Аграрии ОАО «Ильюшинский» в числе первых начали посевную кампанию

Сельское хозяйство

Першыя сапраўдныя веснавыя дні хоць і не прынеслі тэмпературных рэкордаў, але прымусілі аграрыяў на мінулым тыдні распачаць сяўбу. Здаецца, што і халаднавата, але папярэдняя пасяўная кампанія яравых пачыналася яшчэ раней, ды і глеба сёлета з-за маласнежнай зімы вільгаццю не спешчана, таму і спяшаюцца ў гаспадарках раёна вывесці тэхніку на палі. У ААТ “Ільюшынскі” яшчэ з зімы падрыхтаваны як след трактары, пасяўныя агрэгаты, угнаенні і неабходны запас насення.

Для таго каб Аляксандр Селезень у мінулы чацвер пасля абеду пачаў адлік першым гектарам засеянай нівы на былым партызанскім аэрадроме ля Наваселля, працавала яшчэ пяць адзінак тэхнікі. На ўзараным з восені ўчастку кружыліся з чызелямі трактары Пятра Качана і Юрыя Букі. Магутны МТЗ-3022 Міхаіла Рэута даводзіў глебу да кандыцыі дыскатарам, а Віктар Буйніцкі на МТЗ-82 з трохтонным раскідвальнікам мінеральных угнаенняў уносіў карбамід – па ўсім было відаць, што насенне ляжа ў выдатна падрыхтаваную зямлю.

– Ну што за чалавек! – жартам абураецца на ўскрайку поля дырэктар “Ільюшынскага” Сяргей Анатольевіч Халімоненка, характарызуючы А.Селезня. – Іншы б ужо даўно паехаў, а ён пакуль усё дасканала не адрэгулюе, не дакруціць – з месца не кранецца.

Слухаючы з усмешкай “бурчанне” кіраўніка, механізатар няспешна праводзіць апошнія наладкі шасцімятровага пасяўнога агрэгата, раіцца з вопытным калегам Анатолем Спірыдзёнкам, які ў гэты дзень працаваў на падвозе насення – пачатак ёсць пачатак, а якасці работ надаецца першачарговая ўвага, “як пачнеш, так і пойдзе”. Нарэшце А.Селезень садзіцца ў кабіну свайго МТЗ-3022. “Ну, Саня, з Богам!” – дае адмашку дырэктар і пасяўны агрэгат заходзіць на першы круг, якіх за пасяўную наматае не адну тысячу.

– Пачынаем з ячменю, – расказвае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Сяргеевіч Селявёнак, які непасрэдна на месцы назіраў за ходам работ. – Умовы надвор’я дазваляюць сеяць практычна ўсе раннія зерневыя культуры, але ўсё адразу не схопіш, аднаго ячменю пад тысячу гектараў!

У “Ільюшынскім” на працягу апошніх гадоў самыя вялікія аб’ёмы яравой сяўбы, таму і прыступаюць да яе мясцовыя аграрыі традыцыйна аднымі з першых. Тут гатовы працаваць ад цёмнага да цёмнага, але ў планы ўнесла карэктывы надвор’е, якое ў апошнія дні нібы здзекуецца з хлебаробаў. “Лепш бы вясна прыйшла ў свой час, чым такая ранняя ды нетрывалая – то дождж, то холад!” – давялося пачуць ад механізатараў. З­за капрызаў нябеснай канцылярыі не могуць тут задзейнічаць на поўную магутнасць усю тэхніку, а да выхаду ў поле былі гатовы яшчэ дзве сеялкі. Вось і атрымліваецца, што амаль праз тыдзень пасля афіцыйнага старту сяўбы ў гаспадарцы засеялі ўсяго 58 гектараў.

У гэты ж дзень пасяўную пачалі і суседзі ільюшынскіх хлебаробаў – у КУСГП “Вялікадолецкае”, дзе яравы клін не намнога меншы, ля жывёлагадоўчага комплексу “Цыганок” таксама сеялі ячмень. Сяўбой праца аграрыяў у гаспадарках не абмяжоўваецца. Наадварот, аб’ёмы яе толькі ўзраслі, бо працягваецца ўзворванне глебы, вядзецца догляд за азімымі культурамі. Стрымліваючым фактарам з’яўляецца хіба што адсутнасць запасу паліва. Зрэшты, праблема вырашаецца і з надыходам спрыяльнага надвор’я пасяўная шырокім фронтам распачнецца ва ўсіх гаспадарках раёна.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *