Перспективы малого бизнеса. Второй год в Ушачах работает ветеринарнарная аптека

Экономика и малый бизнес

Цяпер ушачанам не трэба доўга ламаць галаву, дзе купіць тыя ці іншыя лекі або вітаміны для дамашняй жывёлы, знайсці корм для рыбак ці папугаяў і многае іншае. За гэтай на першы погляд дробяззю зараз не трэба ехаць у вялікі горад. Самае неабходнае можна знайсці і ў райцэнтры – напрыклад, у ветэрынарнай аптэцы.

Пра адкрыццё сваёй уласнай справы Сяргей Уладзіміравіч Віннік раней і не задумваўся. Скончыўшы Віцебскую ветэрынарную акадэмію, прыехаў у родны раён прадаўжаць справу дзеда і бацькі – працаваць ветэрынарным урачом, з энтузіязмам і стараннем лячыць жывёлу. Першым працоўным месцам стала ветэрынарная станцыя. Малады ветурач з лёгкасцю ўцягнуўся ў работу, бо ў яго былі грунтоўныя веды, атрыманыя ў навучальнай установе, і вопыт, пераняты ад бацькі. Аднак, адпрацаваўшы на ветстанцыі 10 гадоў, Сяргей усё ж такі вырашыў паспрабаваць сябе ва ўласнай справе. У 2013-м годзе, сабраўшы ўсе неабходныя дакументы, атрымаў спецыяльную ліцэнзію на адкрыццё ветэрынарнай аптэкі ва Ушачах. Якраз знайшлося і падыходзячае для гэтай мэты памяшканне на другім паверсе КБА. Канечне, яму хацелася большага – адкрыць не толькі аптэку, а і ветэрынарную клініку, каб мець магчымасць у поўнай меры дапамагаць жывёле. Але ж для гэтага існуюць намнога больш жорсткія патрабаванні, неабходны спецыяльныя памяшканні і абсталяванне. Таму пакуль развівае свой бізнес на такім вось этапе.

– Наколькі гэта складана — пачынаць і развіваць малы бізнес у невялікім райцэнтры? – пытаюся ў Сяргея.

– Канечне, прыйшлося патраціць нямала часу на афармленне ўсіх дакументаў, арандаваць месца, вядома ж, плачу падаткі. Але ж я абраў сферу дзейнасці, якая мне па душы, і калі займаешся любімай справай, тады і работа ладзіцца. А яшчэ я заняў свабодную нішу – да гэтага часу ва Ушачах ніхто не пажадаў адкрываць падобную справу, па сутнасці ў мяне з канкурэнтаў толькі дзяржаўная ветаптэка. Магчыма, на гэта паўплываў адзін нюанс: для адкрыцця ветаптэкі патрэбна адпаведная адукацыя,  – расказвае прадпрымальнік.

Сапраўды, за час нашай размовы ў ветаптэку пастаянна заходзілі наведвальнікі. Адны – за сродкамі ад блыхі і кляшчоў, другія – за ашыйнікам, трэція прыйшлі з маленькім кацяняці, які дрэнна дыхаў. Усім Сяргей Віннік не проста прадаваў тавар, а даваў парады, падбіраў найлепшы варыянт.

– Жывёла, як і людзі, хварэе, яе трэба лячыць і прышчэпліваць. Каб зразумець, якія лекі патрэбны, часам неабходна агледзець жывёліну. Вось і  даю бясплатныя кансультацыі. Гэтаму кацяняці трэба даць кроплі ад насмарку,  – адразу вызначыў вопытны ўрач. – Бывае такое, што мае “пацыенты” прама тут на месцы выздараўліваюць.

Наогул С.Віннік заўсёды ідзе насустрач сваім кліентам, і калі, напрыклад, у выхадны дзень каму-небудзь тэрмінова неабходны лекі, ён адкрывае аптэку, каб выручыць гаспадара хворага пітомца.

Акрамя лекавых прэпаратаў для жывёл асартымент аптэкі ўключае  і кармы, вітамінныя дабаўкі, павадкі, ашыйнікі, сродкі за доглядам, клеткі, посуд для жывёлы і многае іншае. Мяркуючы па тым, як хутка разыходзяцца некаторыя тавары, у дамах ушачан жывуць не толькі каты і сабакі, а і хамячкі, папугаі, рыбкі, чарапахі і іншыя экзатычныя жывёлы. Працуе прадпрымальнік з 10 рознымі фірмамі-пастаўшчыкамі.

Распачаўшы свой бізнес, сёння Сяргей Віннік мае магчымасць не толькі займацца любімай справай, працаваць па спецыяльнасці, а і атрымліваць стабільны даход. Канечне, гэта не касмічныя сумы, але заробленага хапае на ўсё неабходнае для сябе і сям’і. Пайсці па такім жа легальным шляху заробку могуць і іншыя ўшачане, тым больш што незанятыя нішы для прадпрымальніцтва ва Ушачах яшчэ ёсць.

Вольга КАМАРКОВА.

Парады ад Сяргея Вінніка

*Не злоўжывайце гатовымі кармамі для вашага пітомца (“Віскас”, “Кіцікэт” і іншыя). Гэта, канечне, зручна, але пры пастаянным выкарыстанні не надта карысна, тым больш, што многія купляюць корм эканом-класа. У гатовых кармах утрымліваюцца пэўныя карысныя элементы, але няма нічога лепш за натуральную ежу. Таму раю даваць такі корм вашаму коціку ў выпадках, калі надоўга з’язджаеце ці зыходзіце з дому.

*Зімой і асабліва перад надыходам вясны курам не хапае вітамінаў, замаруджваецца іх рост і развіццё, зніжаецца і яйцаноскасць. Каб папярэдзіць прафілактыку захворванняў, можна ў гэты час дабаўляць у корм нясушкам вітамінна-мінеральныя дабаўкі “Рабушка”, “Фелуцэн”. Калі шкарлупіна яек слабая ці, больш таго, куры пачынаюць яе клюваць, можна даваць ім мел кармавы, які ўтрымлівае кальцый, фосфар, калій і іншыя карысныя элементы.

*На сайце trixie.by можна знайсці мноства самых розных заатавараў. Калі штосьці прыглянулася для вашых дамашніх пітомцаў, вы можаце заказаць выбранае ў ветаптэцы, якая супрацоўнічае з гэтай гандлёвай маркай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *