В Ушачах открылся магазин «Дары природы»

Общество

Новая гандлёвая кропка з’явілася ў райцэнтры – першых пакупнікоў прыняў магазін “Дары прыроды” райспажыўтаварыства, які размясціўся на тэрыторыі рынка. Спецыялізацыю новага магазіна поўнасцю адлюстроўвае яго назва, і тут можна знайсці практычна ўсё, што дае нам шчодрая прырода.

Калі вам патрэбны капуста, бульба, морква, буракі, цыбуля, часнок ці нават свежыя шампіньёны – адпраўляйцеся ў новы магазін. Шырокі выбар і садавіны – ад нашых яблыкаў да больш экзатычных – грэйпфрутаў, хурмы, ківі. На паліцах магазіна і выключна ўшацкая прадукцыя – мёд, яблыкі мочаныя і квашаная капуста ўласнай вытворчасці. У наяўнасці і замарожаныя ягады: карысныя сваімі ўласцівасцямі чарніцы і клубніцы. На любы густ знойдуцца і кансерваваныя дары прыроды: памідоры, агуркі, фасоля, зялёны гарошак, кукуруза, а таксама соусы, баршчы, расольнік…

Трэба сказаць, што радуе не толькі асартымент гандлёвай кропкі, а і цэны, яны тут значна ніжэйшыя. Напрыклад, хурма  каштуе 26 тысяч рублёў за кілаграм, у той час як на рынку цана даходзіць да 39 тысяч.

– У адзін з першых дзён пасля адкрыцця  раскупілі 9 скрыняў мандарынаў, бо ў нас вельмі прывабны кошт на іх – 17500 рублёў за кілаграм, – гаворыць прадавец магазіна Тамара Васільеўна Альбіновіч. – Калі чаго-небудзь у наяўнасці няма, то можна заказаць, да прыкладу сёння пакупнікі заказвалі авакада і вінаград, і яны абавязкова будуць завезены.

На паліцах знайшлося месца і напіткам агароднінасушыльнага завода, якія тут прадаюцца па акцыі са скідкай.

Не прымусілі доўга чакаць водгукі патрабавальных пакупнікоў, якія ўжо паспелі ацаніць гандлёвую кропку.

– Выдатны магазін, кампактны і тавары такія неабходныя, цэны радуюць. Вось мне вельмі патрэбна рэдзька, якая так карысна для здароўя, знайшла яе тут і па прымальным кошце. Буду пастаянным кліентам магазіна, і не трэба ні ў які “Еўраопт” ехаць, – гаворыць пажылая жанчына.

– А я толькі ў “Дарах прыроды” знайшла яблычнае павідла, якое люблю дабаўляць у пірог. Заўважыла, што тут ёсць нават мандарынавае павідла беларускае, абавязкова паспрабую. А яшчэ спадабалася, што тут прададуць нават некалькі бульбін, калі не атрымліваецца купіць ці не патрэбна цэлая сетка, – прадаўжае пералічаць вартасці гандлёвай кропкі яшчэ адна задаволеная пакупніца.

З кожным днём пакупнікоў у новай гандлёвай кропцы становіцца ўсё больш. Тое, што такі магазін патрэбен ушачанам – відавочна, ёсць выбар і магчымасць купіць у адным месцы садавіну ды агародніну. У магазіне “Дары прыроды” вас чакаюць кожны дзень, акрамя панядзелка.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: Т.В.Альбіновіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *