«Живые» изображения на песке. В Ушачском районном центре детей и молодёжи освоили новый вид искусства — пескографию

Общество

Падчас нядаўняга вечара сустрэчы выпускнікоў ва Ушацкай школе, а таксама на раённай спартакіядзе і ўрачыстасцях у РДК ушачане маглі пабачыць незвычайнае цуда – “жывыя” выявы. На экране за некалькі секунд карцінкі змянялі адна другую, а суправаджалася дзейства музычнай кампазіцыяй. Новы від мастацтва – пескаграфія – асвоены ўшачанамі.

Пясок можна назваць адным з самых прыцягальных матэрыялаў на зямлі. Ён напамінае нам аб вечнасці і хуткацечнасці быцця, аб адпачынку на моры і замках у дзіцячых пясочніцах. Акрамя ўсяго гэтага пясок можа выступаць і ў якасці выдатнага матэрыялу для мастака. Пескаграфія з’явілася ў 70­я гады 20 стагоддзя, калі мастак з Індыі заўважыў, што пісаць карціны можна не толькі фарбамі, а і пяском. Паступова гэты накірунак увайшоў у моду і шэдэўры з пяску сталі ствараць па ўсім свеце. Асноўнай асаблівасцю пескаграфіі з’яўляецца стварэнне пясочных гісторый прама на вачах у гледача. Як жа яны атрымліваюцца? Мастак малюе карціны па пяску на спецыяльным стале. Выява пры дапамозе праектара і вэб­камеры перадаецца на экран, карцінкі змяняюцца, ствараючы асаблівы настрой. А каб пясочнае шоу ўспрымалася больш эмацыянальна і пачуццёва, звычайна яно суправаджаецца музыкай ці песняй.

Пазнаёміць нас бліжэй з гэтым відам мастацтва змаглі работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі, а папярэднічала гэтаму вялікая работа.

Ідэю новага накірунку для цэнтра падказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму І.Ф.Сыроўчанка.

– Шчыра кажучы, мы думалі, што пескаграфія не па сілах нашаму невялікаму цэнтру, – расказвае дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Міхайлаўна Каваленка. – Мала дзе ў такіх жа цэнтрах дзяцей і моладзі, як наш, ёсць падобнае. Для ўвасаблення гэтага віду мастацтва недастаткова творчай рукі мастака, якая намалюе пясочныя карціны. Патрэбна спецыяльнае абсталяванне, таксама нам не хапала ноутбука. Прыемна, што мы знайшлі разуменне і падтрымку ў кіраўніцтва раёна, якое дапамагло ў набыцці тэхнікі. У мінулым годзе нам удалося купіць і спецыяльны стол для пескаграфіі, а таксама кварцавы пясок. Першыя нашы спробы пескаграфіі мы паказалі напярэдадні Новага года на дзіцячым ранішніку, а таксама бацькам нашых выхаванцаў, якія станоўча ацанілі работу.

Піша ж пясочныя карціны педагог дадатковай адукацыі цэнтра дзяцей і моладзі Любоў Сеньчанка. Маладая дзяўчына прыйшла працаваць у цэнтр у верасні мінулага года пасля пераезду з Віцебска, зараз яна заканчвае Віцебскі індустрыяльна­будаўнічы каледж і ў хуткім часе атрымае спецыяль­насць тэхніка­тэхнолага швейнай вытворчасці. Маляваць Любоў стала яшчэ з дзяцінства, вучылася ў школе з мастацкім ухілам, паралельна яшчэ і наведвала школу мастацтваў. Уменні і навыкі спатрэбіліся падчас вучобы ў каледжы, без іх нельга абысціся пры канструяванні адзення. У раённым цэнтры дзяцей і моладзі Л.Сеньчанка праводзіць гурткі па маляванні, фітадызайне і фларыстыцы. Маляванне па пяску даўно зацікавіла дзяўчыну, шмат назірала за гэтым відам мастацтва і сама вучылася па ўроках у інтэрнэце і нарэшце змагла паспрабаваць і рэалізаваць сябе ў пескаграфіі.

– Мне вельмі падабаецца маляваць пяском, канечне, я яшчэ не вялікі прафесіянал у гэтым накірунку, аднак ужо многае атрымліваецца, – расказвае Любоў, паралельна паказваючы мне, як нараджаюцца карціны з пяску. – Найлепш падыходзіць менавіта кварцавы пясок. Каб атрымалася карціна, трэба правільна працаваць з матэрыялам – дзе слабей, дзе мацней сціскаць руку з пяском, выпрацаваць прыёмы і паспяваць за музыкай, бо ў нашым выпадку карціны перадаюць пачуцці і эмоцыі песень. Пакуль гэта музычныя кампазіцыі “Кропелька дажджу” і “Сінякрылы матылёк”, якія выконвае наша навучэнка Кацярына Клопава. Актыўна працуем ужо і над іншымі, у прыватнасці, патрыятычнай тэматыкі.

Пескаграфія ўражвае, бо нельга застацца раўнадушным, калі мастацтва нараджаецца прама на вачах гледача. Сёння пескаграфія набывае ўсё большую папулярнасць, у Мінску, напрыклад, існуюць школы і студыі, дзе вучаць пескаграфіі, многія людзі заказваюць на свае вяселлі, юбілеі шоу пясчаных карцін. Прыемна, што і ў нашым раённым цэнтры дзяцей і моладзі з’явіўся новы накірунак мастацтва. Тут ужо задумваюцца і аб увядзенні гуртка пескаграфіі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *