернай лесвіцы. Са снежня 2019-га ён займае пасаду начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС: аналізуе, плануе, кантралюе дзейнасць усіх участковых. Сярод найбольш вопытных – Аляксей Барадулька (адказвае за частку Ушач), Андрэй Піскун (Кубліцкі сельсавет), Ігар Бугроў (Жарскі), Іван Клотчанка (Глыбачанскі). Менавіта яны разам з А.Антуновічам дзеляцца прафесіяналізмам з маладымі супрацоўнікамі: участковымі інспектарамі Дзянісам Бункевічам (Ушачы), Ільёй Аўласенкам (Вяркудскі сельсавет), Сяргеем Рамашэўскім (Сарочынскі), Алегам Гоманам (Вялікадолецкі), а таксама з вопытным праваахоўнікам, але новым на пасадзе Вадзімам Парфяновічам (Ушацкі). У прыватнасці, вучаць іх тактоўнасці, псіхалагічнай устойлівасці. Бо, як вядома, людзі ў стане алкагольнага ап’янення не разумеюць ні заўваг, ні просьбаў. Міліцыянеру ж трэба быць спакойным, адэкватна рэагаваць на сітуацыю і ў той жа час прадухіляць, выяўляць правапарушэнні, караць вінаватых.

– Я ўдзячны ўсім сваім падначаленым за добрую службу, – кажа А.Антуновіч. – Сплаў вопыту і маладосці ў нашым аддзяленні прыносіць плён – ушачане нам давяраюць, а аператыўная абстаноўка ў населеных пунктах раёна застаецца дастаткова спакойнай.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *