Короновирус: есть ли основания для паники?

Актуально Здравоохранение

Эпідэмія каранавірусу ў свеце працягваецца. На сённяшні дзень у Беларусі пацверджаны тры выпадкі заражэння: два – у сталіцы, адзін – у Віцебску. Аб тым, ці ёсць падставы для панікі, мы высвятлялі ў спецыялістаў Ушацкай ЦРБ.

У раёне няма!

Слухі пра тое, што ва Ушачах таксама ёсць хворыя на каранавірус Covid-19, медыкі развенчваюць. У інфекцыйнае аддзяленне, сапраўды, звярнуўся адзін чалавек, які падчас падарожжа меў кантакт з хворым. Аднак вынік праведзенага тэста аказаўся адмоўным. Знаходжанне чалавека на працягу 14 дзён у “інфекцыі” – звычайная ва ўмовах эпідэміі мера.

Па словах намесніка галоўнага ўрача Н.Дрозд, тэст на каранавірус непасрэдна ва Ушачах не робяць, але ёсць магчымасць у любы час сутак узяць біялагічны матэрыял і адправіць яго транспартам бальніцы на праверку ў Мінск. Вынік будзе гатовы на працягу 24 гадзін. Але такія тэсты будуць рабіць не ўсім жадаючым – на гэта патрэбны сур’ёзныя падставы: кантакт з чалавекам, у якога пацверджаны дыягназ “каранавірус”, нядаўняе вяртанне з краіны, дзе гэты вірус атрымаў шырокае распаўсюджанне (Кітай, Італія, Іран, Паўднёвая Карэя і іншыя).

Адрозненне ад грыпу

Як патлумачыла ўрач-інфекцыяніст Ушацкай ЦРБ В.Ярмош, каранавірус у многім падобны на грып: у чалавека ўзнікаюць агульнае недамаганне, боль у горле, можа павысіцца тэмпература цела. Два асаблівыя сімптомы – сухі кашаль і задышка.

Калі вы нядаўна вярнуліся з замежнай краіны, дзе выяўлены каранавірус, ці знаходзіліся ў аэрапорце, дзе маглі быць хворыя, на 14 дзён мінімізуйце кантакт з акружаючымі, не наведвайце месцы масавага знаходжання і пільна сачыце за самаадчуваннем. Калі з’явяцца прыгаданыя прыкметы, неадкладна звярніцеся ва ўстанову аховы здароўя – прычым, зрабіць гэта трэба па тэлефоне! Ва Ушачах можна выклікаць “хуткую дапамогу” на нумары 103, а пракансультавацца па пытаннях каранавіруснай інфекцыі – у рэгістратуры райбальніцы (5-21-57) ці ў іншай медустанове (у Віцебску – 8 (0212) 67-36-44, Полацку – (8-0214) 74-39-44, Наваполацку – ­(8-0214) 57-36-44).

Калі ж у вас лёгкія рэспіраторныя сімптомы, і вы не ез­дзілі ў краіны, дзе рэгістравалася інфекцыя (на сённяшні дзень іх 50), не кантактавалі з такімі людзьмі, захоўвайце элементарную рэспіраторную гігіену і гігіену рук, па магчымасці да выздараўлення застаньцеся дома. Пры неабходнасці па нумары 5-21-57 можна выклікаць участковага тэрапеўта на дом.

Ці выратуе маска?

Калі вы сутыкаецеся з хворымі, то адказ станоўчы. Але на вуліцах маскай карыстацца неабавязкова. Проста часцей мыйце рукі, не трыце вочы, старайцеся не датыкацца да твару пасля наведання грамадскіх месцаў.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *