Юные ушачане одержали разгромную победу на районном открытом турнире по мини-футболу

Cпорт Общество

“Прымаем удзел ужо ў чацвёрты раз і заўсёды ад’язджаем толькі са станоўчымі эмоцыямі!!! Арганізацыя, клас каманд, судзейства на топ-узроўні!.. Смела можам сказаць: у турніра “Наша будучае” з’явіўся дастойны канкурэнт!” – такі водгук пасля паездкі ва Ушачы быў змешчаны на старонках сацсетак Полацкай ДЮСШ. Параўнанне з буйным міжнародным мінскім спаборніцтвам, канечне, крыху перабольшанае, але Адкрыты турнір Ушацкага раёна па міні-футболе сярод юнакоў 2009-2010 гадоў нараджэння, які праходзіць на нашым спарткомплексе ўжо некалькі год, сапраўды набыў аўтарытэт і яго ўключаюць у свой календар каманды з многіх гарадоў Беларусі і Расіі.

Сёлета, праўда, з-за эпідэмічных абмежаванняў гасцей з суседняй краіны ў турнірнай сетцы не аказалася, затое Беларусь была прадстаўлена трыма абласцямі. У мінулую суботу выхаванцы футбольнай секцыі Ушацкага ФСК выйшлі на пляцоўку зараджанымі на максімальны вынік: гуляць перад сваімі землякамі прыемна, але вельмі адказна. У першы дзень падапечныя трэнера Рамана Фядосенкі не пакінулі сапернікам ніякіх шансаў: паядынкі з камандамі СДЮШАР “Камсамолец” (г.Віцебск), ФК “Смаргонь” і “Захад-3” (г.Мінск) яны завяршылі адпаведна з лікам 6:2, 3:0 і 8:1. Перамога ў групе дазволіла выйсці ў фінал чатырох. А вось першая гульня другога дня з мінскім ФК “Фрунзенец” складвалася няпроста: ушачане вялі ў ліку, але фінальны свісток засведчыў нічыю 3:3. Пасля крыўднай згубы ачкоў у раздзявалцы нашай каманды адбылася сур’ёзная размова – хлопцы сабраліся і ў астатніх гульнях не прапусцілі ніводнага мяча: “Захад-3” атрымаў у свае вароты 5 галоў, а Полацкая ДЮСШ – 6. Такім чынам, гаспадары сталі пераможцамі, “срэбра” атрымалі палачане, “бронзу” – “Фрунзенец”.

Лепшым іграком нашай каманды быў прызнаны галкіпер Мацвей Жаваранак (хлопец не першы год спецыяльна ездзіць з Полацка на трэніроўкі ва Ушачы), лепшым нападаючым турніру – Арсеній Старавойтаў. Віншаванні і падарунак да дня нараджэння, што якраз прыпаў на нядзелю, атрымаў наш зорны нападаючы Мікіта Бадзякін, які вучыцца ў Віцебскай футбольнай акадэміі, але далучаецца да каманды на кожных спаборніцтвах. Прэстыжны прыз лепшага іграка турніру быў уручаны Мікіце Жалейку. “Лічу гэтае рашэнне абсалютна правільным: хлопцу не было роўных па самаадданасці, ён сцяліўся ў падкатах, рашуча ішоў у адбор, рваў абарону імклівымі контратакамі і забіваў важныя галы”, – адзначыў Р.Фядосенка. Безумоўна, правесці такі яркі турнір футбалісту дапамагла гарачая падтрымка балельшчыкаў: на трыбунах прысутнічала ўся яго вялікая сям’я – бацькі, сёстры і нават пляменнікі! “Не прапускаем ніводнага матчу! – прызналася мама Мікіты Наталля Уладзіміраўна. – Для мяне ўсе хлопчыкі гэтай каманды – як родныя, бо фактычна выраслі на вачах. Увогуле лічу, што зараз у нас як ніколі моцная дружына – дзякуй за гэта Раману Мікалаевічу, які здолеў згуртаваць дзяцей адной вялікай марай”.

Ну а каваць перамогу прыгаданым вышэй хлопцам дапамагалі Глеб Седзін, Аляксей Хадан, Глеб Мурашоў, Мацвей Кандрацкі, Мацвей Краўчанка, Дзяніс Курбака, Улад Варанько і Леанід Ізмайловіч. Чарговы ўшацкі турнір стаў гісторыяй – з цікавым сюжэтам і класным фіналам. Але, як кажуць, працяг будзе…

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *