Шесть молодых людей за последнее время пополнили ряды ушачских пожарных

Cлужба-101 Образование и молодежь

Шэсць маладых людзей за апошні час абралі для сябе прафесію выратавальніка і прыйшлі служыць у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

З красавіка асвойвае справу ў пажарнай аварыйна­выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы старшы пажарны Яўген Ціханаў. Ужо больш за паўгода прымае трывожныя званкі на цэнтральным пульце кіравання дыспетчар Арцём Бірукоў, асвоіўся ў гэтай жа часці вадзіцель Аляксей Харэвіч. Зусім нядаўна маладымі кадрамі папоўніўся і пажарны аварыйна­выратавальны пост №12 аграгарадка Глыбачка – вадзіцелямі прыйшлі працаваць сюды Максім Кляшторны і Андрэй Бараніч. У аддзеле не баяцца давяраць маладым адказныя ўчасткі – камандзірам аддзялення пажарнага аварыйна­выратавальнага паста №11 аграгарадка Вялікія Дольцы назначаны Сяргей Собаль.

Маладыя людзі ўжо вылучыліся сваёй адказнасцю і працавітасцю, нягледзячы на яшчэ зусім невялікі вопыт у надзвычайных сітуацыях дзейнічаюць смела і рашуча, ахвотна вучацца ў сваіх старэйшых калег.

Маладая змена па традыцыі прымае прысягу, толькі для сёлетніх “навабранцаў” яна прайшла не ў такім фармаце, як звычайна. Учора маладыя пажарныя Ушаччыны разам з такімі ж калегамі з усёй вобласці на плошчы Перамогі ў Віцебску ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі прысягу.

Гэты фотаздымак удалося зрабіць якраз напярэдадні ад’езду хлопцаў у абласны цэнтр.

– Хвалюемся, але не больш, чым пры выездзе на пажар! – адзначылі пажарныя.

Што ж, хочацца пажадаць маладой змене лёгкай службы і сухіх рукавоў!

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: С.Собаль, М.Кляшторны, А.Бараніч, Я.Ціханаў, А.Харэвіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *