Наталья Фадеевна Аваднёва

Наш современник

 Сем класаў скончыла ў Гарбаціцы, потым вучылася ва Ушачах. Жыла ў інтэрнаце. Толькі ў выхадны даводзілася ісці пешшу 23 кіламетры, потым назад. Дома можна было пачаставацца малаком, бульбай, духмяным хлебам. А так бацька даваў пяць рублёў, але дзяўчына была вельмі эканомная і некалькі тыдняў абыходзілася гэтымі грашыма.05.04 
 Пасля заканчэння дзесяці класаў хацела ехаць у Маскву да цётак, але яны сказалі: “Будзь дома, там лепш”. Можа яны і мелі рацыю, бо ў тыя галодныя гады было цяжэй у горадзе, чым у вёсцы.

Працавала мая гераіня ў школе, вучыла маленькіх дзяцей, затым — у райкаме камсамола. Праводзіла сходы ў Кублічах, Малых і Вялікіх Дольцах. Туды і адтуль трэба было хадзіць пешшу, машын не было.

Прырода адарыла гэтую дзяўчыну незвычайнай прыгажосцю. Хлопцы віліся роем. І раптам сустрэўся, як здавалася, адзіны, самы-самы. Пачалося вялікае, моцнае каханне, якое перарасло ў шлюб. Так хлопец Сямён з Глыбачкі стаў мужам. Спачатку жылі ў яго бацькоў, потым у яе. І паплыў сямейны карабель. Але прайшло колькі часу, ён даў крэн і трэшчыну. Сям’я развалілася. На руках застаўся сын. Яна па гараскопу Стралец. Агонь. Муж – Рыба. Вада. Нездарма кажуць, што шлюбы такія нетрывалыя. Агонь сушыць ваду, вада тушыць агонь. Вада перамагла, затушыла полымя кахання.

Працавала начальнікам паштовага аддзялення ў Гарбаціцы. Прыйшоў з арміі хлопец на пяць гадоў маладзейшы, не даваў праходу, пакуль не стаў яе мужам. Утварылася новая сям’я. Нарадзіліся два сыны. Займалася звычайным сялянскім жыццём. Карова, свінні, птушка. Але і тут шчасце пакінула яе. Муж трагічна загінуў. Маці не магла хадзіць і Наталля Фадзееўна даглядала яе 17 год. На спіне насіла ў лазню, мыла. Гора хапіла.

Але жанчына ўсё вытрымлівала. І нават, часам, спявала. Прырода адарыла яе незвычайным голасам. Я паслухала яе і падумала, што каб Наталля Фадзееўна трапіла ў свой час у Маскву, магла стаць вялікай спявачкай. Тады ж не было шоу-бізнесу, цаніўся толькі талент, а не вялікія грошы.

Голас Наталлі перадаўся па спадчыне. Было ў маці шэсць сясцёр, збяруцца ў бацькоўскай хаце і давай спяваць. Звалі іх у вёсцы “сёстры Фёдаравы”. Слухала дзяўчына, як маці спявала, калі прала. Песні вясельныя, хрэсьбінныя, валачобныя, купальскія, і сама спявала ўсюды. Калі пасвіла кароў, то ў суседняй вёсцы ведалі, хто сёння ў полі з імі. Калі насіла бацьку есці ў поле (а ён быў трактарыстам), то спявала разам з ім, аб’ехаўшы круг у трактары. І калі жыла ва Ушачах у інтэрнаце, то адчыняць вокны, і спяваюць “пшаніцу залатую”. Людзі ішлі, усміхаліся, махалі рукамі. І цяпер, калі яна бывае ў райцэнтры, то самае любімае месца – старая школа. Пастаіць насупраць, паклоніцца будынку, з якім звязана маладосць, і пойдзе.

Дваццаць гадоў таму прыехала дзяўчына з Мінска з магнітафонам. Жанчына паспявала абрадавыя народныя песні. Так голас вясковай спявачкі трапіў у эфір пры дапамозе Вольгі Емяльянчык. Пяць гадоў назад прыязджала прадстаўніца акадэміі музыкі. Запісала таксама абрадавыя песні. Сказала, што для апрацоўкі і далейшага выканання.

Наталля Фадзееўна наогул вельмі цікавая. Яе паэтычная душа ставіцца да прыроды як да адушаўлёнай істоты. Каля хаты расце бяроза, пасаджаная сынам. Выйдзе, абдыме, паразмаўляе з ёю, прызнаецца ў любові, папросіць здароўя. Каля хаты і ў доме кветкі.

Калі гаварыць пра ўзрост, то зусім не верыць, што ёй 80. Яна нібыта ідзе па адным баку дарогі, а гады па другім. Сама сябе падтрымлівае, весяліць. Любіць слухаць песні вядомых выканаўцаў. Запіша на магнітафон, а потым танцуе пад іх. Што ж рабіць. Некаторыя людзі раскісаюць і ў 55, а яна гэтага не дапускае і ў сваім узросце. Не будзеш жа кіснуць у вёсцы, дзе дваццаць хат і амаль усе пустыя. Шкада, што жыве не ва Ушачах, дзе магла б рэалізаваць сябе ва ўстановах культуры. Бо яна ж у Вяркудах некалі была самай лепшай артысткай.

 

 

 

 

 

 

 

Г.СУРВІЛА,

в. Лутава.

На здымку:

Наталля Фадзееўна Аваднёва са сваёй мамай Агаф’яй Нікіфараўнай (фота з сямейнага архіва).

 

 

 

 

 


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *