У школьников новый спортивный сезон. Победителем лёгкоатлетического четырехборья «Олимпийские надежды» стала Глыбочанская школа

Cпорт

З надыходам верасня школьнікі не толькі селі за парты, але і распачалі новы спартыўны сезон. У мінулую суботу на базе Ушацкай СШ прайшло лёгкаатлетычнае чатырохбор’е “Алімпійскія надзеі”, якое праводзіцца ў рамках 27 спартакіяды школьнікаў. Свае здольнасці ў бегу на кароткую і доўгую дыстанцыі, скачках у даўжыню і кіданні мяча дэманстравалі хлопчыкі і дзяўчынкі 2003- 2004 гадоў нараджэння.

Прыемна, што на гэтых стартах добра праявілі сябе вучні сельскіх навучальных устаноў: пераможцам агульнага заліку стала каманда Глыбачанскай СШ, другое месца ў Ільюшынскай, ну а на ганаровым трэцім размясцілася Кубліцкая школа. У асабістым заліку сярод дзяўчынак сваё пераможнае імя цалкам апраўдала Вікторыя Евянкова з Ільюшынскай СШ. Другой стала юная спартсменка Алена Бугаева з Касарской, а замкнула ганаровую тройку прызёраў Вікторыя Пліскевіч з Глыбачанскай школы. Самым спрытным, хуткім і вынослівым сярод хлопчыкаў стаў прадстаўнік Кубліцкай школы Уладзіслаў Анецька, другое месца ў Віталя Кандратовіча з Глыбачанскай, трэцяе – у Мікіты Роўбы з Плінскай СШ.

Па ўсім бачна, што школьнікі з карысцю правялі лета, загартаваліся, сталі фізічна больш дужымі і пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў гатовы штурмаваць спартыўныя вяршыні.

С.ФЯДОСЕНКА, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *