Чтобы остаться на плаву, ПМК-66 нужно не только искать новые объекты, но и выполнять работы качественно и в срок

Общество

Аб тым, што будаўнічая галіна краіны зараз знаходзіцца не ў лепшым стане, яны ведаюць не па чутках – працаўнікі Ушацкай ПМК­66, калісьці аднаго з флагманаў вытворчасці раёна, у апошні час гэтыя праблемы адчуваюць на ўласным сумным вопыце. Выдача прадукцыяй часткі зарплаты, яе значныя затрымкі і мізэрныя памеры, вымушаныя прастоі, калі адсутнасць фінансавых сродкаў не дазваляе набываць матэрыялы для выканання работ, сталі пастаяннымі “спадарожнікамі” дзейнасці арганізацыі. А на пачатку бягучага года паўстала рэальная пагроза самога існавання прадпрыемства з больш чым паўвекавой гісторыяй.

Напярэдадні агульнага сходу працаўнікоў ПМК­66, які адбыўся на мінулым тыдні, старшыня райвыканкама В.В.Родзіч наведаў КУП “Полацксельбуд”, у структуру якога ўваходзіць наша будаўнічая арганізацыя – менавіта там разглядалася пытанне аб далейшым яе лёсе, таму візіту кіраўніка раёна чакалі і ў актавай зале сабралася шмат людзей. Дату сходу Віктар Віктаравіч трапна назваў “адпраўной кропкай”. Тлумачыцца гэта тым, што менавіта з моманту правядзення сходу пачынаецца адлік тэрміну, які вырашыць будучыню нашага ПМК, а выжыве арганізацыя, ці будзе рэарганізавана, як Расонская або Браслаўская – будзе залежыць ад самога калектыву, бо абавязкі, якія для стабілізацыі няпростага становішча ўзяла на сябе ўлада, выкананы. В.В.Родзіч пастаянна ў курсе спраў арганізацыі, дапамагае ў пытаннях пошукаў аб’ектаў, адтэрміноўкі пагашэння даўгоў, выплаты зарплаты. Зрэшты, зарабіць яе будаўнікам неабходна самім, а для гэтага на сённяшні дзень трэба працаваць зусім па­новаму, перагледзіць адносіны да справы ўсім без выключэння работнікам калектыву.

“Ці загружаны работай?” – запытаў старшыня ў тынкоўшчыкаў, якія працавалі ў Лепелі, і атрымаў станоўчы адказ. На бліжэйшыя месяцы аб’ёмы для загрузкі магутнасцей праглядаюцца нават у нашым раёне – на рэканструкцыі ПУП “Сарочына”, будаўніцтве фізкультурна­аздараўленчага комплексу. Існуе дамоўленасць, што на новых участках работ на апошнім аб’екце не будуць прыцягвацца сілы іншых структурных падраздзяленняў КУП “Полацксельбуд” акрамя Глыбоцкай ПМК, якая з’яўляецца генпадрадчыкам, і нашага, але гэта пры ўмовах, што яны не дапусцяць зрываў тэрмінаў будаўніцтва па цаглянай кладцы, тынкоўцы, асобных відах работ на даху. У гэтым годзе запланаваны капітальны рамонт будынка раённай інспекцыі на насенняводстве, каранціне і ахове раслін, дзіцячага сада № 4 у гарпасёлку, але ўжо зараз трэба актыўна шукаць заказы на будучыню, у тым ліку і за межамі раёна. Трэба браць бюджэтныя заказы, выконваць работы ў гаспадарках. Няхай і не па ўсіх маецца дастатковае фінансаванне, але гэта тыя аб’екты, за якія рана ці позна грошы ўсё роўна паступяць.

Разам з тым, некаторыя работы, за якія прадпрыемства атрымала авансы, яшчэ не выкананы, таму патрэбна адпрацаваць прафінансаваныя і зарабляць наперад. Нельга грэбаваць і невялікімі заказамі, але на любых забяспечваць якасць – толькі так заваюеш давер, бо прыватнікі гатовы працаваць і за меншую цану, а зараз зусім не тыя часы, калі перавагу аддавалі дзяржаўным прадпрыемствам. Ва ўмовах скарачэння аб’ёмаў і росту цэн на будаўнічыя матэрыялы на першы план выходзяць кошт, хуткасць і якасць. Пакуль жа ў рабоце будаўнікоў здараюцца выпадкі, калі словы разыходзяцца са справай. Абяцаючы, напрыклад, рабіць за дзень тры кубаметры кладкі, фактычна атрымліваецца толькі паўтара. Трэба выконваць абавязацельствы па бягучых аб’ектах і толькі тады патрабаваць і замахвацца на новыя.

Цяжкім грузам вісяць на прадпрыемстве даўгі – ні ў якім разе нельга дапускаць новых. Неабходна эканоміць, максімальна знізіць страты на перавозках, узняць на новы ўзровень арганізацыю работ. Асобная адказнасць – на спецыялістах, штат якіх з вялікай доляй верагоднасці ў бліжэйшы час значна скараціцца, бо зусім нікуды нягодная сітуацыя, калі прараб нават пры ўсёй занятасці на вытворчасці не можа ў адведзены тэрмін аформіць нарады для налічэння зарплаты. Непрымальным з’яўляецца і тое, калі чалавек не ўяўляе, за што і колькі ён атрымае: і маляр, і муляр, і вадзіцель павінны ведаць аб’ёмы, якія ім трэба зрабіць, каб стабільна атрымліваць не толькі “мінімалку”, а хаця б умоўна 3 мільёны рублёў, а майстар і прараб – што іх зарплата, як і ўсёй адміністрацыі, залежыць ад работнікаў, непасрэдна працуючых на аб’ектах.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *