В Ушачах чествовали лучших работников района и предприятия, занесённые на районную Доску почёта

Ими гордятся

“1 Мая – свята тых, хто ўмее самааддана працаваць і пры гэтым паважае працу іншых”, – такімі словамі старшыня райвыканкама В.В.Родзіч пачаў сваю прывітальную прамову да герояў і гасцей цырымоніі ўшанавання лепшых працаўнікоў раёна. Імпрэза ў гонар людзей, прозвішчы якіх па выніках мінулага года занесены на раённую Дошку гонару, а таксама працоўных калектываў, дасягнуўшых летась найлепшых вытворчых паказчыкаў, традыцыйна прымяркоўваецца на Ушаччыне да Свята працы.

Трэба сказаць, што для многіх з тых, хто ўзнімаўся ў гэты вечар на сцэну за дыпломамі і кветкамі, нават святочныя дні часта з’яўляюцца працоўнымі. У ліку такіх, напрыклад, дырэктар КУСГП “Вялікадолецкае” Іван Піліпавіч Дарошчанка і трактарыст­машыніст ААТ “Ільюшынскі” Анатоль Дзмітрыевіч Спірыдзёнак. “За апошні час толькі два разы ў светлы перыяд сутак адлучаўся з поля – сёння і некалькі дзён таму, калі прымусілі ехаць да фатографа”, – усміхаецца механізатар. А вось Леанід Мікалаевіч Клачок захоўвае сур’ёзнасць і, як прызнаецца, адчувае сябе падчас падобных дзействаў крыху няёмка – начальніку аддзялення крымінальнага вышуку прасцей распутваць злачынствы, чым расказваць пра свае дасягненні і тым больш слухаць дыфірамбы ў свой адрас. Ну а вадзіцель­прадавец райспажыўтаварыства Аляксандр Васільевіч Лёля – сапраўдная знаходка для журналіста: настолькі красамоўна і падрабязна ён гатовы распавядаць аб сваёй любімай працы, расказваць літаральна пра кожнага вясковага пакупніка. Зрэшты, тое, што менавіта яго працоўны калектыў вылучыў кандыдатам на занясенне на раённую Дошку гонару, мужчына ўспрыняў са здзіў­леннем: “У нас вельмі многа дастойных работнікаў, у тым ліку і сярод маіх калег. Але ж я, канечне, вельмі рады, што маю працу так высока ацанілі”.

Быў сярод лаўрэатаў і чалавек, які сустрэў свята на працоўным месцы – гэта нязменная вядучая падобных цырымоній Дзіна Пенкальская. “Калі падчас зацвярджэння кандыдатур прагучала імя Дзіны Паўлаўны, я не адразу даў згоду – маўляў, хто ж тады дастойна правядзе цырымонію ўзнагароджання? Знойдзем замену – запэўнілі мяне. Але ж, бачу, падманулі!” – пажартаваў, павіншаваўшы балетмайстра раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, старшыня райвыканкама. У адказ Дзіна Паўлаўна заўважыла, што проста не прывыкла сядзець у зале і ўвогуле хоча быць “у гушчыні падзей”. Як, дарэчы, заўсёды гэта робяць іншыя лаўрэаты працоўнага года – старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”, чалавек года Віцебшчыны Таццяна Міхайлаўна Малак, галоўны рэдактар раённай газеты “Патрыёт” Вольга Васільеўна Караленка, старэйшына аграгарадка Вялікія Дольцы Ніна Міхайлаўна Піскун. Шмат карысці раёну і яго жыхарам штодня прыносяць сваёй працай Наталля Рыгораўна Дубоўская, Мікалай Іванавіч Бухалка, Сяргей Аляксандравіч Алабін, з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі сваёй сферы Людміла Іванаўна Данькова, Валянціна Канстанцінаўна Мугака, Таццяна Мікалаеўна Падворная, Вера Мікалаеўна Скок, Вольга Пятроўна Шэўчанка, Віктар Віктаравіч Юркевіч. У Год моладзі знамянальна прысутнасць сярод лаўрэатаў прадстаўніка маладога пакалення Дзмітрыя Федуковіча, якому, дарэчы, на цырымоніі ўшанавання давялося парадавацца двойчы, бо яго родны калектыў – раённы вузел электрасувязі – таксама занесены на раённую Дошку гонару. Прыемна, што зрабіў адчувальны крок да вяртання былых слаўных працоўных традыцый флагман ушацкай прамысловасці агароднінасушыльны завод. На вышыні па галоўных вытворчых паказчыках былі летась ААТ “Дземенец” і Ушацкі раён электрасетак. Узорна выконвалі свае функцыі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Вялікадолецкі сельскі Дом культуры, Жарскі сельвыканкам. Усе названыя прадпрыемствы і ўстановы па праве названы лепшымі па выніках дзейнасці ў 2014 годзе. Безумоўна, такая форма грамадскага прызнання з’яўляецца не толькі ўдзячнасцю за добрую працу, але і моцным стымулам для далейшых здзяйсненняў, а ў тым, што яны будуць, можна не сумнявацца, бо працаваць на Ушаччыне спрадвеку ўмелі і любілі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *