У наших спортсменов достойные результаты! Профессиональный праздник отметили работники физической культуры и спорта

Cпорт

Дзяржаўная палітыка Беларусі ставіць адным з прыярытэтаў прыцягненне як мага большай колькасці насельніцтва да актыўнага ладу жыцця, павышэнне канкурэнтаздольнасці айчынных спартсменаў на міжнародным узроўні. А для гэтага патрэбны і спартыўныя збудаванні, і энтузіязм людзей, якія адзначаюць сёння сваё прафесійнае свята. Што адметнага адбылося за апошні год у спартыўным жыцці раёна, чым жывуць сёння работнікі названай сферы – расказвае метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Мікалаеўна ФЯДОСЕНКА.

Знакавымі момантамі апошняга часу стала з’яўленне ў цэнтры Ушач сучаснай міні-футбольнай пляцоўкі са штучным пакрыццём, лядовага катка, заканчэнне рэканструкцыі стралковага ціру, актыўна ішлі будаўнічыя работы на комплексе “Юнацтва”, праведзены частковы рамонт у спартыўнай зале лясгаса.

Адметным прайшоўшы час быў і ў плане спартыўных дасягненняў. Як заўсёды дастойна спрацавала “кузня” маладых спартыўных кадраў Ушацкая ДЮСШ, якая, дарэчы, па выніках работы за 2014 год заняла пятае месца ў вобласці. Навучэнцы ДЮСШ С.Чарапанава, Н.Рубанік, В.Жогаль, М.Ярмош перададзены ў больш высокае звяно падрыхтоўкі – вучылішча алімпійскага рэзерву, што з’явілася плёнам работы іх трэнераў В.М.Джураевай, Д.В.Гардзіёнка, П.Ю.Варатынскага, Т.Л.Клопавай. Былыя выхаванкі В.В.Кілінай А.Архіпава, В.Кротава, М.Антопуш, К.Голубева ўключаны на 2015 год у нацыянальныя зборныя Рэспублікі Беларусь. Кандыдатамі ў майстры спорту па армрэстлінгу сталі выхаванцы І.У.Клімашэўскага М.Лёля, М.Галай і У.Пузатка.

Добрымі спартыўнымі вынікамі парадавалі ўшацкія школьнікі. Гэта ў першую чаргу вучні Вялікадолецкай школы (настаўнік У.М.Лапіцкі), якія прадстаўлялі раён на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах і занялі прызавыя месцы. Названая ўстанова адукацыі лідзіруе і ў раённых спаборніцтвах 27-й спартакіяды школьнікаў. Добрую работу з вучнямі праводзяць настаўнікі Глыбачанскай (У.М.Магілін), Ільюшынскай (В.І.Акулёнак), Плінскай (В.В.Карабань) школ. Іх выхаванцы таксама прадстаўлялі раён на абласной спартакіядзе і адзначыліся прызавымі месцамі. Сярод адметных дасягненняў вучняў можна назваць удалыя выступленні на абласным этапе спаборніцтваў “Снежны снайпер”: перамогу ў асабістым заліку вялікадальчаніна Арцёма Полазава, першыя месцы ў стральбе Ксеніі Падворнай, Вікторыі Евянковай і Мікіты Фядосенкі, які паказаў абсалютна лепшы вынік спаборніцтваў, выбіўшы 99 ачкоў са 100 магчымых (Ушацкая СШ, настаўнік С.І.Ціханёнак).

Актыўна вялася ў раёне і спартыўна-масавая работа. За мінулы год і пачатак бягучага на Ушаччыне прайшло 92 фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел больш чатырох тысяч чалавек. Самымі масавымі сталі раённая спартакіяда працоўных калектываў, спаборніцтвы да міжнароднага Дня снегу і “Беларуская лыжня-2015”, раённы турыстычны злёт. Ушацкія валейбалісткі ўвайшлі ў чацвёрку лепшых на фінальных абласных спаборніцтвах “Залаты каласок”, на рахунку нашых землякоў шэраг прызавых поспехаў на занальных абласных спаборніцтвах па футболе, валейболе, лыжных гонках.

Нельга не адзначыць дзейнасць спартсменаў-энтузіястаў, якія ёсць практычна ва ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях раёна. Сярод самых актыўных – Ніна Шарыпа (Ушацкае ПМС), Ірына Голік (ЦРБ), Анатоль Коцур (ДРБУ-105), Павел Пашкоў (УП ЖКГ), Таццяна Хрыпель (райспажыўтаварыства), Андрэй Тарасевіч (ААТ “Ільюшынскі”), Галіна Ігнатовіч, прыкладам адданасці любімаму віду спорту – шахматам – з’яўляецца Аляксандр Крацёнак.

Усіх людзей, якія прысвячаюць жыццё фізічнай культуры і спорту, хачу павіншаваць з прафесійным святам і пажадаць найлепшых вынікаў ва ўсіх справах!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *