Весенне-полевые работы в КУСХП «Ореховно»

Сельское хозяйство

У панядзелак наша рэдакцыйная “Ніва” не даехала да арэхаўскіх механізатараў. Першая веснавая навальніцы ператварыла звычайнае поле ў сапраўдны заліўны луг, таму калі ўбачылі трактар, які рухаўся насустрач, падумалі, што не пайшлі плугі па такой макраце. Але Барыс Шалыга, які сваім МТЗ-1221 хутка выцягнуў наш аўтамабіль з каляіны, патлумачыў, што работы вядуцца, а перапынак абумоўлены толькі паломкай.

У КУСГП “Арэхаўна на ўзворванні глебы працавалі і ў нядзелю – нічога не зробіш, бо неабходна ўзняць яшчэ звыш 800 гектараў. Ды ў веснавую пару неадкладнасць работ зразумелая, таму паняцце выхадных у працаўнікоў сяла даволі ўмоўнае – імі становяцца толькі дні, калі ў поле не выбрацца.

Б.Шалыга на ўскраек поля пад’язджаў за запчасткамі для МТЗ-3022 свайго напарніка Аляксандра Гусёнка, які ў гэты час займаўся рамонтам – у васьмікорпусным плузе лопнулі шлангі гідраўлікі і агрэгат перастаў быць абаротным. “Добра, што масла не выгнала, – разважалі мужчыны, аператыўна мяняючы дэталі. – На расходнікі і запчасткі цэны проста “касмічныя”.

А.Гусёнак ведае, пра што кажа. Яго энерганасычаны трактар амаль два гады прастаяў на рамонце без рухавіка, які не маглі забраць з завода, бо не было сродкаў на аплату. Нарэшце праблему вырашылі, і зараз у гаспадарцы два спраўныя МТЗ-3022. Спадзяюцца на яшчэ адзін, з “Райаграсэрвіса”, а вось трактар філіяла “Сарочына” ААТ “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў”, які раней нязменна дапамагаў арэхаўскім аграрыям, сёлета на поле наўрад ці выедзе: для рамонту каробкі перадач патрэбны вельмі вялікія сродкі.

У гаспадарцы існуюць пэўныя праблемы з падрыхтоўкай тэхнікі, глебаапрацоўчых агрэгатаў, але самая вострая – кадравая. І калі, напрыклад, КУСГП “Вялікадолецкае”, “Кублічы”, ААТ “Дземенец”, “Ільюшынскі” разлічваюць у асноўным на ўласныя людскія рэсурсы, то “Арэхаўну” без дапамогі шэфаў з прадпрыемстваў ніяк не абысціся: 30 гектараў узаралі А.Гусёнак і Б.Шалыга ў нядзелю, 25 – у панядзелак. Зразумела, што такія тэмпы не могуць задавальняць і гаспадарцы патрэбна дапамога.

– Людзей і тэхніку, накіраваных да нас на сяўбу згодна распараджэнняў аблвыканкама і райвыканкама з арганізацый, прыцягваем па меры неабходнасці, – расказвае выконваючы абавязкі дырэктара гаспадаркі Мікалай Леанідавіч Купрыянаў. – Гэтымі днямі даводзім да толку яшчэ чатыры трактары, каб выставіць на тэхагляд. Работнікі лясгаса Віктар Рубанік і Мікалай Каваленка рыхтуюць МТЗ-1221, на якім будуць працаваць з плугамі пазменна, на энерганасычаны трактар ужо прыйшоў з ДРБУ-105 Мікалай Коўшаль, ёсць дамоўленасць аб прыцягненні людзей і тэхнікі з кіраўніцтвам ДЭУ-37, прадпрыемстваў меліярацыйных сістэм і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, як толькі работы разгарнуцца больш шырокім фронтам, пачнём сеяць. Зараз жа неабходна максімальна аператыўна араць і рыхтаваць глебу. План пад яравую сяўбу ў нас немалы – 1065 гектараў, з якіх 635 зоймуць зерневыя і зернебабовыя культуры, 300 адведзена пад рапс. Таксама ў структуры 100 гектараў адналетнікаў і 30 – кукурузы.

Па словах галоўнага спецыяліста райсельгасхарча Аляксея Сяргеевіча Клопава, у сельгаспрадпрыемствы згодна іх заявак з арганізацый і ўстаноў раёна накіравана каля сарака чалавек. Ёсць сярод іх і вадзіцелі, і зваршчыкі, але асноўную колькасць складаюць механізатары. Акрамя “Арэхаўна”, вялікі “працоўны дэсант” будзе працаваць у “Глыбачанах”, дзе таксама праблема з людскімі рэсурсамі. Імі, а таксама палівам, сродкамі на запчасткі і рамонт тэхнікі гаспадаркам з боку ўлады аказана дапамога. Важнейшая задача – распарадзіцца ёй граматна і эфектыўна.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *