Два дня в Ушачах находилась христианская Святыня — Крест Ефросиньи Полоцкой

Общество

Два дні свята! І практычна суткі ў гарпасёлку знаходзілася вялікая святыня – Крыж Еўфрасінні Полацкай, атрымаць боскую ласку змаглі больш паўтысячы ўшачан. Хрэсным ходам крыж быў дастаўлены ў храм святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры і таксама хрэсным ходам прайшліся вернікі, праводзячы святыню ў зваротны шлях. Наш райцэнтр быў апошнім, адзінаццатым адміністрацыйным цэнтрам, які замыкаў агульнаепархіяльны хрэсны ход з крыжам прападобнай Еўфрасінні. Прайшоў ён з 8 па 18 чэрвеня ўпершыню з блаславення мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і прысвячаўся тысячагоддзю прадстаўлення святога раўнаапостальнага князя Уладзіміра.

Полацк, Наваполацк, Расоны, Верхнядзвінск, Міёры, Шаркоўшчына, Глыбокае, Браслаў, Паставы, Докшыцы, Бягомль, Ушачы, Полацк. Такі шлях зрабіў крыж Еўфрасінні  і блаславіў як населеныя пункты, так і  мноства вернікаў Полацкай епархіі. Тры тысячы вернікаў прыклаліся да святыні ў  Глыбокім, 1200 у Докшыцах, 550 ва Ушачах, прычым вельмі многія – не па адным разе. Дзверы храма былі адчынены да позняга вечара, а з раніцы пачаўся чарговы малебен.

– Для вашага населенага пункта гэта вялікая лічба, – кажа манашка Еўфрасінеўскага манастыра Кацярына, якая кожнаму, хто прыкладаўся да крыжа, давала невялікую іконку. – Аднак справа зусім не ў колькасці. Гасподзь прыходзіць і для аднаго чалавека. Я бачыла слёзы на вачах ушачаніна падчас падыходу да крыжа. Гэта і ёсць боская ласка, яна дакранулася да гэтага верніка. А наогул у вас вельмі добрыя бацюшка, матушка, памочнік Арцём. Складана, калі вядзецца будоўля. Аднак калі чалавек многа моліцца і працуе, у яго ўсё ў парадку і ў душы, і ў доме. Захоўвай вас гасподзь. Жывіце з верай.

Суправаджалі крыж не толькі манашкі, але і бацюшкі, а таксама ахова. Крыж жа – вялікая каштоўнасць, якая, прабачце за тафталогію, не мае кошту. Адноўлена святыня замест знікшага крыжа была ў 1997 годзе брэсцкім ювелірам, членам саюза мастакоў Беларусі Мікалаем Кузьмічом. Мастаку ўдалося аднавіць тэхніку перагародачнай эмалі, у крыжы як і раней закладзены кавалачкі крыжа гасподня з кроплямі крыві, каменю ад гроба Божай Маці, рэшткі мошчаў Стэфана і Панцеляймона, кроў святога Дзімітрыя. Адноўлены крыж – поўная копія ўнікальнага помніка старабеларускага ювелірнага мастацтва ХІІ стагоддзя. Крыж быў заказаны Прападобнай Еўфрасінняй полацкаму майстру Лазару Богшы  і ў 1161 годзе прынесены ў дар храму Святога Спаса. Прападобная пакінула запавет, каб крыж ва ўсе часы заставаўся ў Полацку. Так было на працягу стагоддзя. Пазней крыж вывозілі ў Смаленск, Маскву, Санкт­Пецярбург, аднак ён заўсёды вяртаўся ў Полацк. У 1941 годзе крыж знік з Магілёва, куды меркавалася перанесці сталіцу Беларусі, і да гэтага часу не знойдзены.

Вось такі няпросты шлях вяртання святыні, аднавіць якую было вырашана ў 1992 годзе да тысячагоддзя Полацкай епархіі і Праваслаўнай царквы ў Беларусі. Намнога меншы шлях зрабілі за святыняй хрэсным ходам ушацкія прыхаджане, пасыпаючы дарогу пялёсткамі кветак. Сустракалі напрастольны крыж Еўфрасінні ў паклоннага крыжа пры ўездзе ў гарпасёлак. Дарэчы, па вуліцы ўшачане ішлі хрэсным ходам за яшчэ адной, драўлянай копіяй крыжа, паколькі Еўфрасінеўскі крыж аберагаюць ад уздзеяння сонечных промняў і асадкаў, таму выносяць толькі ў пахмурнае надвор’е. Святыню ўстанавілі ў храме, дзе і адбываліся малебны, службы, ішлі і ішлі прыхаджане. З дзецьмі, цэлымі сем’ямі, з Богам у душы. Падчас хрэсных хадоў з вернікамі быў і старшыня райвыканкама В.В.Родзіч, якому благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў падзякаваў за падтрымку ў правядзенні мерапрыемства і падараваў ікону. 18 чэрвеня, такім жа хрэсным ходам праводзілі святыню. Пасля малебна на плошчы свяшчэннікі літаральна на хвіліну дасталі крыж з мікрааўтобуса, каб асвяціць Ушачы – перахрысцілі крыжам гарпасёлак у чатырох напрамках.

Дарэчы, гэта не апошняя магчы­масць для ўшачан прыкласціся да святыні. У Еўфрасінеўскім манастыры крыж выносіцца падчас ранішніх нядзельных служб.

Цікава, што першую копію з крыжа зрабілі яшчэ ў 1495 годзе, каб не апускаць крыж у ваду падчас вадохрышчаў. Было гэта ў Смаленску, дзе крыж захоўваўся тры стагоддзі, пакуль Васіль ІІІ не перавёз святыню ў Маскву. Цар ацаніў трапіўшую да яго рэліквію, і крыж выносілі толькі падчас вялікіх урачыстасцяў.

Яго сын Іван Грозны прызнаваў сілу крыжа і ішоў на Полацк, маючы пры сабе крыж Еўфрасінні. У 1563 годзе ён стаяў ля сцен Полацка. Па данясеннях папскага нунцыя ў Рым, палачане “публічна маліліся аб дараванні перамогі маскавітам і па­роднаму віталі адзінаверцаў”. Полацк хоць і быў добра ўмацаваны, аднак пратрымаўся толькі 16 дзён. Іван Грозны стрымаў слова – вярнуў святыню Полацку. Крыж быў перанесены ў Сафійскі сабор. Калі пасля Брэсцкай уніі храм перайшоў уніятам, яны таксама шанавалі святыню. А пры пагрозе захопу крыжа французамі ў 1812 у сцены сабора яго замуравалі базіліяне.

Як бачна, неаднойчы парушаўся запавет Еўфрасінні не выносіць крыж са Спаскага храма.

Крыж – адзін з галоўных сімвалаў хрысціянства – яму пакланяліся, на ім кляліся, яго бралі з сабой у паходы.

Па меркаванні экспертаў, крыж Еўфрасінні Полацкай уваходзіць у дзясятку самых каштоўных рэчаў, нараўне ў бурштынавым пакоем, што так прывабліваюць калекцыянераў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *