По-прежнему востребованы.Чем живут и чем занимаются ушачские мелиораторы?

Сельское хозяйство

У першыя выхадныя лета традыцыйна сваё прафесійнае свята адзначаюць меліяратары.

Цяжка пераацаніць іх уклад у павышэнне ўрадлівасці зямель, а колькі іншых значных аб’ектаў, да якіх прыклалі рукі работнікі цяпер ужо былога ПМС – ад закладкі новых вуліц і фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” да мемарыяла “Прарыў”. Чым сёння жывуць і зай­маюцца ўшацкія меліяратары, мы даведаліся напярэдадні свята.

Як вядома, у канцы мінулага года Ушацкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм на аснове рашэння Віцебскага аблвыканкама было рэарганізавана і ўвайшло ў склад філіяла “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”. Такая мера вымушаная і закранула многія іншыя ПМС у структуры “Віцебскмеліявадгаса” ў першую чаргу з-за змяншэння фінансавання на меліярацыйныя работы. Пры гэтым не ішло гаворкі пра скарачэнне калектыву, і амаль паўсотні працаўнікоў на той момант  перайшлі да новага наймальніка, а ў структуры “Маяка-Ушацкага” з’явіўся будаўніча-меліярацыйны ўчастак.

Без справы ім сядзець не прыйшлося: за прайшоўшыя паўгода меліяратарамі праведзены немалы аб’ём работ на жывёлагадоўчых аб’ектах сельгаспрадпрыемства па навядзенні парадку, абсталяванні агароджы, знішчэнні хмызняку і кустоўя, рамонце вадаправоду і інш. У цяперашні час прадаўжаюцца работы па добраўпарадкаванні на комплексе ў Завячэллі. Таксама будаўнічая брыгада ўчастка аказвае паслугі па ўзвядзенні сянажнай траншэі ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна.

Трэба адзначыць, што ніхто не адмяняў і непасрэдна меліярацыйныя справы, у прыватнасці, тэхнічны догляд за існуючымі сістэмамі: на Ушаччыне іх 51, а гэта больш 13,2 тысячы гектараў асушаных зямель, пад зямлёй пракладзена 7 тысяч кіламетраў дрэнажных труб, а агульная працягласць каналаў складае 655 кіламетраў.

Сёлета на тэхнічнае абслугоўванне меліярацыйных сістэм, што знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна, з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў выдзелена крыху больш за 245 тысяч рублёў, якія меліяратары пачалі асвойваць з красавіка.

– Меліярацыйную сістэму можна параўнаць з арганізмам чалавека: калі нейкі орган дае збой, то хвароба пачынае ўплываць на агульны стан. Так і тут: пад зямлёй цякуць нябачныя воку “крыватокі”, за якімі патрэбны догляд, інакш са строю выйдзе ўся сістэма, – разважае вядучы інжынер прадпрыемства Мікалай Леанідавіч Фядосенка. – Напрыклад, заіленне каналаў адбываецца за 5-6 гадоў, а часам карані хмызнякоў, пустазелля нават на ўнушальнай глыбіні закупорваюць дрэнажныя трубкі, адсюль на палях і з’яўляюцца шматлікія вымачкі, якія ўжо не дазваляюць месцамі вырасціць ураджай. У красавіку-маі займаліся прамыўкай дрэнажу, ачышчэннем калодзежаў і іншымі догляднымі работамі. Так што можна сказаць, што мы па-ранейшаму вяртаем зямлі сілу, а аграрыям – ніву.

Аднак, у цэлым аб’ём фінансавання невялікі, а таму меліяратары засмучаюцца, што не могуць разгарнуць усе неабходныя работы на поў­ную сілу. У цяперашні час адной з надзённых задач з’яўляецца абкос каналаў. На гэтым тыдні якраз збіраліся ўключыцца ў работу і актыўна рыхтавалі касілкі М.П.Цыбульскі, В.У.Маковіч, П.А.Дук, В.С.Аўтух.

Зрэшты, менавіта кадры з’яўляюцца галоўнай каштоўнасцю ўчастка. У часы рэарганізацыі засталіся вернымі меліярацыйнай справе такія вопытныя прафесіяналы, як Аляксандр Васільевіч Чэвідаеў, Сяргей Леанідавіч Гарбаценка, Уладзімір Аляксеевіч Ляонцьеў, Дзмітрый Васільевіч Сарокін, а таксама малады старшы майстар Яўген Алегавіч Бурылаў. “Пра меліярацыю яны ведаюць усё! Для вока абывацеля любое поле здаецца звычайным, яны ж быццам бачаць скрозь зямлю і ўяўляюць, дзе пралягаюць тысячы кіламетраў дрэнажу, чаму з’явілася вымачка і дзе што трэба выправіць. Сапраўдным жа фанатам сваёй справы ўсе мы лічым Мікалая Леанідавіча Фядосенку, нават часам паважліва называючы яго “тэрмінатарам ушацкай меліярацыі” па аналогіі з моцным і мэтанакіраваным галівудскім героем”, – адзначае начальнік участка Васіль Станіслававіч Спірчонак.

“У нас цяпер два прафесійныя святы – аграрыяў і меліяратараў, але канечне, апошняе нам бліжэй!” – у адзін голас кажуць працаўнікі ўчастка і сустракаюць гэты дзень з надзеяй на лепшае. Кіраўніцтва ж прадпрыемства адрасуе свае віншаванні і пажаданні здароўя і дабрабыту сённяшнім і былым меліяратарам, а таксама ўсім ветэранам галіны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *