Качественный корм — хорошие прибавки. Специалисты ветстанции постоянно проверяют качество кормов, заложенных хозяйствами района

Сельское хозяйство

Вядома, што трывалая кармавая база – мэта і неабходнасць сельскагаспадарчых арганізацый. Колькасць і якасць – паказчыкі, якія ўплываюць на эфектыўнасць жывёлагадоўлі, ад гэтага напрамую залежыць не толькі паспяховая зімоўка жывёлы, а і прыбаўкі мяса-малочнай прадукцыі. І калі з колькасцю справы абстаяць лепш – некаторыя сельгаспрадпрыемствы часам нават маюць магчымасць прадаваць лішкі сваіх кармоў, то ў плане якасці яшчэ існуюць слабыя месцы.

Спецыялісты райветстанцыі кантралююць якасць кармоў і ў працэсе закладкі, і пры закрыцці. Пасля лабараторных аналізаў можна прааналізаваць яго на ўтрыманне караціну і вільготнасць. Так, вільготнасць практычна ўсіх сянажных траншэй ў гаспадарках была ў межах аптымальных 45-55 працэнтаў, што адпавядае 1-3 класу, за выключэннем “Агра-Селішча”, “Глыбачан” і “Райаграсэрвіса”, дзе па адной траншэі не адпавядалі гэтым нормам.

У іншых выпадках праблем з вільготнасцю не ўзнікала, бо практычна ўвесь час корманарыхтоўкі стаяла сухое надвор’е і трава паспявала як след правяліцца. Толькі ў пачатку касавіцы з-за павышанай вільготнасці зялёнкі ў “Глыбачанах” і “Райаграсэрвісе” заклалі па дзве сіласныя траншэі. У “Глыбачанах” як па караціне, так і па вільготнасці закладзены сілас атрымаўся вышэйшага класу, у “Райаграсэрвісе” – вышэйшым па вільготнасці і першым класам па караціне.

Высокім утрыманнем караціну ў закладзеных кармах могуць пахваліцца “Вялікадолецкае” і “Ільюшынскі”, дзе 8 з 10 сянажных траншэй першакласныя. Да першага класу па гэтым паказчыку адносіцца корм з утрыманнем караціну ў адным кілаграме 60 мг і вышэй. У названых гаспадарках было больш 78 мг/кг у Міхалкаўшчыне і Царкавішчы, больш 75 – на ільюшынскім комплексе, у той час як у іншых гаспадарках гэты паказчык заставаўся ў межах 60.

У якасці альтэрнатывы традыцыйнай закладкі сенажу ў траншэі “Райаграсэрвіс”, “Кублічы” і “Арэхаўна” некаторую колькасць кармоў нарыхтавалі па новай тэхналогіі ў палімерную стрэйч-плёнку. Пры выкананні тэхналогіі гэта дазваляе павялічыць пажыўнасць кармоў прыкладна на 20 працэнтаў. Дадзены метад не толькі захоўвае якасць, але і павялічвае выхад кармавых адзінак з гектара. Пры закладцы траў звычайным спосабам іх харчовая каштоўнасць складае 0,28 кармавых адзінак, а ў рулонах пад стрэйч-плёнкай можна атрымаць 0,4-0,5. Акрамя гэтага, плюсы і ў тым, што рулоны могуць захоўвацца і пад адкрытым небам, нарыхтоўку можна праводзіць і ў няўстойлівае надвор’е – сянаж з вільготнасцю да 55 працэнтаў выдатна захоўваецца, не губляючы сваёй якасці. І зусім немалаважна, што такі спосаб не даражэй за драдыцыйны. Праверка якасці такога сенажу ў названых трох гаспадарках паказала, што корм як па ўтрыманні караціну, так і вільготнасці адпавядае першаму класу.

Чаго ж не хапае нашым кармам для вялікіх прыбавак у жывёлагадоўлі? Па словах начальніка райветстанцыі В.Л.Зеленіка, галоўнай праблемай кармоў у папярэднія гады быў недахоп бялку. Для таго, каб гэты важнейшы кампанент утрымліваўся ў кармах, неабходна сеяць пашавыя травяныя сумесі, люцэрну, канюшыну. Калі пасля ацёлу жывёлы ў перыяд раздою адкрыць багатую на бялок траншэю канюшыны, то не патрэбна будзе вялікай колькасці канцэнтраваных кармоў, адпаведна і вялікіх затрат на іх набыццё, якія ледзьве не ўдвая павышаюць кошт літра малака. Ды і бялок, які ёсць у травах, дае намнога большую аддачу чым той, які ўтрымліваецца ў камбікорме.

Немалаважны факт, які таксама можа паўплываць на якасць кармоў – дрэннае ўкрыццё траншэі. У гаспадарках раёна выкарыстоўваюць пры гэтым звычайную плёнку, толькі ў ААТ “Дземенец” прыслухаліся да парад спецыялістаў і набылі спецыяльную палімерную, прызначаную для сянажных і сіласных траншэй. Яна не толькі дапамагае захаваць якасць корму, а і паслужыць не адзін сезон.

На гэтым тыдні яшчэ закладвалі сянажныя траншэі некаторыя гаспадаркі раёна. Як выконвае тэхналогію закладкі “Райаграсэрвіс”, мы праверылі разам са спецыялістам райветстанцыі В.Ф.Міцкевіч на сянажнай траншэі ў Матырыне (на здымку). Тэмпература і вільготнасць аказаліся ў межах нормы.

Сельгаспрадпрыемствамі раёна ўжо нарыхтавана больш за 30000 тон кармоў, што складае 12,6 кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *