Минчанка Ольга Хоменок отказалась от карьерных перспектив в столице и перехала жить и работать в Ушачи

Наш современник

Героямі папулярнага ток­шоу “Такі лёс”, якое выходзіць па пятніцах на тэлеканале СТВ, з’яўляюцца людзі адметныя, нестандартныя ў сваіх учынках, талентах, паблукаўшыя па складаных жыццёвых шляхах. Галоўнай гераіняй адной з перадач гэтага праекту стала ўшачанка Вольга Хамянок. Амаль гадзіну вядучыя, госці і гледачы ў студыі высвятлялі, што прымусіла маладую прыгожую мінчанку з кватэрай у сталіцы і выдатнымі кар’ернымі перспектывамі раптоўна кінуць усё гэта і пераехаць у маленькі райцэнтр…

А запрасіў Вольгу Уладзіміраўну да ўдзелу ў перадачы рэжысёр і прадзюсар Іван Пінігін: іх знаёмства адбылося, калі вядомы дзеяч мастацтва прыйшоў ва Ушацкі вузел электрычнай сувязі, каб падключыць інтэрнэт на сваёй дачы ў Замошшы. Заяўку на паслугу афармляла спецыяліст па продажы сервіснай службы Вольга Хамянок, і прафесійнае вока рэжысёра адразу вызначыла ў жанчыне чалавека надзвычай эрудзіраванага і цікавага. Дарэчы, самога Івана Пінігіна рашэнне Вольгі жыць ва Ушачах не здзівіла: яму вельмі падабаецца наш гарпасёлак, а Ушаччыну ён лічыць найпрыгажэйшым месцам Беларусі…

Ураджэнцамі тутэйшых мясцін былі дзядуля і бабуля Вольгі: Міхаіл Іванавіч Хамёнак (пазней пры афармленні пашпарту гэта прозвішча выпадкова “трансфармавалася” ў Хамянок) шмат гадоў працаваў у вузле сувязі, Вольга Фёдараўна – у райсабесе. Іх сын Уладзімір, скончыўшы Ушацкую школу, “за кампанію” са сваім лепшым сябрам Мікалаем Паршанкам паступіў у Віцебскі медінстытут, там пазнаёміўся з будучай жонкай, з якой па размеркаванні паехалі жыць і працаваць у Мсціслаў. У гэтым невялікім гарадку прайшло дзяцінства Вольгі. Скончыўшы школу з залатым медалём, яна паступіла ў сталічны інстытут замежных моў, потым набывала другую вышэйшую адукацыю ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце на франка­беларускім факультэце палітычных і адміністрацыйных навук, выкладанне на якім, дарэчы, вялося па­французску. Калі дзяўчыне было 19, заўчасна пайшла з жыцця яе маці. Хоць бацька рабіў усё, каб Оля і яе малодшая сястра ні ў чым не мелі патрэбы, грошай, канечне, не хапала, таму дзяўчына па вечарах вяла замежную мову ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Пазней яна прыняла прапанову стаць спецыялістам аддзела міжнароднага маркетынгу ў апараце кіравання “Белтэлекама”. Гэта быў цікавы і насычаны міжнароднымі паездкамі перыяд: давялося пабываць у ЗША, Англіі, Францыі, Аўстрыі. Прафесіяналізм маладога спецыяліста ацаніў міністр сувязі. Вольгу нават выклікалі з дэкрэтнага водпуску, каб менавіта яна суправаджала ў замежных паездках дэлегацыі кіраўніцтва РУП “Белтэлекам” і выконвала функцыі перакладчыка. А яшчэ ўшачанам, напэўна, цікава будзе даведацца, што ў 2005 і 2006 гадах Вольга Уладзіміраўна адказвала за збор галасоў беларусаў падчас галасавання на “Еўрабачанні”. “Гэта была напружаная працэдура: роўна за 3 хвіліны трэба было атрымаць інфармацыю аб галасаванні беларускіх гледачоў і перадаць на сервер нямецкай кампаніі, якая займалася падагульненнем даных, – расказвае Вольга Уладзіміраўна і з усмешкай дадае: – У беларусаў своеасаблівы менталітэт: калі, напрыклад, немцам кажуць, што галасаваць за сваіх спевакоў нельга, то яны паслухмяна аддаюць галасы за іншых. Нашы ж суайчыннікі, нават калі яшчэ не стартавала галасаванне, ужо пачалі накіроўваць тэлефанаванні, значная колькасць якіх прыходзілася на нумар беларускага выканаўцы – маўляў, сказалі, што нельга, а раптам мой голас усе ж такі залічаць!”

За гэты час Вольга Уладзіміраўна з дапамогай таты пабудавала кватэру ў Мінску, дзе яны сталі жыць з сястрой. Неўзабаве ў абедзвюх нарадзіліся дзеці. Падчас водпуску па доглядзе за сынам жанчыне патэлефанаваў намеснік міністра сувязі і прапанаваў узначаліць аддзел знешніх сувязей міністэрства, запрашалі і ў беларуска­амерыканскую камерцыйную фірму з высокім акладам. Вольга паспрабавала аддаць хлопчыка ў яслі, якія на той момант былі перапоўнены: у групах было па 30 дзяцей. У такіх умовах маленькі Ваня стаў моцна хварэць. Каб пазбегнуць хранічных наступстваў, педыятры параілі дзіцяці дамашні догляд і чыстае паветра, таму жанчына вырашыла правесці лета ў сваёй бабулі ва Ушачах. Вольга Фёдараўна пасяліла ўнучку ў сваёй кватэры на Ленінскай, сама ж засталася жыць у прыватным доме. “Памятаю, як упершыню прыйшла з сынам у дзіцячую кансультацыю і, не ўбачыўшы ў калідоры прывычнай для сталічных паліклінік чаргі, запыталася: “У вас, напэўна, выхадны або рамонт?” – прыгадвае Вольга Уладзіміраўна. Хлопчык ва Ушачах адчуваў сябе значна лепш, таму маці вырашыла павадзіць яго ў сад. Тут таксама яе чакала прыемнае здзіўленне: у ясельнай групе сада №3 было толькі некалькі дзяцей, а вопытныя выхавальнікі глядзелі за кожным, як за ўласным. “У канцы лета, калі трэба было збірацца назад, я раптам зразумела, што не хачу ў Мінск. І магу сказаць, што “пакінулі” мяне ва Ушачах выхавальнікі Валянціна Іванаўна Якушэнка і Святлана Леанідаўна Гайковіч. Пра хваробы мы хутка забыліся, а калі я ўладкавалася на работу, Валянціна Іванаўна нават сама прыводзіла ўвечары майго сына з сада”.

“Дзівачка! Ладна, калі адумаецеся – тэлефануйце”, – так адрэагаваў намеснік міністра, калі пачуў, што Вольга адмаўляецца ад месца ў міністэрстве, бо збіраецца жыць ва Ушачах. Зрэшты, пастаянную работу ў райцэнтры былая мінчанка знайшла не адразу: давялося папрацаваць на заменах у школе, у дылерскай кропцы МТС, пакуль не з’явілася вакансія ў раённым вузле электрычнай сувязі. Аб тым жа, што Вольга Уладзіміраўна выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, сведчыць факт, што яе прозвішча занесена на Дошку гонару Віцебскага філіяла “Белтэлекама”.

Яе сям’я жыве ва Ушачах сёмы год. За гэты час жанчына цалкам упэўнілася, што зрабіла ўсё правільна. “Адна з галоўных каштоўнасцяў нашага жыцця – час. Тут я паспяваю за дзень рабіць столькі ўсяго карыснага і цікавага, асабліва ў цёплую пару: і ў лес схаджу, і на рыбалку, і на рэчку паплаваць, і ў агародзе ў бабулі пакорпаюся – гэта таму, што тут усё побач. Я магу без хваляванняў адправіць сына­трэцякласніка аднаго ў школу мастацтваў ці на стадыён. А хто з маіх мінскіх сябровак можа пахваліцца, што з вакна іх кватэры бачна галоўная гарадская ёлка?..” – разважае Вольга. Прывык да жыцця ў правінцыі і яе муж Павел. Карэнны мінчанін, зараз падчас паездак у госці да родных ён бурчыць: маўляў, і душна ў вас, і пыльна, і машыну ў двары прыпаркаваць недзе – як вы тут жывяце?! Ну а ў тэатрах, на канцэртах і іншых “гарадскіх” відовішчах яны бываюць не радзей, чым жыхары сталіцы. Вось і мяркуйце самі, ці можна лічыць дзівацтвам пераезд са сталіцы ў правінцыю?

Наталля БАГДАНОВІЧ.




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *