Республиканская селекторная

Общество

 

 Рэспубліканская селектарная нарада, якая прайшла ў мінулую пятніцу, прысвячалася не толькі пасяўной кампаніі, а мела больш маштабныя мэты. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Б.С.Шапіра называў задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам. І датычыліся яны не толькі аграрыяў.

Зямля павінна працаваць. А таму ў краіне будуць максімальна пашыраны пасяўныя плошчы, у 2,7 раза сёлета павялічыцца рэканструкцыя сельскагаспадарчых угоддзяў і ў паўтара – меліяраванне зямель. Неабходна пашыраць участкі, не кідаючы неўзаранымі ўскрайкі ля лясоў, па якіх потым разрастаюцца кусты. Што датычыцца апошніх, то ў краіне будуць створаны механізаваныя брыгады, якія будуць ліквідаваць кустоўе, паралельна рыхтуючы з іх шчапу для кацельняў.

Навядзенне парадку на зямлі, гэта, канечне, і добраўпарадкаванне населеных пунктаў, прычым, і самімі грамадзянамі. Асаблівую ўвагу сельвыканкамам варта звярнуць на былыя цэнтральныя сядзі- бы гаспадарак. Стан гэтых вёсак павінен набліжацца да аграгарадкоў. Зараз праводзіцца месячнік па навядзенні парадку на мехдварах і тэрыторыях. Да першага чэрвеня павінны быць агароджаны ўсе фермы, тэрмінова трэба ўбраць салому з палёў. І асобная тэма – культура земляробства. Якасці сяўбы, захаванню тэхналогіі сёлета надаецца асаблівая ўвага. Таму прагучалі карысныя парады спецыялістаў, у прыватнасці, наконт таго, як атрымаць добры ўраджай на ўчастках, якія слабымі выйшлі з зімы.

За дзесяць дзён трэба пасеяць лён, што датычыцца бульбы, то ў вобласці нават выдзелены грошы на набыццё насення за яе межамі.

Асобна была вылучана кадравая праблема ў сельскай гаспадарцы, названы раёны, у якіх застаецца меней 10 працэнтаў маладых спецыялістаў. Нягледзячы на тое, што ўдвая павялічылася колькасць мэтавых месцаў у навучальных установах, якасна гэта не выправіла сітуацыю. І справа ў тым, што ў аграрныя ВНУ ішлі людзі, якія і не збіраліся працаваць у сельскай гаспадарцы. Зараз падбіраць кандыдатуры для вучобы па мэтавым накіраванні будуць кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў пасля абавязковага субяседвання з патэнцыяльнымі абітурыентамі. Прадугледжаны меры матэрыяльнага заахвочвання як студэнтаў, так і маладых спецыялістаў. Ну а пераразмеркаванне стане магчымым толькі з дазволу старшыні аблвыканкама.

Міністр назваў такой жа важнай задачай сельгаспрадпрыемстваў падтрымку вяскоўцаў, якія трымаюць асабістую падсобную гаспадарку. За грошы, ці бязвыплатна для сваіх работнікаў – выбар гаспадаркі, але дапамога па ўзворванні агародаў і ўборцы ўчасткаў павінна быць аказана. Пасля рэспубліканскай прайшлі абласная і раённая нарады.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *