Подведены итоги выставки-конкурса мастеров Ушаччины «Новый год своими руками»

Мир увлечений

Выстава-конкурс майстроў Ушаччыны “Новы год сваімі рукамі”, наладжаная ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, уздымала настрой наведвальнікам на працягу святочных тыдняў. Урачыстае падвядзенне яе вынікаў было задумана арганізатарамі ў выглядзе тэатралізаванага прадстаўлення. Гледачы, якія прыйшлі ў дзень Новага года па старым стылі на імпрэзу, атрымалі ў падарунак яшчэ адзін вельмі вясёлы і яркі святочны спектакль, падчас якога разбойнікі на чале з Бармалеем прадказальна былі пасаромлены станоўчымі казачнымі персанажамі, якія ў фінале дзейства запрасілі дзяцей і дарослых у карагод вакол ёлкі. Зрэшты, дакладней будзе сказаць – вакол ёлак, бо гэтых святочных атрыбутаў было ў зале вельмі шмат. Усяго ж на выставе можна было ўбачыць 150 рукатворных шэдэўраў 51 аўтара розных узростаў. Ну а паколькі гэта ўсё ж такі быў конкурс, былі абраны самыя ўдалыя работы ў трох намінацыях: лепшая ёлка, цацка і сімвал года. Пераможцамі дзвюх першых сталі дзяўчаты-школьніцы. Самай арыгінальнай ёлкай прызнана работа навучэнкі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Златы Клачок, а вось прыз за лепшую навагоднюю цацку атрымала Іаланта Цыбульская з Плінскай школы. Ну а самы цудоўны сімвал года прадставіў на выставе работнік ААТ “Твестуба” Аляксей Жмайловіч – нават адразу і не зразумееш, што яго сімпатычны баранчык выраблены з паперы і скотчу. Дыпломы і падарункі пераможцам уручыла навуковы супрацоўнік музея Юлія Драбцова. “Убачыла шмат вельмі цікавых работ, як ужо знакамітых, так і пачынаючых аўтараў. А асобныя вырабы плануем накіраваць на абласныя творчыя выставы”, – адзначыла кіраўнік клуба народных майстроў і мастакоў “Адраджэнне” Ала Васільеўна Кузусёнак.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *