Когда за дело берётся мастер. Имя электромеханика линейно-технического участка Ушачского РУЭС Ивана Сисковича занесено на районную Доску почёта

Ими гордятся

Цяжка ўявіць сучаснае жыццё без сродкаў электрасувязі: інтэрнэта, тэлебачання, радыё. За якасцю іх трансляцыі стаіць работа вялікага калектыву РУП “Белтэлекам”. Адным з тых, хто карпатліва займаецца гэтым на тэрыторыі нашага раёна, з’яўляецца электрамеханік лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад лінейна-тэхнічнага ўчастка Ушацкага РВЭС І.І.Сісковіч.

Уся працоўная дзейнасць Івана Іванавіча, а гэта 19 гадоў, звязана з названай службай, куды ён прыйшоў пасля заканчэння Ушацкай школы і Віцебскага прыборабудаўнічага вучылішча. Некаторы час быў электраманцёрам, кабельшчыкам-спайшчыкам, а прыгаданую вышэй пасаду займае з 2014-га.

– Актыўна працуем зараз над пераключэннем медных правадных ліній сувязі на оптыка-валаконныя, – расказвае І.І.Сісковіч. – Гэта дазваляе нашым абанентам карыстацца больш якаснымі паслугамі. У нябыт адышло правадное радыё. Але ж з’явілася шмат новых тэхналогій атрымання інфармацыі. Кожны раз даводзіцца знаёміцца з навінкамі сучаснага абсталявання, а гэта вельмі цікава.

Цяга да радыёэлектронікі ва ўраджэнца вёскі Салонец з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. З захапленнем назіраў, як над рознымі прыборамі “чараваў” яго бацька Іван Паўлавіч, што працаваў наладчыкам швейных машын. Паступова і сам пачаў штосьці рамантаваць, канструяваць.

Тое, што набытая прафесія цалкам супадае з хобі, Іван Іванавіч лічыць галоўнай удачай лёсу. З раніцы і да позняга вечара выязджае ён на выклікі ўшачан для ліквідацыі непаладак, звязаных з тэлефоннай сувяззю, інтэрнэтам, трансляцыяй інтэрактыўнага і эфірнага тэлебачання ZALA, іх устаноўкай. За дзень наведвае каля 10 аб’ектаў – і з кожнага вяртаецца з выкананай на ўсе сто працэнтаў задачай.

– У аснове паспяховай работы – найперш дысцыпліна і працавітасць, –  адзначае І.І.Сісковіч. – Калі знаходзішся на выкліку, трэба ўсё некалькі разоў пераправерыць, каб абанент застаўся задаволены. Інакш нельга! Такі мой жыццёвы прынцып.

Клапоціцца І.І.Сісковіч і аб прафесійным самаўдасканаленні. Так, чатыры гады таму паступіў на завочнае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, а ў 2016-м прайшоў ва ўзгаданай установе курсы павышэння кваліфікацыі па праграме мантажу і эксплуатацыі PON-сетак.

“Вядзьмарыць” над электронікай Іван Іванавіч любіць і ў вольны час. Таму праблем са спраўнасцю прыбораў у яго доме не ўзнікае. Зрэшты, не без цікаўнасці назірае за гэтым “паяльна-скручвальным” працэсам яго сын-першакласнік – па ўсім відаць, добрая змена тату і дзядулі вырасце.

Сябруе І.І.Сісковіч таксама са спортам. Неаднаразова адстойваў гонар Ушацкага РВЭС на раённых спаборніцтвах па стральбе, займаў прызавыя месцы.

За час работы на прадпрыемстве І.І.Сісковіч зарэкамендаваў сябе як дасведчаны, кваліфікаваны спецыяліст. Па словах адміністрацыі, ва ўсіх справах ён праяўляе ініцыятыўнасць, творчае мысленне, наватарства. За высокія дасягненні ў працоўнай дзейнасці ў 2012-м мужчына аказаўся ў ліку лепшых сувязістаў Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”. Нагода павіншаваць Івана Іванавіча ў яго блізкіх, калег з’явілася і сёлета: па выніках работы за 2016-ы яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *