Заслуженная учительница БССР Мария Сергеевна Каплевская: «Про себя думала в последнюю очередь…»

Наши земляки Экономика и малый бизнес

«Наш дом у Глыбачцы стаяў на беразе возера. А дзяцей на пляжы збіралася ўлетку вельмі многа. І на гэту вось гурбу — пара ластаў, якія набылі бацькі аднаму хлопчыку. У нас за імі чэргі выстройваліся, каб на хвіліну нырнуць. Гэта было маёй марай, але я ніколі аб іх не прасіў, калі толькі абмовіўся. І вось аднойчы кліча маці мяне, спачатку агледзела ўсяго, паглядзела на нацёрты ад камеры жывот і працягвае ласты! Гэты момант я не забудуся ніколі. Нейкім чынам яна адгадала маё жаданне».

«Памятаю, як сын у перабудовачны час, ведаючы, якая я мярзлячка, прывёз мне патрэбныя цёплыя рэчы. У самога нічога лішняга, ні ў дзяцей, ні ў жонкі. Спецыяльна дадаткова да асноўнай работы прадпрымальніцтва адкрыў, каб крыху абжыцца. А пра мяне прыгадаў у першую чаргу».

Першы выпадак — з далёкага дзяцінства Сяргея Міхайлавіча Каплеўскага. А другі прыгадала яго маці, заслужаная настаўніца БССР Марыя Сяргееўна, якая гэтымі кастрычніцкімі днямі святкуе тры святы: Дзень настаўніка, Дзень маці і дзень нараджэння па пашпарце.

Такія адносіны паміж гэтымі блізкімі людзьмі. Яны адчуваюць адзін аднаго без слоў, на інтуітыўным узроўні, хоць і працяглых размоў па душах у дзяцінстве не вялі, на іх не было часу.

— Кім Вы адчуваеце сябе ў першую чаргу: настаўніцай, маці? — пытаюся ў Марыі Сяргееўны.

— Усё ж маці, а праз дзяцей усё праламлялася і ў рабоце. Школа —дзеці, а я паміж імі. Раствораная ў іх, мяне самой быццам і няма. Я настолькі была пастаянна занятай, што пра сябе і падумаць было некалі. Вось кажуць — трэба шкадаваць, любіць сябе, я так не ўмею і пра сябе думала ў апошнюю чаргу. І цяпер ахвотна дзялюся тым, што маю, нават з малазнаёмымі людзьмі, і тады, калі сама нічога не мела. І ведаеце, мне было добра ад гэтага і абавязкова вярталася. Як ад вучняў, так і ад дзяцей з унукамі. Як духоўна, так і матэрыяльна. У мяне вельмі клапатлівая сям’я. Вельмі. Вось зусім нядаўна мы вярнуліся з чатырохдзённага падарожжа па Беларусі: сын, унук і я. Аб’ехалі многа святых мясцін. Праведалі брата мужа і маю сястру, так усё было добра. Сама б я не адчаілася, ды і яны супраць, каб я пасля аперацыі пускалася ў падарожжы, таму такім чынам ажыццяўляюць мае мары. А перад гэтым і амаладзіцца мяне прымусілі — абследавацца.

Як і ўсе прадстаўнікі даваеннага пакалення — яна, канечне, увесь час была на рабоце, у рабоце. Аднак Марыя Сяргееўна не хлусіла, што дзеці праламлялі адносіны да яе. Яны, канечне, былі на першым месцы, хоць даводзілася пакідаць дома адных, а то і браць з сабой. Месяц дэкрэтнага адпачынку з Оляй, якая і ў Глыбачанскую школу пачала хадзіць з пяці гадоў разам з братам. Не проста сядзела на ўроках, а канспектавала ўсё, што было на дошцы.

Якімі былі адносіны ў сям’і, можна прачытаць па шматлікіх дзённіках. «Сёння быў дзіўны вечар. Урачыстась у Доме культуры. Сярожа іграў у духавым аркестры. Усім спадабалася. Вечарам дома многа спявалі, асабліва добра наш папа, а Сярожа яму дапамагаў». 6 лістапада 1974 года.

«Любімая песня Сярожы ў восем гадоў — «Свяшчэнная вайна», Олі ў пяць — «Марская». Яна казала, калі будзе вайна — будзе мараком, а пасля заканчэння — выхавацелем у дзіцячым садзе».

Гэта жывыя старонкі сям’і, якія дзякуючы запісам прыгадваюцца да кожнай дробязі. Марыя Сяргееўна вяла іх заўсёды, канспектавала прачытанае, адкладвала і падносіла для пераймання дзецям, а потым унукам. Нават калі жылі разам і ад падрастаючых хлопчыкаў Сашы і Ільі трэба было ўсё хаваць, яна захоўвала запісы ў качагарцы. А зараз і «музычны сшытак» з патрыятычнымі песнямі, і акт перадачы Сяргеем Вользе правілаў карыстання магнітафонам (завераны пячаткай), і лісты з Поўначы ці Канады, дзе працуе сын і жыве дачка — літаральна ўсё захоўваецца ў асобнай шафе.

Памятаю, на сцяне ў яе пакоі вісеў дыванок з кішэнямі, а ў іх — выразкі з газет. «Вось Ільюша прыедзе, дам яму пачытаць, гэта для Сцяпана адклала». Для кожнага па інтарэсах тая літаратура, якая кранула за душу і павінна ўзбагаціць унутраны свет дзяцей і ўнукаў. Апошнім, дарэчы, яна прысвячала ўсю сябе, ужо быў час, каб персанальна займацца кожным: чытала многа казак на ноч Таццяне, дапамагала з урокамі Ільі, Сашы гатуе адно, Сцяпану другое — усё не проста смачнае, а экалагічнае. А на 80-гадовы юбілей сям’я паднесла ёй дзіўны падарунак — кнігу кулінарных рэцэптаў ад Марыі Сяргееўны Каплеўскай. Тут і аладкі ад бабкі Аксінкі — яе маці, і часночны элексір ад усіх хвароб, і самаробная халва… Усё з сямейнымі фотаздымкамі, у жорсткай вокладцы. Ствараўся гэты праект літаральна «са свету па нітцы»: Саша ў Маскве набіраў тэкст, Оля ў Канадзе вярстала, задумаў усё Сяргей, які і даваў маці заданне запісаць рэцэпты. «Не думала і не гадала, што мая чарнавая работа абернецца такім трыумфам», — напіша яна ў памятным подпісе на кнізе дачцэ.

Літаральна ўсе падарункі ў сям’і — з душой, глыбока прадуманыя, каб блізкаму чалавеку было прыемна. Аднойчы з нагоды яна падарыла пачкі соды з гарчыцай з «інструкцыяй» па прымяненні, каб не мылі посуд хіміяй. На адно з навагодніх святаў звязала для сына з нявесткай шарф — адзін на дваіх, а з бакоў — розныя палоскі. Калі апране Сяргей — Света будзе з ім, калі наадварот — таксама, — з такімі словамі ўручыла падарунак. На пяцідзесяцігадовы юбілей яна везла ў Віцебск не мультыварку, а чыгункі ды прыхваты — самы цэнны дар для Сяргея, які збірае радавую даўніну і знаходзіць усяму прымяненне. «Ніколі не дарыла дзецям золата. Наогул нічога дарагога. Не было ўмоў, а галоўнае — пасылу».

Яна не жыла ў раскошы. Усё — як ва усіх, без нечага лішняга. А ў 43 гады Марыя Сяргееўна наогул аўдавела, малодшай Олі было толькі 11. » І.С.Кулага, памятаю, нагружаў мяне работай, цяпер я разумею — каб не думала толькі пра гора. У час дэфіцыту незнаёмая мне тады прадавец кніжнага магазіна Н. Рубанік прапанавала кнігу па вязанні. Так у 45 я навучылася вязаць. Трымала ж не толькі трох парсюкоў, птушку, але і нават пухавых трусоў, таму былі пухавыя шапачкі, рукавічкі. Часта ці клалася ў тры гадзіны , ці ўжо ўставала, каб паспець з усім. Аднак дзеці ніколі нічога лішняга не прасілі, самая дарагая пакупка, памятаю, гэта магнітафон, якому сын быў бязмерна рад. І сама ніколі ні да каго не хадзіла з просьбамі, не шукала блату».

Іх адносіны не змераць ні золатам, ні грашыма. Гэта куды багацейшы скарб адзінства душ. Ведаеце, які томік ляжыць на стале Марыі Сяргееўны побач з духоўнай літаратурай — паэтаў МІФІ (Маскоўскага інстытута фізікі і інфарматыкі), які скончыў і дзе працягвае вучыцца ў аспірантуры Саша), яна чытае газету «РосАтам», нягледзячы на ўзрост была і застаецца цікавым субяседнікам для іх. А паколькі ў доме — «поўная камп’ютарызацыя» — пастаянна бачацца ў скайпе. Адлегласць — зусім не перашкода. Хоць і жывуць усе далёка, яны бліжэй адзін аднаму, чым некаторыя ў адным доме.

Якімі метадамі вучыла ўласных дзяцей заслужаная настаўніца БССР. Пераважна — прыкладам. «Бессэнсоўна гаварыць адно, а рабіць другое, дзеці нюхам адчуваюць няпраўду, — кажа Марыя Сяргееўна. — Мы імкнуліся як мага больш часу праводзіць разам, вельмі многа падарожнічалі. Я нават з ўнукамі хадзіла на лыжах у лес і каталася з горкі на санках. Заўсёды набывала паходныя кацялкі, каб гатаваць ежу на вогнішчы. На дачы таксама нешта гатавалі на двары».

А на дачы, як і на сваім невялікім участку ля дома, Марыя Сяргееўна таксама аддае душу. Чаго толькі там ні расце! Якім ураджаем радуе! І трэба бачыць, з якім гонарам бабуля паказвае фота канадскага ўнука Сцяпана ля ўскапаных ім градак.

— Ад чаго ў добрай сям’і вырастаюць няўдалыя дзеці? — пытаюся ў маці і мудрага педагога.

— Многае залежыць ад таго, якая кампанія навокал. Калі ў дзіцяці няма стрыжня, ён можа аступіцца. Ну а стрыжань закладаецца ў сям’і, вельмі на многае ўплывае генетыка. Ну і асабісты прыклад.

Пры гэтым Марыя Сяргееўна, канечне, прыгадвае сваю маці і дабаўляе, што яна была куды мудрэйшай. Сціпласць у кубе — уласцівая рыса гэтай абаяльнай жанчыны. Не ганарыцца, не вылучаецца, а паважаюць яе выключна ўсе, хто ведае.

«Трэба цаніць тое, што маем, дараваць, радавацца жыццю». Яна вельмі хоча, каб гэтымі відавочнымі і прыйшоўшымі на працягу жыцця запаведзямі валодаў кожны чалавек.

В.КАРАЛЕНКА.

***

Даўно прыкмеціла, што калі маеш шчасце быць знаёмым з чалавекам багатай душы, то з цягам часу нават не можаш прыгадаць, калі завязалася гэтае знаёмства, настолькі ён растварыўся ў табе. Так у мяне з Марыяй Сяргееўнай Каплеўскай, заслужанай настаўніцай БССР. Думаю нямала пра яе цяпер, таму што яна сёлетняя юбілярка. За плячыма восемдзесят гадоў… Але душа, унутраны свет перакрэсліваюць сталасць. Дабрыня малодзіць, асвятляе шлях іншым.

А яна сапраўды такая, гэтая жанчына, якую жыццё закінула ў наш раён з Лёзненшчыны, з вёскі Выхадцы. Пасля школы скончыла Віцебскі педінстытут, крыху папрацавала на Талачыншчыне. І больш чым паўстагоддзя звязала з Ушаччынай. Столькі ведаў як настаўніца біялогіі і хіміі аддала маладым, працуючы ў Вялікадолецкай, Глыбачанскай, Завячэльскай школах, у міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінаце райцэнтра. Столькі цеплыні нясе і сёння нам, ушачанам.

Пра педагога лепш за ўсё скажуць былыя вучні. Ад іх імя прыгадвае Галіна Міціна (па мужу — Нікіціна):

— Адказная, прынцыповая ў адносінах да сябе і іншых, улюбёная ў сваю прафесію, сяброўка вучняў. Такая Марыя Сяргееўна. А калі без агульных слоў, а з канкрэтнымі прыкладамі, то прыгадаю такое. У мяне вучнёўскія гады былі беднымі. Бацька — ветэран Вялікай Айчыннай, інвалід. Мама — пенсіянерка. Я падрастала, хацелася выглядаць лепш, а дастатку не было. Набліжаўся выпускны вечар, а на нагах — паношаныя туфлі. Мае бацькі не ведалі, як мяне апрануць на гэтую ўрачыстасць. Марыя Сяргееўна здагадалася пра такую складаную сітуацыю. І вось аднойчы яна падышла да мяне і працягнула… новыя туфлі. Уявіце маю разгубленасць. Такое западае ў сэрца на ўсё жыццё… І ў кожнага з нас, яе былых вучняў, свае ўспаміны. Сардэчнае прывітанне і пажаданне здароўя, жыццёвых радасцей жадаюць любай настаўніцы акрамя мяне Таццяна Купрэвіч, Людміла і Тамара Клопавы, Надзея Полазава, Мікалай Храмёнак.

Галіна Іосіфаўна пранесла педагагічную і чалавечую навуку, атрыманую ад сваёй любімай настаўніцы, праз усё жыццё. І калі ўзначальвала райкам камсамола, і калі працавала настаўніцай, дырэктарам школы. Канечне, да такой ступені быць сяброўкай сваім вучням, як Марыя Сяргееўна, няпроста. Трэба мець асаблівы склад характару.

— Яна ж прыйшла да нас у Вялікадолецкую школу ў хуткім часе пасля заканчэння інстытута і розніца ва ўзросце была некалькі гадоў, — прыгадвае былы вучань Марыі Сяргееўны, паэт Міхась Мірановіч. — Бывае такое, што малады настаўнік наадварот хоча трымацца звысоку, а яна абрала шлях сяброўства з вучнямі. І гэты яе давер ішоў на карысць педагагічнай справе. Мы дапамагалі ёй у ажыццяўленні задум. А на школьнай тэрыторыі ў хуткім часе з’явіліся цяпліцы (тады гэта было навіной). Вырашчаныя агуркі куплялі мясцовыя людзі. А наколькі захапляюча расказвала яна і паказвала, якім чынам з семя яблыкаў і груш з’яўляюцца ўсходы, як прывіць садовыя дрэвы… У паходах з Марыяй Сяргееўнай было так жа цікава, як на ўроках і прышкольным участку. Мы вывучалі мясцовасць, выпрабоўвалі свае фізічныя сілы. Памятаю, як вандравалі пешшу ў Полацк, Лепель… Педагогі былі актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Спрабавала сябе ў гэтым і Марыя Сяргееўна, а асабліва настаўнік Міхаіл Канстанцінавіч, які пазней стаў яе мужам. За тыдзень ці два вестка разносілася па той ці іншай вёсачцы (у тым ліку па нашай Старыне), што ў такі і такі дзень прыязджае драматычны калектыў педагогаў ставіць «Паўлінку» ці «Збянтэжанага Саўку». І столькі ў людзей было цікавасці да гэтага ўсяго… Хачу яшчэ сказаць пра здольнасць Марыі Сяргееўны і цяпер, у сталым узросце, захапляцца прыгожым, любіць мастацтва і літаратуру. Дзе яна знаходзіць толькі сілы наведвацца на вечары, прэзентацыі, выказваць сваё ўражанне. Як можа памятаць пра нас, былых вучняў, столькі ўсяго, чаго і мы не заўсёды помнім.

Сапраўды, усё гэта так. На пасяджэннях і мерапрыемствах народнага клуба «Муза», клуба «Ушачане» Марыя Сяргееўна актыўная наведвальніца, сапраўдная аматарка народнай творчасці. Для мяне асабіста дорага вельмі многае, звязанае з гэтай жанчынай. Нечаканым, напрыклад, было, што на адно з пасяджэнняў нашай «Музы» яна прынесла стос газетных выразак розных гадоў з маімі замалёўкамі аб людзях і аб’яднала іх сваім каментарыем. Ніколі не чакала ўдзячнасці чытачоў і каб не Марыя Сяргееўна, то не ведала б, наколькі важна, каб тваю працу прыкмецілі…

А яшчэ мы, «музаўцы», час ад часу слухаем аповеды Марыі Сяргееўны аб рэдкіх, але значных для яе паездках. Мінулай зімой расказвала, як у валёнках, цёплым адзенні рушыла з вернікамі ўшацкай царквы ў Мінск, каб дакрануцца да прывезенай здалёк святыні. На днях падзялілася ўражаннямі ад паездкі па культавых рэлігійных месцах Мінска, Віцебска, пабывала ў Жыровічах. І ўсё гэта — з сынам ды ўнукам, які вучыцца ў Маскве. Нядаўна ж мы пазнаёміліся з кнігай у белай шчыльнай вокладцы, на якой надпіс: «Мария Сергеевна Каплевская. Рецепты» Яна ж па-ранейшаму вырошчвае розныя культуры, а яшчэ і гатуе іх як для сябе, так і родных.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *