За здоровьем — в санаторий. Как ушачанам получить путёвку в белорусские здравницы

Здравоохранение

Кожны з нас па­рознаму плануе свой адпачынак, адны, напрыклад, імкнуцца на мора, іншым добра, як кажуць, у сваіх сценах і яны шукаюць магчымасці не толькі адпачыць, але і аздаравіцца ў санаторыях нашай краіны. Аб тым, дзе гэта можна зрабіць, як атрымаць пуцёўку і хто мае прывілеі пры яе набыцці, наша размова з галоўным спецыялістам па аздараўленні і санаторна­курортным лячэнні Р.М.ЖУРКО.

– Раіса Мікалаеўна, на які перыяд зараз можна атрымаць пуцёўку ў санаторый і што для гэтага трэба зрабіць?

– У цяперашні час прымаюцца заяўкі на атрыманне пуцёўкі ўжо на наступны квартал – ліпень­верасень. Таму адразу адзначу, што тым, хто плануе паехаць у санаторый, пра пуцёўку трэба клапаціцца загадзя, не адкладваючы на самы апошні момант. Каб трапіць у здраўніцу, у першую чаргу неабходна звярнуцца ў паліклініку да свайго лечачага ўрача за даведкай, што вы маеце патрэбу ў санаторна­курортным лячэнні. Затым у камісію па аздараўленні ў сваёй арганізацыі ці непасрэдна да нас.

– Які працэнт ад кошту пуцёўкі аплачвае сам работнік?

– Работнік аплачвае пуцёўку ў залежнасці ад свайго сярэдняга даходу, гэта атрымліваецца прыкладна 20­-30 працэнтаў ад кошту пуцёўкі.

– Напэўна, сярод жадаючых адпачыць і паправіць сваё здароўе ў санаторыях ёсць і пенсіянеры?

– Так, ёсць. Скажу больш – у гэтай катэгорыі існуе вялікая чарга, на сённяшні дзень у ёй больш 170 чалавек. Без чаргі пуцёўкі атрымліваюць ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і інваліды, яны аздараўліваюцца бясплатна. Прычым, удзельнікі маюць права карыстацца гэтым кожны год, а інваліды першай і другой груп – раз у два гады.

Акрамя даведкі з бальніцы неабходна прадаставіць і пенсійнае пасведчанне. Пенсіянеры аплачваюць пуцёўку ў залежнасці ад памеру сваёй пенсіі, у асноўным у зімовы перыяд (лістапад­красавік) гэта 15 працэнтаў ад кошту пуцёўкі, у летні (май­кастрычнік) – 20 працэнтаў. Поўны жа кошт пуцёўкі ў здраўніцу вагаецца прыкладна ад 4 да 6 мільёнаў рублёў.

– Назавіце санаторыі, якія звычайна прымаюць ушачан.

– На адпачынак і лячэнне па пуцёўках запрашаюць шматпрофільныя санаторыі “Алеся”, “Белая Вежа”, “Світанак” (Брэсцкая вобласць), “Нарачанскі бераг”, “Сасновы бор” (Мінская вобласць), Лепельскі ваенны санаторый, “Беразіна” (Барысаў) і некаторыя іншыя.

– А што наконт дзіцячых пуцёвак у санаторыі?

– Дзеці адпраўляюцца на аздараўленне бясплатна пры ўмове, што бацькі з’яўляюцца працуючымі. Дзіцячых пуцёвак на кожны квартал выдзяляецца значна больш, чым дарослых – 20, і на іх цяпер не існуе чаргі. Таму, калі вы жадаеце, каб ваша дзіця аздаравілася – доўга чакаць не давядзецца. Дзеці пераважна адпачываюць і праходзяць курс лячэння ў шырокапрофільным санаторыі “Расінка” Міёрскага раёна. Большая частка пуцёвак для школьнікаў прыходзіць менавіта з гэтага санаторыя. Выдзяляюцца пуцёўкі і ў санаторый “Беларусь” у Друскінінкаі ў Літве, дзе ў асноўным лечаць захворванні апорна­рухальнага апарата і органаў стрававання. У названы санаторый пуцёўка выдзяляецца бясплатна, але бацькам неабходна аплаціць дарогу. Ёсць магчымасць трапіць у афтальмалагічны санаторый “Богатырь” у Маладзечанскім раёне, які спецыялізуецца выключна на лячэнні органаў зроку, а таксама ў санаторый “Вясёлка” ў Бабруйску для дзетак 3­6 гадоў. У дзіцячых санаторыях маюцца агульнаадукацыйныя класы, так што бацькі могуць не хвалявацца, што дзеці адстануць ад школьнай праграмы. Непаўналетнія могуць праходзіць лячэнне ў санаторыях кожны год.

– Бывае, што маленькае дзіця мае патрэбу ў аздараўленні, аднак аднаго ў санаторый бацькі не адважваюцца адправіць. Ці маюцца пуцёўкі, калі адзін з бацькоў можа паехаць разам з дашкольнікам у здраўніцу?

– На базе такіх санаторыяў, як “Парэчча”, “Алеся”, “Расінка” ёсць спецыяльныя аддзяленні маці і дзіцяці. Такіх пуцёвак выдзяляецца нямнога на квартал і яны карыстаюцца попытам. У такім выпадку абое павінны мець патрэбу ў санаторным лячэнні, дзіця аздараўліваецца бясплатна, а маці аплачвае 15 працэнтаў ад кошту пуцёўкі незалежна ад памеру зарплаты.

З пытаннямі наконт санаторнага лячэння і аздараўлення ў беларускіх здраўніцах вы можаце звярнуцца па тэлефоне 2­06­42.

– Дзякуй за размову і карысную інфармацыю.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.

За 2014 год 20 працуючых ушачан атрымалі пуцёўкі ў санаторыі, паправілі сваё здароўе ў беларускіх здраўніцах 19 ветэранаў працы, 1 удзельнік вайны і 1 інвалід вайны, 4 пуцёўкі было выдадзена дзецям­інвалідам у суправаджэнні родных, аздаравіліся таксама 54 дзіця, 14 пуцёвак выдадзена для аздараўлення дзетак з бацькамі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *